Сымон Будны (, ; каля 1530, Беласточчына — ) — вялікалітоўскі гуманіст, філосаф і гісторык. Актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі БіблііБЭ ў 18 т. — Т. 3. — Мн., 1996. — С. 315..
Прыхільнік кальвінізму, затым антытрынітарызму. Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы, выдавец Катэхізісу, Бібліі Новага Запавету ў перакладзе на беларускую кніжную і польскую мовы. У прадмовах і каментарах па рэфармацыйных пазіцый адзначаў неабходнасць крытычнага стаўлення да тэкстаў Святога Пісання і тлумачэння яго гутарковымі мовамі. Аўтар публіцыстычных твораў, накіраваных супраць догматаў і некаторых асноў абрадаў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, вёў рэлігійную палеміку з маскоўскім багасловам , езуітамі, адмаўляў догмат бессмяротнасці душы, Троіцу, прапаведаваў ідэю самаўладства, якую развівалі ўкраінскія багасловы канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў, верацярпімасць, магчымасць маральнага ўдасканалення чалавека па-за Царквой. Заклікаў развіваць уласную культуру і ўласныя традыцыі. У сваіх палітычных поглядах прытрымліваўся ідэі справядлівага для ўсіх слаёў грамадства.
Біяграфія Дзе прайшло дзяцінства Сымона Буднага і дзе ён атрымаў пачатковую адукацыю пэўна не вядома. Ёсць грунт думаць пра яго быццё на Падляшшы, магчыма, у маёнтках Хадкевічаў, у Заблудаве або Супраслі. Пра гэта ўскосна сведчыць згадка праўкі кніг Свяшчэннага Пісання архімандрытам Супрасльскага манастыра Кімбарам у сярэдзіне 1530-х гадоў, пра што Будны пісаў у «Прадмове да Чытача» да Новага Запавету (1574), дзе згаданы дэталі, нават нязначныя, якія мог ведаць толькі сведка падзей. Першая пэўная згадка Сымона Буднага — запіс у метрыцы Кракаўскага ўніверсітэта ад 19 кастрычніка 1544 года. З гэтага запісу можна вылічыць, што нарадзіцца ён мог у 1530 годзе або ў канцы 1520-х гадоў.
Сымон Будны скончыў Кракаўскі ўніверсітэт, а магчыма і Базельскі пратэстанцкі ўніверсітэт. У 1558 годзе пачаў дзейнасць у Вільні. Сакратар Віленскага кальвінскага гуртка 11 студзеня 1558 года адзначыў, што Сымона Буднага прызначылі катэхізістам — гэта самая ранняя дакументаваная звестка пра знаходжанне С. Буднага ў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Тут ён выкладаў на старабеларускай мове асновы тэалогіі ў Віленскім пратэстанцкім зборы.
Каля 1560 года Сымон Будны пераехаў у Клецк, дзе ў кальвінскім зборы працягваў справу, распачатую ў Вільні, адначасова рыхтаваў да друку першую кнігу. Заснавальнік (з Лаўрэнцім Крышкоўскім і Мацеем Кавячынскім) Нясвіжскай друкарні, выдаў тут старабеларускай мовай свае першыя творы. У 1562 годзе выйшаў «Катэхізіс» Сымона Буднага, напісаны ў форме пытанняў і адказаў. Апрача «Прысвячэння князям Радзівілам» (у сааўтарстве з Кавячынскім і Крышкоўскім), «Прадмовы да Чытача» і «Пасляслоўя», выданне мела чатыры асноўныя раздзелы: «Аб дзесяці запаведзях Божых», «Аб веры», «Пра малітву Госпада», «Аб Святых Тайнах». Такі парадак раздзелаў паўтараў «Вялікі Катэхізіс» Марціна Лютэра (1529), але гэта быў бясспрэчна арыгінальны твор. Прыкладна праз тры месяцы выйшаў наступны твор — «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». У «Пасляслоўі» пісалася: «Доконана ест сия книга о Оправдании… 1562, октября 11 дня на городе Несвижском, вытеснена накладом благочестивых мужей Матвея Кавечинского, Лаврентия Крышковского и Симона Будного». Кніга прысвячалася земскаму падскарбію літоўскаму Астафію Валовічу, які выдаткаваў значную суму на пабудову Нясвіжскай друкарні.
С. Будны пачаў наладжваць кантакты з дзеячамі заходнееўрапейскай Рэфармацыі. Публічная дыскусія пачатку 1560-х гадоў паміж клецкімі, нясвіжскімі, віленскімі і малапольскімі пратэстантамі, прысвечаная тэалагічнаму пытанню пра сыходжанне Святога Духу, падштурхнула яго да напісання твора «Аб сыходжанні Святога Духу».
