Пага́нскія гаво́ркі з На́рава () або Яцвя́жскі сло́ўнічак — рукапісны пералік слоў балцкага паходжання з перакладам на польскую мову.

Доўгі час яцвяжская мова вывучалася выключна на аснове абмежаванага анамастычнага матэрыялу, пакуль не быў знойдзены і апублікаваны гэты слоўнік, які стаў важнай крыніцай для даследаванняў заходнебалцкай лінгвістыкі.

Гісторыя знаходкі і публікацыі

Матэрыял быў знойдзены ўлетку 1978 года (паводле іншых звестак, у 1985 годзе) ў беларускай частцы Белавежскай пушчы, на хутары на захадзе ад паселішчаў Роўбіцк і Крыніца (цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці).

Аматар і збіральнік даўніны Вячаслаў Зінаў набыў у мясцовага хутараніна кнігу — зборнік малітваў на лацінскай мове, у канцы якога было прыплецена некалькі рукапісных аркушаў. На пачатку гэтых старонак утрымліваўся загаловак «Pogańskie gwary z Narewu» («Паганскія гаворкі з Нарава»). На хутар у Белавежскай пушчы кнігу прывезлі ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі з мястэчка Белавежа (цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы).

Вячаслаў Зінаў перапісаў гэты слоўнічак у асобны сшытак. Неўзабаве ён пайшоў у войска, і за гэты час яго бацькі выкінулі арыгінальную кнігу. Захавалася толькі копія слоўнічка, якую Зінаў даслаў на кафедру літоўскай мовы Віленскага ўніверсітэта. Там гэтым матэрыялам зацікавіўся вядомы літоўскі мовазнавец Зігмас Зінкявічус.

Матэрыял слоўнічка, які налічвае 215 слоў, быў упершыню апублікаваны З. Зінкявічусам у 1984 годзе ў акадэмічным выданні «Балто-славянские исследования». Фотакопія рукапісу Зінава з’явілася ў літоўскім мовазнаўчым часопісе «Baltistica» у 1985 годзе. У 1987 годзе былі апублікаваныя шматлікія водгукі іншых мовазнаўцаў на гэтую знаходку. У жніўні 2018 года, да 40-годдзя знаходкі слоўнічка, выйшлі тэматычныя публікацыі ў газеце «Наша слова»Наша слова. № 34 (1393), 22 жніўня 2018 г. С. 2. і ў пружанскай раённай газеце «Раённыя будні»Раённыя будні. № 59 (10111), 8 жніўня 2018 г. С. 8..

Крытыка і пытанне аўтэнтычнасці

І гісторыя знаходкі, і сам змест Слоўніка выклікалі ў навуковых колах дыскусіі, а таксама падазрэнні ў фальсіфікацыі. Асноўнай прычынай скепсісу стала фізічная страта і арыгінала, і яго копіі, ёсць толькі аднаўленне зместу Вячаславам Зінавым па памяці.

Французскі лінгвіст Даніэль Пеці адзначаў, што парадокс гэтага ўнікальнага дакумента ў тым, што ён спарадзіў досыць мала даследаванняў, быццам навукоўцы без ахвоты браліся яго вывучаць з-за «праблемнай гісторыі рукапісу». Паводле Пеці, каб канчаткова адкінуць падазрэнні, што слоўнік гэта сучасная падробка, трэба было б атрымаць доступ да арыгінальнага сшытка Зінава, знайсці і апытаць яго самога, а таксама сабраць максімальна звестак пра матэрыяльную перадачу тэксту.

Крытыка лінгвістаў таксама тычыцца шматлікіх незразумеласцяў і скажэнняў у тэксце Слоўніка.

Амерыканскі даследчык Уільям Шмальстыг звяртаў увагу на наяўнасць адразу некалькіх узроўняў нявызначанасці. Спачатку балцкая мова (з дамешкам германізмаў) першапачаткова ўспрымалася і запісвалася на польскі слых, потым яе маглі сказіць памылкі самога перапісчыка Зінава. Неразуменне чужой фанематычнай сістэмы магло пацягнуць за сабой значныя дэфармацыі адпачатных слоў.

