Літвінізм — неадназначны (публіцыстычны) тэрмін, які ў XIX—XXI стагоддзях некалькі разоў змяняў значэнне, застаючыся хутчэй іранічным або дэрагатыўным эпітэтам, чым строга навуковым тэрмінам, і ніколі не ўжываўся як саманазва носьбітамі тых ідэй, якія акрэсліваліся ім іх вонкавымі крытыкамі або інтэрпрэтатарамі.

Літвінізм у XIX стагоддзі

У XIX стагоддзі паняцце ўжывалая спарадычна, змяняючы сваё напаўненне адпаведна зменам пануючага ўяўлення пра змест самога паняцця «Літва» і яе меркаваных межаў. У першыя дзесяцігоддзі пасля далучэння земляў былога ВКЛ да Расійскай імперыі носьбітамі «літоўскай» (або «літвінскай») ідэнтычнасці была пераважна польскамоўная шляхта, разуменне якой Літвы вар’іравалася ад польскай (або расійскай) правінцыі да краіны (патэнцыйна асобнай дзяржавы), якая мусіць знаходзіцца ў шчыльнай культурнай сувязі і дзяржаўнай уніі з Польшчай. Пасля разгрому паўстання 1863—1864 гадоў манаполія шляхты на вызначэнне зместу паняцця «Літва» знікла, у сувязі з рэзкім змяншэннем палітычнай і эканамічнай вагі гэтай сацыяльнай групы, імклівым развіццём этнаграфіі, масавай адукацыяй, эканамічнай і культурнай эмансіпацыяй сялянства, узнікненнем літоўскага нацыянальнага руху або «младалітвінаў» (з 1880-х гадоў) і пазіцыяй расійскай імперскай бюракратыі і навукі. Дамінуючай робіцца ідэя аб тым, што Літва — гэта этнаграфічная тэрыторыя літоўцаў, асноўная маса насельніцтва якой размаўляе на літоўскай мове і (з пункту гледжання нацыянальнага руху) мае або павінна мець літоўскую нацыянальную свядомасць.

Першы дакументальна вядомы выпадак ужывання тэрміну літвінізм (litwinizm) — у верасні 1842 г. у рэдакцыйным каментары выдаўца газеты Tygodnik Peterburski Юзафа Працлаўскага да праекту выдання альбому «фізіялагічных» тыпаў «Літвіны», прапанаванага Плацыдам Янкоўскім. Успамінаючы часы свайго студэнцкага юнацтва ў Віленскім універсітэце, Працлаўскі не без гордасці пісаў, што тады моладзь з усіх бакоў Літвы, прыбываючы ва ўніверсітэт і прасякаючыся тут літвінізмам (przejąwszy się litwinizmem), затым распаўсюджвала яго ў сваіх родных ваколіцахWydawca Tygodnika [Józef Przecławski]. Dopisek // Tygodnik Petersburski" 1842, nr 78, s. 525.. У дадзеным кантэксце пад «літвінізмам» мелася на ўвазе акцэнтаваная ўвага рамантычна настроенай моладзі да літоўскіх (у тагачасным значэнні слова) рэгіянальных асаблівасцяў, адрозненняў ад іншых частак былой Рэчы Паспалітай, не выключаючы і літоўскай мовы і дахрысціянскага мінулага балцкай Літвы, але без разрыву з агульнай гістарычнай і культурнай спадчынай Рэчы Паспалітай. Такі «літвінізм» быў уласцівы значнай частцы «шубраўцаў» і філаматаў, уключаючы Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота і іншых. Пасля амністыі 1841 года лакальны літоўскі патрыятызм, які не акцэнтаваў значэння польска-літоўскіх уній і дэманстраваў прынамсі вонкавы лаялізм да імперыі, пэўны час разглядаўся царскім урадам як больш прымальная з’ява, чым агульнапольскі патрыятызм. У такіх умовах стаў магчымы кароткі і адносны росквіт культуры (пераважна на польскай мове), заснаванай на праслаўленні дахрысціянскага мінулага Літвы (уключаючы і Усходнюю Літву), на цікавасці да яе актуальных сімвалічных рэалій у гастранаміі, раслінным і жывёльным свеце, народных звычаях і г.д. Такая пазіцыя знайшла сваё выражэнне ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі, Станіслава Манюшкі, Адама Ганорыя Кіркора, Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, Канута Русецкага, і іншых. Аднак, на сёння, акрэсленне такой пазіцыі як «літвінізма» — адзіны вядомы па крыніцах выпадак.

