Гарадзішча-1 — помнік археалогіі, гарадзішча ў гарадскім пасёлку Свір Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Гарадзішча VI стагоддзя да н.э. — IX стагоддзя н.э. размешчана ў цэнтры пасёлка, на ізаляваным пагорку з вельмі стромкімі схіламі, які ўзвышаецца над навакольнай мясцовасцю на 12—15 м. Пляцоўка памерам 30×40 м. Усходняя частка пагорка разбурана кар’ерам. Захавалася частка пляцоўкі памерам 12×28 м. У 1976 годзе Яраслаў Звяруга даследаваў 48 м². Культурны пласт да 2,6 м.

Пад рэшткамі сярэдневяковага замка, заснаванне якога ў XIII стагоддзі прыпісваецца літоўскаму князю Даўмонту, выяўлены сляды паселішча эпохі ранняга жалеза. Яно не мела абарончых збудаванняў (яго надзейнай аховай з’яўляліся найперш стромкія схілы пагорка).

Драўляны сярэдневяковы замак быў абнесены кальцавым валам вышынёй 3 м. Рэшткі замка ў канцы XVI стагоддзя апісаў польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі.

Сярод выяўленых у час раскопак рэчаў найбольш шматлікія ўпрыгажэнні: пярсцёнкі, скроневыя кольцы, бразготкі, спіралькі, бранзалет, падковападобная фібула і інш. Знойдзены жалезныя нажы, вісячыя, у т.л. цыліндрычныя, замкі, шылы, наканечнікі стрэл, гліняныя і шыферныя прасліцы, каменная форма для ліцця, разнастайныя вырабы з косці (праколкі, ручкі, абоймы і інш.). Кераміка ў ніжнім гарызонце ляпная (штрыхаваная і гладкасценная), у верхнім ганчарная.

У 1930-я гады на замчышчы пастаўлены помнік у гонар знаходжання там караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя ў 1579 годзе падчас пераможнай выправы на Полацк, які з 1563 года да 1579 года быў акупаваны войскамі Івана Грознага.

Крыніцы

Літаратура

Зверуго Я. Г. Верхнее Понеманье в IX—XIII вв. Минск, 1989; Зверуго Я. Г. Исследования Верхнёнеманского отряда // АО 1976. Минск, 1977.

Спасылкі

Катэгорыя:Свір (гарадскі пасёлак) Катэгорыя:Гарадзішчы Мядзельскага раёна Катэгорыя:Замкі Беларусі Катэгорыя:Жалезны век на Беларусі