З. Зінкявічус таксама адзначаў, што некаторыя словы ў рукапісе незразумелыя або цяжка вытлумачваюцца. Акрамя таго, даследчыкаў здзіўляла, што ў тэксце толькі тры відавочныя паланізмы, але разам з тым каля васямнаццаці германізмаў. Грунтуючыся на гэтым, нямецкі лінгвіст Вольфганг Шмід высунуў гіпотэзу, што гэтыя «германізмы» гэта элементы паўночна-ўсходняга ідыша, а інфарматарам мог быць яўрэй. З. Зінкявічус палічыў гэтую ідэю цікавай, але малаверагоднай, бо ў слоўніку няма гебраізмаў, ды і цяжка ўявіць такога інфарматара ў кампаніі каталіцкага святара.

З прычыны фрагментарнасці запісаў і магчымых скажэнняў З. Зінкявічус не наважыўся з пэўнасцю аднесці мову Слоўніка ні да яцвяжскай, ні да літоўскай. Ён прапанаваў тры магчымыя гіпотэзы паходжання помніка.

Па-першае, гэта магла быць мясцовая яцвяжская гаворка, якая зведала моцны ўплыў літоўскай мовы. Па-другое, гэта магла быць літоўская мова, што развілася на надзвычай моцным яцвяжскім субстраце. Па-трэцяе, складальнік слоўніка мог проста не адрозніваць яцвяжскіх і літоўскіх слоў, а фіксаваў мяшанку дзвюх моў, якія на той час у гэтым рэгіёне былі шмат у чым падобныя.

Важкія довады супраць версіі аб свядомай фальсіфікацыі выклаў польскі лінгвіст Кшыштаф Томаш Вітчак:

Лінгвістычная калька, засведчаная ў пост-яцвяжскім тапанімічным арэале (напрыклад, пераклад назвы «Windobała» як «Wiatrołuża»), дакладна пацвярджаецца звесткамі са слоўніка Зінава, хоць у навуцы 1980-х гадоў гэты факт быў зусім невядомы. Некаторыя тапонімы (як возера Койле каля Сувалак, што азначала «Ціхае» возера) можна растлумачыць толькі дзякуючы гэтаму слоўніку, дзе ёсць слова «kajłi» (ціха). У тэксце адлюстраваная дэпалаталізацыя палаталізаваных складовых санорных пасля балцкага зычнага «*v» на ранняй стадыі: «wułk∫» ад «*wilkas» і «wułd» ад «*wiltēi». Гэтая ўнікальная фанетычная з’ява была зусім невядомая лінгвістам да публікацый З. Зінкявічуса.

Паводле Вітчака, калі аўтарам быў фальсіфікатар, дык ён мусіў быць геніяльным балта-славянскім дыялектолагам, які пераўзыходзіў бы ўсіх тагачасных спецыялістаў, таму імавернасць падробкі — мізэрная.

Лексічныя паралелі і асаблівасці У слоўнічку меркаванай яцвяжскай мовы чакалася б мноства паралеляў з прускай мовай, але аказалася вельмі мала лексікі, якую можна назваць выключна заходнебалцкай. Значная частка слоў супольная адначасова з прускай і з літоўскай (а нярэдка і з латышскай) мовамі. Адзначаецца таксама на дзіва вялікая колькасць прамых паралеляў толькі з латышскай мовай, гэта ставіць перад даследчыкамі пытанне пра магчымасць прамых тэрытарыяльных кантактаў у мінулым.

