Зміцер Мар’янавіч Апанасовіч (; пазыўны — «Тэрор»; 15 жніўня 1989, Смаргонь, Гродзенская вобласць, БССР — 25 сакавіка 2022, Ірпінь, Кіеўская вобласць, Украіна) — баец-добраахвотнік беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага, камандзір аддзялення, удзельнік баявых дзеянняў у перыяд поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, атрымаў смяротнае раненне, абараняючы Кіеў. Пасмяротна ўзнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». У яго гонар названы беларускі добраахвотніцкі батальён «Тэрор».

Біяграфія Нарадзіўся 15 жніўня 1989 года ў Смаргоні. У юнацтве захапіўся спортам: займаўся рукапашным боем і наведваў трэнажорную залу. Яшчэ адным захапленнем Змітра стала скандынаўская культура і міфалогія.

У 2013—2014 гадах праходзіў тэрміновую службу ў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе Сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь у Брэсце. Ведаў снайперскую справу.

Праз некалькі гадоў пасля дэмабілізацыі з’ехаў у Польшчу, дзе працаваў вадзіцелем-дальнабойшчыкам.

У 2020 годзе ненадоўга прыехаў Беларусь, дзе прыняў удзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта: з групай аднадумцаў назіраў за дзеяннямі сілавікоў, эвакуіраваў параненых. Калі ідэя мірнага пратэсту цалкам вычарпала сябе, але так і не выйшла на ўзровень сілавога супрацьстаяння, Зміцер вярнуўся ў Варшаву і працягнуў працаваць у сферы грузаперавозак.

Апошні раз прыязджаў у Беларусь наведаць бацькоў незадоўга да расійскага ўварвання ва Украіну.

24 лютага 2022 г. Зміцер знаходзіўся ў рэйсе ў Латвіі, адкуль тэрмінова вярнуўся ў Польшчу з намерам адправіцца абараняць Украіну. Аб прынятым рашэнні ён не паведаміў ні бацькам, ні сястры. З першай групай беларускіх добраахвотнікаў у сакавіку выехаў з Варшавы ў Львоў і адтуль у Кіеў, дзе стаў байцом беларускай роты, на аснове якой потым сфарміраваўся батальён імя Кастуся Каліноўскага.

У сілу наяўнага вайсковага досведу быў залічаны ў баявы ўзвод, атрымаў паскораную падрыхтоўку і ў якасці камандзіра аддзялення быў накіраваны ў горад Ірпень пад Кіевам на баявую задачу па забеспячэнні бяспекі мінамётнага разліку, а затым на ўзмацненне ўчастку фронту ў раёне ваеннага шпіталя. Першы бой беларускіх добраахвотнікаў доўжыўся больш за шэсць дзён.

24 сакавіка па пазіцыі беларускіх добраахвотнікаў у Ірпені працавала расійская артылерыя, а таксама цяжкая бранятэхніка. Калі пачаўся абстрэл, Зміцер аддаў загад байцам свайго аддзялення адысці ў сховішча. У гэты момант дом, у якім знаходзіліся беларускія байцы, быў абстраляны з асноўнай 100-мм гарматы БМП-3. Зміцер, які сыходзіў апошнім, атрымаў цяжкае асколачнае раненне ў вобласць лапаткі. Стан удалося стабілізаваць. Пад бесперапыннымі абстрэламі ён быў дастаўлены ў шпіталь, аднак раненне аказалася несумяшчальным з жыццём і 25 сакавіка ён памёр.

Узнагароды Медаль «За баявыя заслугі» (2022, пасмяротна, Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны). Ордэн Пагоні (2022, пасмяротна, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі).

Ушанаванне У гонар Змітра «Тэрора» Апанасовіча атрымаў назву беларускі добраахвотніцкі батальён «Тэрор».

Гл. таксама Полк Каліноўскага Батальён «Тэрор» Спіс беларусаў, якія загінулі падчас расійска-ўкраінскай вайны

Крыніцы

Катэгорыя:Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны Катэгорыя:Уварванне Расіі ва Украіну (2022) Катэгорыя:Полк Каліноўскага