Літвінізм як сінонім «літваманіі» канца XIX стагоддзя

Наступны раз тэрмін сустракаецца праз 45 гадоў у рэдакцыйным каментары пецярбургскай газеты Kraj (якая ў цэлым стаяла на пазіцыях лаялізма) ад 11 (23) верасня 1887. Так абазначаецца «млада-літоўскі рух», лейтматывам дзейнасці якога лічыцца рэзкае непрыняцце гістарычнай эліты краю, польскамоўнай літоўскай шляхты: Litwinizm powstaje narazie jako antagonyzm względem dawnej klasy uprzywilejowanejKraj. Tygodnik polityczny, spoleczny i literacki. Nr 37. 11 (23) wrzesnia 1887. У гэтую эпоху ўжываенне тэрміну «літвінізм» таксама з’яўляецца рэдкасцю, значна больш часта адпаведная з’ява ў польскамоўнай публіцыстыцы абазначаецца як «літваманія» (litwomania)Krzysztof Buchowski. Litwomani i polonizatorzy: mity, wzajemne postrzeganie i stereotypy w stosunkach polsko-litewskich w pierwszej połowie XX wieku. Białystok 2006.. У сваю чаргу, гэты тэрмін, або эпітэт, маючы, як правіла, дэрагатыўнае напаўненне, меў 2 асноўныя стылістычныя вароыянты. Яго адносілі або да выхадцаў з народных нізоў, актывістаў літоўскага нацыянальнага адраджэння (такіх, напрыклад, як Ёнас Басанавічус, Вінцас Кудзірка, часткі рымска-каталіцкага духавенства, такіх як Юозас Тумас-Вайжгантас, якія адкінулі польскую культурную ідэнтычнасць на карысць пабудовы асобнай літоўскай ідэнтычнасці, заснаванай на мове простага народу. Польскія нацыянальныя колы абвінавачвалі іх у разбурэнні антыцарскага адзінства і пабудове ідэнтычнасці, заснаванай на «нянавісці да польскай культуры». У другім варыянце, «літваманію» прыпісвалі асобным прадстаўнікам шляхты, якія, не парываючы цалкам з польскамоўным асяроддзем, актыўна вывучалі літоўскую мову і народныя звычаі. У больш шырокім сэнсе, у межах самога літоўскага руху, тэрмін «літваманія» часам выкарыстоўваўся для апісання ідэалістычнага, нават некрытычнага, захаплення ўсім этнаграфічна літоўскім (мова, песні, дахрысціянскія традыцыі). З’ява «літваманіі» ідэальна ўпісвалася ў тагачасны еўрапейскі працэс «вынаходніцтва традыцый» і балючага разбурэння былых гістарычных ідэнтычнасцей (такіх як gente Lituanus, natione Polonus) на карысць сучасных, закрытых нацыянальнасцей, заснаваных на моўных бар’ерах.

Літвінізм у XXI стагоддзі

Пасля працяглага, больш за стагоддзе, неўжывання тэрмін быў актуалізаваны напачатку XXI ст. (каля 2005 г.) літоўскім гісторыкам Томасам Баранаўскасам і падхоплены многімі літоўскімі гісторыкамі і публіцыстамі. У першапачатковай трактоўцы тэрмін абазначаў радыкальную беларускую нацыяналістычную плынь у трактоўцы гісторыі (гл. Ліцвінства), прадстаўнікі якой, асабліва актыўна з канца 1980-х гадоў (Мікола Ермаловіч, Вадзім Дзеружынскі, Міхаіл Галдзянкоў, Анатоль Тарас, Вітаўт Чаропка, Аляксандр Краўцэвіч, Зянон Пазьняк, і іншыя), разглядаюць сучасную Беларусь як адзіную або асноўную спадкаемцу Вялікага Княства Літоўскага, а сучасных літоўцаў («летувісаў») лічаць выключна або пераважна нашчадкамі жамойтаў, якія нібыта неправамерна прысвоілі гістарычны этнонім і тапонім «Літва», а разам з ім і гістарычны цэнтр Літоўскай дзяржавы — Вільню і Віленшчыну, якія нібыта павінны належаць Беларусі («гістарычнай Літве»)

Новая хваля актуалізацыі паняцця адбылася напачатку 2020-х гадоў на фоне масавай міграцыі грамадзян Беларусі ў Літву. У літоўскім грамадска-палітычным полі, асабліва ва ўмовах рэзкага пагаршэння рэгіянальнай бяспекі, праявы «літвінізму» (аж да адкрытага выражэння тэрытарыяльных прэтэнзій на Вільню, спантанных або інспіраваных ці імітаваных спецслужбамі) сталі разглядацца як інструмент гібрыднай вайны з боку Расіі і Беларусі і апраўданне магчымай будучай анексіі часткі тэрыторыі Літвы. Гэта прывяло да істотнага пашырэння семантыкі тэрміна: у публічнай прасторы ім пачалі маркіраваць любыя неафіцыйныя беларускія інтэрпрэтацыі сумеснай гісторыі ВКЛ і Літвы XIX стагоддзя. У выніку, значная частка літоўскага грамадства лічыць «літвінізм» адной з асноўных пагроз існаванню нацыянальнай дзяржавы, хаця і не можа адназначна сфармуляваць сутнасць «літвінізма» і крытэрыі яго адрознасці ад вонкава падобных ідэй.

На сённяшні дзень, у міжнароднай акадэмічнай супольнасці (сярод гісторыкаў, культурных антраполагаў і палітолагаў) адсутнічае кансэнсусная навуковая дэфініцыя «літвінізму». Фактычна тэрмін (ці, хутчэй, эпітэт) часта выкарыстоўваецца як публіцыстычны ярлык для дыскрэдытацыі любых спроб засваення спадчыны ВКЛ і Літвы XIX стагоддзя не-літоўскімі актарамі, незалежна ад іх сапраўднага стаўлення да літоўскіх нацыянальных пачуццяў і інтарэсаў.

Крыніцы

Катэгорыя:Артыкулы праекта Літвінскі лексікон