Сярод выключных паралеляў паміж мовай слоўнічка і прускай мовай сустракаюцца такія адзінкавыя прыклады, як слова «kajli» (ціха), якое перагукаецца з прускім «kails» (здаровы), дзе мяркуецца семантычная эвалюцыя ад «здаровы» да «ціхі». Таксама прысутнічае слова «tarmi» (гарачыня), якое паўтарае прускае «gorme» ў асаблівым вымаўленні з пераходам пачатковага «g» у «t», і слова «nau» (новы), што адпавядае прускаму «naws». Уласна «яцвяжскае» развіццё ў рамках балцкага лексічнага матэрыялу дэманструюць такія словы, як «weda» (дарога), якое паходзіць ад прускага «weddа» і літоўскага «vesti» (весці). Слова «dumo» (цемра) паходзіць ад прускага «dumis» і літоўскага «dūmas» (дым), пры гэтым месца паняцця «дым» у слоўніку заняло слова «ars», роднаснае літоўскаму «oras» (паветра). Назоўнік «wir(i)ba» (жанчына) утвораны ад кораня са значэннем «мужчына» (прускае «wirs», літоўскае «vyras») з дапамогай суфікса «-(i)ba-», які ў літоўскай мове звычайна выкарыстоўваецца для ўтварэння аддзеяслоўных назоўнікаў.

У лексіцы слоўнічка таксама значная доля запазычанняў з германскіх моў. Вылучаюцца і пэўныя паўднёваславянскія паралелі: напрыклад, яцвяжскае «radid» (працаваць) звязана з сербска-харвацкім «радити», што працягвае шэраг вядомых перагукаў прускіх слоў з паўднёваславянскай лексікай. Лацінскае «serpens» адлюстравана ў яцвяжскім «serpine» (змяя).

Прамыя індаеўрапейскія адпаведнікі маюць словы «nomas» (імя), «(а)sirga» (кроў), «kar» (што), «mard» (чалавек). Апошняе слова цесна звязанае з іранскім абазначэннем чалавека як «смяротнага» і перагукаецца з іранска-індаеўрапейскай назвай фінскамоўнага племені мардва на Ніжнім Павоччы.

Тэонімы У лексіцы слоўнічка засведчаныя тры важныя тэонімы: Пяркус, Лаўме і Туоліс.

Тэонім «Pjarkus» (Пярун) утвораны бессуфіксальным чынам, што адрознівае яго ад літоўскага «Perkūnas» і прускага «Perkuns», у якіх прысутнічае суфікс «-un-». Побач з ім у тэксце згадваецца тэонім «Laume», і абодва яны маюць пазнаку «паганскія» (). Слова «лаўма» ў пазнейшым зніжаным значэнні «ведзьма» сустракаецца не толькі ў Літве, але і на Смаленшчыне (паводле запісаў фалькларыста У. Дабравольскага). Першапачаткова гэта было імя агульнабалцкай багіні-парадзіцелькі, якое ўзыходзіць да індаеўрапейскага кораня «*leudh-» са значэннем «расці». Тэонім «Tuolis», якім у слоўніку пазначаецца чорт (адпачатна — імя падземнага боства), мае беспрыставачны выгляд і перагукаецца з іменем прускага бога падзем’я «Pa-tals», у якім корань «tal-» пашыраны прыстаўкай «pa-» (прыставачны спосаб утварэння тэонімаў быў вельмі папулярны ў прусаў).

Гэты тэанімічны раздзел уяўляе велізарную каштоўнасць для балцкай міфалогіі.

Фанетыка

У мове слоўнічка фіксуецца шэраг асаблівых фанетычных змен, якіх не ведаюць іншыя вядомыя балцкія мовы.

Адзначаецца перагук з індаеўрапейскай албанскай мовай: «яцвяжскае» пачатковае «t» сустракаецца там, дзе ў іншых балцкіх мовах стаіць «g» (як у словах «tarmi» насупраць прускага «gorme» або «terd» насупраць літоўскага «gerti» — піць). Пасля дыфтонга «-au-» глухі зычны азванчаецца: літоўскае «pautas» ператвараецца ў яцвяжскае «paud» (яйка). Азванчэнне глухога зычнага ў лексіцы слоўнічка з’яўляецца вельмі частай з’явай. Іншай спецыфічнай рысай з’яўляецца спрашчэнне пачатковага «*pl-» да «*l-», як у слове «laugi» (валасы), што паходзіць ад літоўскага «plaukai».

Водгукі Вядомы лінгвіст і балтыст Уладзімір Тапароў пакінуў наступны водгук на знаходку «Яцвяжскага слоўнічка»:

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Яцвягі Катэгорыя:Заходнебалтыйскія мовы Катэгорыя:Перакладныя слоўнікі