Прыкладна ў сярэдзіне 1563 года погляды Сымона Буднага радыкальна змяніліся. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, ён перайшоў на пазіцыі антытрынітарызму і пачаў вызнаваць адзінага Бога, адмовіўся ад догмата Тройцы. Светапоглядныя зрухі знайшлі адлюстраванне ўжо ў польскамоўным выданні «Катэхізіса» (Нясвіж, 1563—1564), дзе асветнік змясціў крытыку ідэі траістасці Бога.
Пасля выхаду «Катэхізіса» на польскай мове і публічных антытрынітарных выступленняў праваслаўныя і каталіцкія дзеячы абвінавацілі С. Буднага ў сувязях са «старазаконнікамі», вучэнне якіх з’яўлялася мадыфікацыяй іўдаізму. Каб рассеяць сумненні Будны ўзяўся за пераклад на польскую мову твора раннехрысціянскага апалагета «», у якім крытыкавалася іўдзейскае вучэнне. 16 кастрычніка 1564 года «Размовы…» былі надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні. У сваёй «Прадмове» перакладчык выклаў уласнае разуменне сутнасці хрысціянскай навукі.
У Клецку С. Будны працягваў самаадукацыю, набываў кнігі заходнееўрапейскіх аўтараў, аналізаваў творы грэчаскіх і лацінскіх апалагетаў хрысціянства, асабліва шануючы Ф. Аквінскага. Пасля выдання польскамоўнай Брэсцкай Бібліі (1563) асветнікам авалодала ідэя зрабіць новы, больш дасканалы пераклад Пісання. Аднак у 1565 памёр Мікалай Радзівіл Чорны, рэфармацыйны рух Вялікім Княстве Літоўскім страціў апору. Абставіны прымусілі Сымона Буднага шукаць новы прытулак. У канцы 1565 ці напачатку 1566 яго запрасіла ў Хоўхлава Ганна Кішчына, віцебская ваяводсіна, што была кіраўніком (міністрам) мясцовага арыянскага збору. Прапаведнік узяўся за працу над перакладам Бібліі і апокрыфаў, навукова асэнсоўваючы гэтыя творы. Ужо на сінодзе 1568 года ў Іўі С. Будны паведамляў пра поспехі. Вынікам удзелу ў дыскусіях на пратэстанцкіх сінодах 1566—1569 гадоў быў твор «Аб зачацці Сына Божага» (не захаваўся).
У 1570 годзе Будны быў вымушаны перапыніць перакладчыцкую працу, каб адказаць П. Гоняду, які абвінаваціў яго ў « ерасі». У чэрвені 1570 года ён надрукаваў у Брэсцкай друкарні на сродкі А. Валовіча брашуру на лаціне «Аб асноўных догматах веры». У канцы 1570, прыкладна пасля 5—6 год працы С. Будны надрукаваў у Нясвіжскай друкарні Даніэля з Лэнчыцы пад адной вокладкай пераклад Новага Запавету і апокрыфаў. Кніга выйшла коштам нясвіжскага старасты Мацея Кавячынскага і адразу стала з’явай духоўнага жыцця 1570-х гадоў.
Каля 1571 года Сымон Будны пераехаў у Заслаўе да менскага кашталяна Яна Глябовіча. Тут асветнік пражыў каля двух год. У чэрвені 1572 года ён скончыў працу над перакладам кніг Старога Запавету, якія разам з перапрацаваным Новым Запаветам і «Прадмоваю да Чытача» былі надрукаваны Д. Лэнчыцкім, верагодна, ва Уздзе, куды браты Кавячынскія перавезлі колішнюю Нясвіжскую друкарню.
Плённай парою ў творчасці С. Буднага стаў перыяд з 1573 года да 1583 года, калі ён жыў у Лоску ў магната, прыхільніка арыянаў Яна Кішкі. Той прыдбаў у Кавячынскіх друкарню, запрасіўшы да сябе і яе кіраўніка Д. Лэнчыцкага. У Лоску С. Будны неадкладна прыступіў да выпраўлення сапсаванага Кавячынскімі перакладу Новага Запавету. Прыкладна праз год надрукаваў яго ў Лоскай друкарні, напісаўшы «Эпіграму на герб Яна Кішкі» і грунтоўную «Прадмову да Чытача». Гэта стала першай у літаратуры спробай радыкальнай рацыяналістычнай крытыкі Евангелля.
Сымон Будны прымаў удзел у палітычных дзеях. Па смерці ў 1572 годзе вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ён, відаць, выступаў супраць абрання на велікакняскі пасад француза Генрыха Валуа, пра што сведчыць пераклад ім на польскую мову твора Эрнеста Варамунда Фрыза «Аб фурыях альбо Французскім шаленстве» (Лоск, 1576).
