Херы мет дэ Блес (, 1500/1510, Бувінь-сюр-Мёз — каля 1555) — фламандскі мастак, разам з Іахімам Пацінірам адзін з заснавальнікаў еўрапейскага пейзажнага жывапісу.

Біяграфія Пра жыццё мастака захавалася вельмі мала дакладных звестак. У прыватнасці, невядома нават яго ўласнае імя: мянушку «мет дэ Блес» (літар. «з белай плямай») ён, верагодна, атрымаў ад белай пасмы ў валасах. Ён таксама насіў італьянскую мянушку Чывета () — «сава» — бо яго манаграмай, якую ён выкарыстоўваў як подпіс да сваіх карцін, была маленькая фігурка савы. Большую частку кар’еры Херы мет дэ Блес правёў у Антверпене. Верагодна, ён быў пляменнікам Іахіма Пацініра, і сапраўднае імя мастака — Херы дэ Пацінір (), пра якога ёсць звесткі, што ён у 1535 годзе ўступіў у антверпенскую гільдыю святога Лукі. Херы мет дэ Блеса таксама прылічаюць да групы паўднёва-нідэрландскіх мастакоў — паслядоўнікаў Іераніма Босха, разам з Янам Мандэйнам, Янам Веленсам дэ Кокам і Пітэрам Юйсам. Гэтыя майстры працягвалі традыцыі фантастычнага жывапісу Босха, і іх творчасць часам завецца «паўночным маньерызмам» (у адрозненне ад маньерызму італьянскага). Па адных дадзеных, мастак памёр у Антверпене, па іншых — у Ферары, пры двары герцага дэль Эстэ. Невядомы ні год яго смерці, ні сам факт, ці бываў ён калі-небудзь у Італіі.

Зноскі

Катэгорыя:Мастакі Фландрыі Катэгорыя:Мастакі Нідэрландаў XVI стагоддзя