Балахоўскія могілкі — закрытыя могілкі Брэста, размешчаныя ў раёне Камбінатаўскай вуліцы, побач з гаражным масівам. Знаходзяцца на тэрыторыі былой вёскі Рэчыца.
На могілках у 1920 годзе былі пахаваныя жаўнеры войска генерала Станіслава Булак-Балаховіча, які загінулі ў час Слуцкага збройнага чыну і Палескага паходу. Усяго пахавана на могілках не менш за паўтысячы жаўнераў, прычым большасць з іх — невядомыя. Ад мянушкі жаўнераў «балахоўцы» паходзіць назва могілак.
У савецкія часы могілкі былі занядбаныя ды апаганеныя. У канцы 1980-х на месцы могілак улады выдзелілі месца пад гаражы, частка якіх цяпер стаіць на магілах.
У 1992 г. замест старых разбураных помнікаў асобным жаўнерам былі ўсталяваныя новыя — амаль усе безыменныя. У 2002 годзе, да 82-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну і Палескага паходу, усталяваны дзве мемарыяльныя пліты з надпісамі «Тут спачываюць беларускія жаўнеры войска ген. С.Булак-Балаховіча» і «Яны ішлі паміраць за волю Бацькаўшчыны». 1 снежня 2002 года была ўшанавана памяць жаўнераў, уніяцкі святар асвяціў памятны знак і адслужыў кароткую паніхіду, прагучаў гімн «Магутны Божа».
Спасылкі
Катэгорыя:Могілкі Брэста