У жніўні 1576 года Сымон Будны надрукаваў у Лоску на польскай мове тэалагічны трактат «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры». Трактат складаўся з дзвюх частак — «Вызнання веры» і «Абароны Вызнання веры», да кожнай напісаны прадмовы, дзе раскрывалася гісторыя іх узнікнення. Так, ідэя стварэння «Вызнання веры» зарадзілася ў час арыянскага сінода, што адбываўся, напэўна, у Вільні ў 1573 годзе. Задума напісаць «Абарону» да «Вызнання веры» ўзнікла недзе ў канцы 1575 года, пасля палемічных выпадаў апанентаў. На працягу некалькіх наступных дзесяцігоддзяў трактат С. Буднага «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры» заставаўся ў цэнтры рэфармацыйнай палемікі.
У Берасці, Лоску, Вільні Сымон Будны выдаваў творы, дзе выказваў свае меркаванні пра праблемы веры, аб свецкім прызначэнні чалавека, пра дзяржаўную ўладу. У 1570-я гады погляд на дзяржаўна-палітычную і этычную дактрыну пратэстанцтва ён выказаў у творы «Абвяржэнне Чаховіца, які лічыць, што хрысціяніну нельга займаць дзяржаўную пасаду», у 1577 годзе бярэ ўдзел у перавыданні кнігі Анджэя Фрыча Маджэўскага «», у якой прыводзіліся аргументы ў абарону ўрада і пацвярджалася права хрысціяніна займаць свецкія пасады. З боку апанентаў (так званых анархістаў) пасыпаліся рэзкія абвінавачанні. На Луцлавіцкім сінодзе (1582) Сымона Буднага адлучылі ад збору.
Пацярпеўшы няўдачу, С. Будны не пакінуў змагання: пры матэрыяльнай дапамозе шляхціца Аляксандра Хамутоўскага асветнік напісаў публіцыстычныя трактаты на польскай мове «Вызнанне аб урадзе і ўрадоўцах» і «Абарону ўрада», якія склалі аснову кнігі «Аб свецкай уладзе». Яна выйшла ў студзені 1583 года з Лоскай друкарні з дазволу яе фундатара Я. Кішкі, які выканаў апошнюю просьбу свайго былога духоўнага настаўніка. Кніга была надрукавана коштам арыянскага дзеяча Крыштафа Ласоты, на яго герб С. Будны і паплечнік асветніка Ф. Даманоўскі напісалі два панегірычныя вершы на лаціне.
Каля 1583 года Сымон Будны пакідае Лоск і, напэўна, накіроўваецца ў Іўе. Ускосным доказам гэтага з’яўляецца супрацоўніцтва з рэктарам Іўеўскай арыянскай школы Янам Ліцыніем Намыслоўскім, на зборнік якога ён у 1589 годзе напісаў панегірычны верш. У канцы 1580-х г. С. Будны разам з Ф. Даманоўскім удзельнічаў у дыспуце з полацкімі езуітамі, пра што паведамляецца ў кнізе «Апісанне Наваградскага дыспута 1594 г.».
Апошнія гады Будны жыў пры дварах выпадковых мецэнатаў. Да 1956 года дакладная дата сьмерці Буднага не была вядома. Яе ўстанавіў Станіслаў Кот. У каралеўскай бібліятэцы Капенгагена ён знайшоў выдадзены ў 1603 годзе ў Вільні Міхаілам Алясніцкім твор, накіраваны супраць антытрынітарыяў. Аўтар піша: «Смерць Сымона Буднага, правадыра і кіраўніка перахрышчэнцаў Літвы, якая наступіла 13 студзеня 1593 года ў Вішневе, была жудаснай і агіднай. Ужо за два гады да смерці ён зусім звар’яцеў, не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Нават за тры дні да смерці раздаваўся яго страшэнны крык, які напаўняў двор пана Льва Маклока і яго суседзяў. А калі цівун пан Віткоўскі пераконваў яго, каб у апошнія свае дні ён звярнуўся да Бога, ён злавіў яго руку і сказаў: „Клянуся, я не ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста“». Прыблізна тое ж самае пра смерць Буднага паведамляе Марцін Лашч (Жаброўскі). Паведамленні гэтыя, аднак, выключна тэндэнцыйныя, паколькі належаць яго ідэйным праціўнікам.
Асветніцкая дзейнасць
Творы С. Буднага паводле іх зместу пераважна палемічныя і філасофска-публіцыстычныя, з выразнай дыдактычнай скіраванасцю. Зварот да друкаванага слова асветнік растлумачыў жаданнем спыніць распаўсюджанне «хлуслівых вучэнняў», «злых рэчаў, якія перамаглі ў Хрыстовай Царкве». Яго Катэхізіс («Катэхізіс, або Навука старадаўняя хрысціянская для простых людзей», Нясвіж, 1562) прывабліваў чытачоў зместам і манерай выкладання матэрыялу, логікай разважанняў і пераканаўчасцю доказаў. Пад канец 1560-х гадоў асветнікам валодала ідэя зрабіць новы, больш дасканалы пераклад Бібліі і выправіць хібы, што трапілі ў Пісанне на працягу стагоддзяў.