У чака́нні Гадо́ (падзагаловак: трагікамедыя ў 2 дзеях; ) — п'еса тэатра абсурду, напісаная Семюэлам Бекетам у канцы 1940-х гадоў і ўпершыню надрукаваная ў 1952 годзе. У арыгінале п’еса была напісаная па-французску. Англамоўны пераклад, зроблены самім аўтарам, быў выдадзены ў 1955 годзе.
П'еса ўпершыню была пастаўлена па-французску ў Théâtre de Babylone ў Парыжы 5 студзеня 1953 года. Англамоўная прэм'ера адбылася ў жніўні 1955 года ў Arts Theatre у Лондане ў пастаноўцы Пітэра Хола.
У 1965 годзе ў савецкім часопісе Иностранная литература быў апублікаваны першы рускі пераклад п’есы.
Пастаноўкі ў Беларусі Беларусь стала першай савецкай рэспублікай, дзе адбылася сцэнічная пастаноўка «У чаканні Гадо». Прэм’ера адбылася ў студзені 1968 года ў Мінску студыяй «Юность» пры Доме культуры чыгуначнікаў.
Рэжысёрам пастаноўкі быў Уладзімір Матросаў, адзін з лідараў студыйнага тэатральнага руху 1960-х гадоў. Ролю Уладзіміра выканаў Валерый Шушкевіч. Паколькі ўдзельнікі спектакля былі студэнтамі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута і не мелі права ўдзельнічаць у неафіцыйных праектах, Шушкевіч выступаў пад псеўданімам Уладзімір Мандрагораў (паводле рэплікі героя пра мандрагору).
Спектакль быў фактычна забаронены незадоўга да прэм’еры, аднак быў паказаны насуперак забароне. Пасля гэтага рэжысёр быў выкліканы на допыт у КДБ. Нягледзячы на ціск, пастаноўка з перапынкамі існавала больш за трыццаць гадоў, аднаўлялася ў 1969 і 1989 гадах.
У 1996 годзе была створана тэлевізійная версія спектакля для нацыянальнага беларускага тэлебачання. У гэтай версіі Уладзімір Матросаў выканаў ролю Лакі. Тэлеверсія лічыцца апошнім увасабленнем пастаноўкі дадзенай трупы.
У 1996 годзе спектакль быў паказаны на Другім фестывалі адной п’есы ў Кіеве, дзе ўдзельнічалі калектывы з розных краін Усходняй Еўропы.
Выканаўцы пастановак «У чаканні Гадо»
Прэм’ера 1968 года (Дом культуры чыгуначнікаў) Уладзімір — Валерый Шушкевіч Эстрагон — Вячаслаў Саладзілаў Пахно — Яўген Лявонцьеў Лёсік — (паводле ўспамінаў згадваецца Мікалай Ціхан) Хлопчык — (імя не ўдакладнена)
У пастаноўцы таксама ўдзельнічалі Віктар Бублій, Барыс Дзянісаў і Леанід Андрэйчыкаў.
Закрыты паказ у Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце (1969) У розных ролях былі задзейнічаныя студэнты курса: Філатаў Халадзілаў Мароз Валерый Шушкевіч Леанід Андрэйчыкаў
Аднаўленне 1989 года Спектакль быў адноўлены мінскімі ўдзельнікамі студыі і паказваўся на розных сцэнічных пляцоўках, у тым ліку на фестывалі адной п’есы ў Кіеве. Поўны склад выканаўцаў патрабуе дадатковага ўдакладнення.
Тэлеверсія спектакля (1996) Уладзімір — Валерый Шушкевіч Эстрагон — Вячаслаў Саладзілаў Лакі — Уладзімір Матросаў (першы раз у гэтай ролі) Пахно — Яўген Лявонцьеў
Беларускі пераклад На беларускую мову п’есу пераклаў Віталь Воранаў у 2003 годзе. Пераклад быў прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння Бекета (2006).
У 2005 годзе ў выдавецтве Логвінаў у Мінску тыражом 200 асобнікаў была выдадзена кніжная версія п’есы «У чаканні Гадо». Рэдактарам выступіў паэт Андрэй Хадановіч. Каментары былі падрыхтаваныя перакладчыкам паводле прац Антонія Ліберы. На вокладцы выкарыстаная праца Яўгена Адзіночанкі.
Дзейныя асобы і значэнне іх імёнаў Гадо (Godot) — слова складаецца з асновы «God-» (па-англійску: Бог) і канчатка «-ot» (памяншальны канчатак французскай мовы).
Эстрагон (Estragon) — від палыну, які ўжываецца ў якасці вострай прыправы.
Уладзімір (Vladimir) — у славянскіх мовах азначае «ўладар свету».
Лёсік (Lucky) — шчаслівец; адна з распаўсюджаных сабачых мянушак у англамоўных краінах.
Пахно (Pozzo) — італьянскае слова, якое азначае «калодзеж»; у беларускім перакладзе выкарыстаны адпаведнік з гукавой канатацыяй.
Значныя таксама мянушкі двух галоўных герояў: Дзідзі (Didi) і Гога (Gogo).
Цытаты Эстрагон: Што рабіць? Уладзімір: Не ведаю. Эстрагон: Хадзем. Уладзімір: Нельга. Эстрагон: Чаму? Уладзімір: Мы чакаем Гадо. Эстрагон: І праўда.
Пахно: (раптоўна раз’юшваецца). Ці вы перастанеце ўрэшце мучыць мяне гэтым праклятым часам? Гэта немагчыма! Калі! Калі! Аднойчы, ці вам гэтага не дастаткова, аднаго разу, такога ж, як іншыя, ён анямеў, я аслеп, аднаго разу мы зробімся глухія, аднаго разу мы нарадзіліся, аднаго разу мы памрэм, у адзін дзень, у нейкую хвіліну, гэтага вам не дастаткова? (Спакайней.) Яны нараджаюць, стоячы на краі магілы, святло свеціць толькі адно імгненне, а пасля зноў ноч...
Спасылкі «У чаканні Гадо» ў перакладзе Віталя Воранава
Катэгорыя:П'есы 1949 года Катэгорыя:П'есы XX стагоддзя Катэгорыя:П'есы Семюэля Бекета Катэгорыя:П'есы Ірландыі Катэгорыя:П’есы на французскай мове Катэгорыя:Тэатр у Беларусі