Зорка Венера — песня (раманс) Сымона Рак-Міхайлоўскага на верш «Зорка Венера» Максіма Багдановіча, напісаны ў 1912 годзе.
Словы Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла… Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца Ў неба начное і зорку шукаў. Ціхім каханнем к табе разгарацца З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае; Пэўна, ўжо доля такая у нас. Моцна кахаў я цябе, дарагая, Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца, Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю; Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, — у расстанні Там з ёй зліём мы пагляды свае… Каб хоць на міг уваскрэсла каханне, Глянь іншы раз на яе…
Выкарыстанне ў оперы і аўтарства Раманс «Зорка Венера» стаў лейтматывам оперы «Зорка Венера» кампазітара Юрыя Семянякі, пастаўленай на лібрэта Алеся Бачылы ў 1970 годзе пад кіраўніцтвам дырыжора Кірыла Ціханава рэжысёрам Сямёнам Штэйнам. З-за таго, што Сямён Рак-Міхайлоўскі быў рэпрэсаваны, аўтарства раманса ў даведачнай літаратуры падавалася народным, а пасля выкарыстання музыкі ў оперы «Зорка Венера» аўтарам памылкова лічылі Юрыя Семяняку.
Спасылкі Зорка Венера ўзышла над зямлёю… Песні‐кветкі ў славу Багдановіча Зоркі і васількі сплятаюцца ў «Вянок» у Белдзяржфілармоніі
Катэгорыя:Песні Беларусі Катэгорыя:Песні на беларускай мове