Міжнародная экспертная камісія па правах чалавека ў Эфіопіі (, ICHREE) — камісія, заснаваная Саветам ААН па правах чалавека ў снежні 2021 года для расследавання сцвярджэнняў аб парушэннях і злоўжываннях міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, гуманітарнага права і правоў бежанцаў у зоне Тыграйскага канфлікту.
Стварэнне і мэты 3 лістапада 2021 г. у справаздачы аб сумесным расследаванні, праведзеным Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека і Камісіяй па правах чалавека Эфіопіі, адзначалася, што ў шэрагу рэгіёнаў краіны зафіксаваны сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека. 17 снежня 2021 г. Савет ААН па правах чалавека, абапіраючыся на гэты даклад, прыняў рэзалюцыю S-33/1. На падставе дакумента з мэтай дапаўнення работы сумеснай следчай групы створана Міжнародная экспертная камісія па правах чалавека ў Эфіопіі (ICHREE). Мандат камісіі ўключаў у сябе правядзенне бесстаронняга расследавання сцвярджэнняў аб парушэннях і злоўжываннях міжнародным правам у галіне правоў чалавека, гуманітарнага права і правоў бежанцаў у Эфіопіі, учыненых з 3 лістапада 2020 г. усімі бакамі канфлікту, прадастаўленне рэкамендацый па правасуддзю пераходнага перыяду і выпрацоўку рэкамендацый ураду, узаемадзейнічаючы з усімі адпаведнымі зацікаўленымі бакамі.
Члены і структура ICHREE складаецца з трох экспертаў. Па стане на снежань 2022 года членамі камісіі былі Махамед Чандэ Отман, Стывен Ратнер і Радхіка Кумарасвамі. Раней у складзе органа працавалі Каары Бэці Мурунгі і Фату Бенсуда.
Дзейнасць 19 верасня 2022 г. ICHREE прадставіла справаздачу са сваімі першапачатковымі высновамі ў Савет па правах чалавека. Пацверджана, што падчас баявых дзеянняў здзяйсняліся пазасудовыя забойствы і згвалтаванні, меў месца штучны голад. Многія выпадкі ахарактарызаваны як ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці.
Прадстаўнік Эфіопіі ў ААН Тае Атске Селасіе заявіў, што даклад быў «непаслядоўным і схематычным», закліканы ўзмацніць палітычны ціск на ўрад краіны.
На 52-й сесіі Савета па правах чалавека ў сакавіку 2023 г. старшыня ICHREE заявіў, што ён вітае мірнае пагадненне паміж Эфіопіяй і Тыграем. У той жа час камісія працягвала расследаванне ваенных злачынстваў і парушэнняў правоў чалавека ўсімі бакамі.
Заўвагі
Спасылкі International Commission of Human Rights Experts on Ethiopia
Катэгорыя:Правы чалавека ў Эфіопіі Катэгорыя:Тыграйскі канфлікт