Студзяні́ — структураваныя (падобныя на цвёрдыя) сістэмы палімер—растваральнік. Для гэтых сістэм часам ужываюць тэрмін «гелі», які ў калоіднай хіміі пазначае скаагуліраваныя золі.

Студзяні складаюцца з высокамалекулярных злучэнняў і вадкасцей. Характэрныя ўласцівасці студзянёў — адсутнасць цякучасці, здольнасць захоўваць форму, трываласць і пругкасць. Гэтыя ўласцівасці абумоўлены наяўнасцю прасторавай сеткі макрамалекул, злучаных у асобных «вузлах» сіламі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння або хімічнымі сувязямі рознай прыроды.

Студзяні ўтвараюцца пры набраканні сеткавых палімераў у вадкасці (студзяні I тыпу) ці з раствораў палімераў пры змяненні тэмпературы і складу (студзяні II тыпу). Тыповыя студзяні — аморфныя гамагенныя сістэмы, якія часам утрымліваюць у вузлах структурнай сеткі драбнюткія крышталічныя вобласці — крышталіты.

У студзянях I тыпу вузлы прасторавай сеткі ўтвораны моцнымі папярочнымі хімічнымі сувязямі. Іх абарачальная дэфармацыя абумоўлена энтрапійным эфектам выпроствання і абнаўлення канфігурацыі скручаных участкаў макрамалекулярных ланцугоў паміж «вузламі». Студзяні II тыпу — гетэрагенныя структуры, якія ўзнікаюць пры распадзе гамагенных раствораў палімераў на канцэнтраваную фазу і фазу з нізкай канцэнтрацыяй палімера. Фазавы распад абумоўлены зменай актыўнасці растваральніка пры ўвядзенні ў раствор асаджальніка або рэзкай змены тэмпературы раствору.

Утварэнне студзянёў шырока выкарыстоўваецца ў тэхналогіі пластмас, вытворчасці гумы, хімічных валокнаў, харчовых прадуктаў і распаўсюджана таксама ў біялагічных працэсах.

Гл. таксама Сінерэзіс

Літаратура

Спасылкі Громаков Н. С. Дисперсные системы и их свойства: Учебное пособие по коллоидной химии / Н. С. Громаков. — Казань: Изд-во Казанск. гос. архитект.-строит. ун-та, 2015. — 91 с.  — ISBN 978-5-7829-0515-6.

Катэгорыя:Калоідная хімія Катэгорыя:Фізічная хімія Катэгорыя:Хімія палімераў