Андрэй Васілевіч Бурсаў (нар. 21 жніўня 1976, Мінск, Беларусь) — беларускі паэт, мастак, фатограф і перакладчык.
Біяграфія Дзед і бацька Андрэя Бурсава з Клімавічаў. Далёкі сваяк паэта Івана Бурсава.
У 1986—1990 гадах вучыўся ў Мінскай дзіцячай мастацкай школе (два гады ў МДМШ № 2, потым два гады ў МДМШ № 3). У 1994—1999 гадах на перакладчыцкім факультэце Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
У 1997—1999 гадах друкаваўся ў газеце «Наша Ніва», часопісах «Першацвет» і «ARCHE».
Брытанскі філолаг-славіст Арнольд Мак-Мілін называў Арцёма Кавалеўскага і Андрэя Бурсава як два прыклады постмадэрнай беларускай паэзіі, даследчык адзначаў: «Бурсаў — паэт не просты і не лёгкі, асабліва праз яго вакабуляр, які злучае ў сабе розныя слоўцы: архаізмы і дыялектызмы, жаргон і слэнг, а таксама вульгарызмы. Да таго ж і правапіс аўтара падаецца даволі мудрагелістым, калі не сказаць эксцэнтрычным. Нават у тым, як самі вершы выглядаюць на паперы, адчуваецца яскравы індывідуальны стыль».
У 2015 годзе Андрэя Бурсава не прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Паводле літаратуразнаўца Віктара Жыбуля: «А ўвогуле, у нас моўных эксперыментатараў не вельмі любяць. Скажам, цікавага паэта Андрэя Бурсава не прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў галоўным чынам таму, што ён напаўняе свае вершы рэдкімі дыялектызмамі і аўтарскімі неалагізмамі і, мала таго, абедзве свае кнігі выдаў у аўтарскай арфаграфіі. Дый ягонага славутага папярэдніка Янку Юхнаўца прызнавалі далёка не ўсе».
Аўтар трох зборнікаў паэзіі, прозы і перакладаў «Дзівін» (2002), «Празнеб’е» (2009) і «Сонм-Трава» (2025). Бурсаў называе свае вершы «граняслоўямі», у слоўніку старабеларускай мовы «Сіноніма славенароская» XVII ст. слова даецца як сінонім да «верш».
Некаторыя вершы паэта сталі песнямі беларускага рок-гурта P.L.A.N. (кіраўнік — Андрэй Плясанаў) у альбоме «Blues у канцы тунэля» (2003).
Перакладае мастацкую і навукова-даследчыцкую літаратуру з і на беларускую і англійскую мовы.
Кніга «Сонм-Трава» трапіла ў спіс «150 найлепшых кніг 2025 года» па версіі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Узнагароды Лаўрэат прэміі «Дэбют» Саюза беларускіх пісьменнікаў (2000).
Выставы 10.05.2002 — Прэзентацыя-1 кнігі «Дзівін» (вершы, фатаграфіі, хэпенінг). Галерэя ЕГУ (Мінск), 26.06.2002 — Фота-варажба (прэзентацыя-2 кнігі «Дзівін» (вершы, фатаграфіі, хэпенінг)). Галерэя ЕГУ (Мінск), 2007 — Персанальная выстаўка «Першаклад» (жывапіс, вершы, пазлы). Галерэя «Падземка» (Мінск), 2009 — Персанальная выстаўка «Златадзён» (жывапіс, вершы). Музей гісторыі беларускай літаратуры (Мінск).
Крыніцы
Літаратура
— (неаўтарызаваны пераклад артыкула на беларускую).
Спасылкі
Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Фатографы Беларусі