Планктон ( — тыя, што блукаюць) — разнастайныя, у асноўным дробныя арганізмы, што свабодна дрэйфуюць у тоўшчы вады і не здольны — у адрозненне ад нектона — супраціўляцца плыні.

Такімі арганізмамі могуць быць бактэрыі, дыятомавыя і некаторыя іншыя водарасці (фітапланктон), прасцейшыя, некаторыя кішачнаполасцевыя, малюскі, ракападобныя, яйкі і лічынкі рыб, лічынкі розных беспазваночных жывёл (зоапланктон). Планктон непасрэдна або праз прамежкавыя звёны ланцуга харчавання — гэта ежа для большасці астатніх водных жывёл. Харчаванне планктонам называецца планктафагіяй.

Раней самым буйным дарослым пазваночным, якое адносяць да планктону, лічылі — рыбу-месяц, але мэтанакіраваныя назіранні давялі, што гэта не так, бо рыба-месяц можа праплываць 26 км за дзень, а максімальная хуткасць плавання дасягае 3,28 км/г, незалежна ад плыні.

Паняцце «планктон» прапанаваў нямецкі акіянолаг Віктар Гензэн у канцы 1880-х гадоў.

Класіфікацыя

У залежнасці ад ладу жыцця планктону вылучаюць: галапланктон — увесь жыццёвы цыкл праводзіць у форме планктону; мерапланктон — існуе ў выглядзе планктону толькі частку жыцця — напрыклад, марскія чарвякі, рыбы.

Планктон уяўляе сабой масу раслін і жывёл, большасць з якіх мае мікраскапічныя памеры. Многія з іх здольныя да самастойнага актыўнага руху, аднак недастаткова добра плаваюць, каб супрацьстаяць цячэнням, таму планктонныя арганізмы рухаюцца разам з воднымі масамі. Планктонныя арганізмы сустракаюцца на любой глыбіні, але найчасцей у паверхневых, добра асветленых пластах вады, дзе яны ўтвараюць плывучыя кармавыя ўгоддзі для болей буйных жывёл.

Раслінныя планктонныя арганізмы, здольныя да фотасінтэзу, патрабуюць сонечнае святло і насяляюць паверхневыя воды, у асноўным да глыбіні 50-100 мВиноградов М. Е., Вертикальное распределение океанического зоопланктона, М., 1968.. Бактэрыі і зоапланктон насяляюць усю водную тоўшчу да максімальных глыбінь. Марскі фітапланктон складаецца ў асноўным з дыятомавых водарасцей, перыдыней і кокалітафарыд; у прэсных водах — з дыятомавых, сінязялёных і некаторых груп зялёных водарасцей.

У прэснаводных зоапланктоне найболей шматлікія весланогія і галінавусыя рачкі і калаўроткі, у марскім дамінуюць ракападобныя (галоўным чынам весланогія, а таксама мізіды, эўфазіевыя, сапраўдныя крэветкі і іншыя) і шматлікія прасцейшыя.

У Беларусі

У беларускіх азёрах жывуць шматлікія прадстаўнікі фіта- і зоапланктону. Да апошняга адносяцца дафніі, цыклопы і рэліктавыя мізіды (зафіксаваныя ў азёрах Воласа Паўночны, Воласа Паўднёвы і Дрысвяты).

Днём зоапланктон плавае бліжэй да азёрнага дна, дзе цёмна: гэтак прасцей схавацца ад драпежных рыб. Ноччу планктонныя арганізмы падымаюцца да паверхні, каб харчавацца фітапланктонам (мікраскапічнымі раслінамі).

Гл. таксама Фітапланктон Зоапланктон

Крыніцы

Катэгорыя:Гідрабіялогія Катэгорыя:Планктон