«Гарадзенская бібліятэка» — выдавецкая кніжная серыя, заснаваная ў 2006 годзе. У межах серыі выдадзена некалькі дзясяткаў кніг гістарычнай, краязнаўчай і мастацкай літаратуры, звязанай з Гроднам.
Каардынатар і адзін з заснавальнікаў серыі — Павел Мажэйка. Ідэя серыі належыць Эдварду Дмухоўскаму.
Гісторыя Стварэнне серыі пазіцыянавалася як сродак абароны горада ад «бульдозернай “рэканструкцыі”» «з дапамогай інтэлектуальнага набытку нашых продкаў і сучаснікаў». Тут ідзе адсылка да няўважлівага стаўлення ўладаў да гістарычнай спадчыны горада і падзей 2006 года ў Гродне. Тады ў час рэканструкцыі Савецкай плошчы, дзе размешчаны адзін з найстарэйшых археалагічных пластоў горада (плошча вядомая з XV ст.), чыноўнікі выдалі дазвол на археалагічныя вышукі толькі праз месяц пасля пачатку земляных прац. Самі працы ішлі з парушэннем заканадаўства. Некаторыя знаходкі краязнаўцам і археолагам даводзілася вымаць проста з-пад каўша экскаватара. Пратэстуючы супраць знішчэння падмуркаў палаца Радзівілаў, гродзенская моладзь і актывісты літаральна сталі на шляху будаўнічай тэхнікі, закрыўшы палац целамі.«Гістарычныя і культурныя вартасці, створаныя жыхарамі Гродна розных нацыянальнасцяў, ва ўсе часы мелі вялікае значэнне для гісторыі Беларусі і нашага рэгіёна Еўропы, працягвалі найлепшыя еўрапейскія традыцыі і мелі ўплыў на фармаванне дэмакратычнай свядомасці насельніцтва горада. Аўтарамі “ГАРАДЗЕНСКАЙ БІБЛІЯТЭКІ” з’яўляюцца выбітныя асобы, таленавітыя навукоўцы, руплівыя даследчыкі, адданыя гэтай зямлі людзі», – адзначана ў выданнях серыі.Лагатып серыі ўяўляе сабой стылізаваную выяву аленя святога Губерта, размешчанага таксама на гербе Гродна. Выява аленя змяніла першую версію лагатыпу – фрагмент гродзенскага бруку. На адгорце тытулу кожнай кнігі напісана: «Гарадзенская бібліятэка прысвячаецца той Гародні, якой мы можам ганарыцца. Дзякуем усім, хто з намі».
Напачатку кнігі серыі выдаваліся пад пад патранатам Аляксандра Мілінкевіча, навукоўца, былога кандыдата ў прэзідэнты, лідэра Руху «За Свабоду», лаўрэата прэміі Еўрапейскага парламента імя Сахарава «За свабоду думкі».
Выдавецкая дзейнасць У серыі «Гарадзенская бібліятэка» выйшла больш за 45 кніг: гістарычныя манаграфіі, біяграфіі і мемуары, мастацкая, гістарычная і сучасная проза, даведнікі па Гродне.
У спісе – невядомыя раней творы Васіля Быкава «Гарадзенскі архіў. Невядомыя творы (1957–1972). Незавершанае. Нататнікі» і эсэ Віктара Шалкевіча «Requiem па непатрэбных рэчах», эпісталярная спадчына Ларысы Геніюш, эсэ, апавяданні, дзённікі Аляксея Карпюка, кніга «Гародня Х–ХХ стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам» Алеся Смаленчука, даведнікі «Біяграфія гарадзенскіх вуліц» і «Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада», слоўнік гаворак Гродзеншчыны «Скарбы народнай мовы», мультымедыйны дыск «Гародня. 50 год без Фары Вітаўта», пераклад кнігі Фортэск’ю Андэрсана «Сем месяцаў у рускай Польшчы».
У межах серыі таксама выйшла 7 нумароў навуковага часопіса «Гарадзенскі гадавік» (заснаваны ў 2011 годзе гродзенскімі гісторыкамі і краязнаўцамі), 9 нумароў альманаха лакальнай гісторыі “Горад Святога Губерта”, 10 зборнікаў матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі: “Гарадзенскі палімпсест”, “Гарадзенскі соцыум” і “Grodnae et orbi: гарадскія супольнасці і гарадское асяроддзе ХІV-ХХ стст.”.
Зноскі
Катэгорыя:Кніжныя серыі Катэгорыя:Выданні Беларусі