Хваро́ба Альцге́ймера, або Сені́льная дэме́нцыя альцге́ймераўскага ты́пу — найбольш распаўсюджаная форма дэменцыі, нейрадэгенератыўнае захворванне, упершыню было апісана ў 1906 годзе нямецкім псіхіятрам Алоісам Альцгеймерам. Як правіла, яно выяўляецца ў людзей старэйшых за 65 гадоў, але існуе і ранняя хвароба Альцгеймера — рэдкая форма захворвання. Агульнасусветная захворваемасць на 2006 год ацэньвалася ў 26,6 млн чалавек, да 2050 года колькасць хворых можа вырасці ў чатыры разы.
У кожнага чалавека хвароба працякае па-свойму, але пры гэтым назіраецца шэраг агульных сімптомаў. Першыя заўважныя праявы звычайна памылкова звязваюць з састарэлым узростам або тлумачаць уплывам стрэсу.
Найчасцей на ранніх стадыях назіраецца разлад кароткачасовай памяці. Гэты сімптом можа праяўляцца, напрыклад, няздольнасцю ўспомніць нядаўна завучаную інфармацыю. Пры звяртанні да ўрача і падазрэнні на хваробу Альцгеймера для ўдакладнення дыягназу звычайна аналізуюць паводзіны, праводзяць серыю кагнітыўных тэстаў, калі магчыма, праводзіцца магнітна-рэзанансная тамаграфія (МРТ).
З развіццём хваробы адбываецца страта доўгачасовай памяці. Паступовая страта функцый арганізма вядзе да смерці. Індывідуальны прагноз ускладнены праз варыяцыі ў тэрміне цячэння хваробы, якая можа развівацца падспудна на працягу доўгага часу, перш чым стануць заўважныя сімптомы і будзе пастаўлены дыягназ. Сярэдняя працягласць жыцця пасля пастаноўкі дыягназу складае каля 7 гадоў, менш за 3 % хворых жывуць больш за 14 гадоў.
У сучаснасці не дасягнута поўнае разуменне прычын і цячэння хваробы Альцгеймера. Даследаванні даюць падставы меркаваць аб асацыяцыі хваробы з назапашваннем бляшак і нейрафібрылярных клубкоў у тканках мозга. Сучасныя метады тэрапіі толькі крыху змягчаюць сімптомы, але пакуль не дазваляюць ані спыніць, ані запаволіць развіццё захворвання. Мноства перспектыўных метадаў тэрапіі дасягнулі этапу клінічных выпрабаванняў, колькасць якіх на 2008 год складала больш за 500, але няясна, ці будзе даказана іх эфектыўнасць. У 2013 годзе метад (Deep TMS) атрымаў знак адабрэння «CE Mark» для лячэння як сімптомаў хваробы Альцгеймера, гэтак і іншых захворванняў. Дзве амерыканскія кампаніі спынілі распрацоўку колішняга перспектыўнага прэпарата для палягчэння наступстваў страты памяці пры хваробе Альцгеймера пасля двух клінічных даследаванняў, падчас якіх сродак не змог дапамагчы хворым. Даследчыкі паведамілі, што станоўчая дынаміка захворвання ў пацыентаў у лёгкай або ранняй стадыі хваробы Альцгеймера не адрознівалася ад гэтакай у кантрольнай групе пацыентаў, якім давалі плацэба. Кампаніі «Pfizer» і «Johnson&Johnson» заявілі, што ўсе іншыя даследаванні ў гэтай галіне былі спынены. У дадзены момант эфектыўных лекаў ад хваробы Альцгеймера не існуе. Прапаноўваецца мноства спосабаў папярэдзіць хваробу Альцгеймера, але не быў адзначаны іх уплыў на цячэнне захворвання і яго цяжкасць. Як для прафілактыкі, гэтак і для барацьбы з хваробай часта рэкамендуюць займацца фізічнымі практыкаваннямі, стымуляваць мысленне і прытрымлівацца збалансаванай дыеты.
Хвароба Альцгеймера адносіцца да захворванняў, якія накладваюць найбольш цяжкі фінансавы цяжар на грамадства ў развітых краінах.
Гісторыя даследавання
Урачы і філосафы Старажытных Грэцыі і Рыма звязвалі старасць з аслабленнем розуму, аднак толькі ў 1901 г. нямецкі псіхіятр Алоіс Альцгеймер адзначыў выпадак хваробы, якая ў будучыні была названа ў яго гонар. Аналіз захворвання пяцідзесяцігадовай Аўгусты Дэтэр ён апублікаваў упершыню ў 1906 г., пасля таго як пацыентка, за якой ён назіраў, памерла. На працягу наступных пяці гадоў у медыцынскай літаратуры з’явіліся яшчэ 11 падобных апісанняў, прычым некаторыя з іх ужо выкарыстоўвалі тэрмін «хвароба Альцгеймера». Эміль Крэпелін быў першым, хто назваў хваробу Альцгеймера самастойным захворваннем. У 1910 годзе ён вылучыў яе ў якасці падтыпу сенільнай дэменцыі ў восьмым выданні свайго падручніка па псіхіятрыі, надаўшы ёй паралельную назву «прэсенільная дэменцыя».
Дыягназ хваробы Альцгеймера на працягу большай часткі XX ст. ставілі толькі адносна маладым пацыентам, у якіх першыя сімптомы дэменцыі выяўляліся ва ўзросце ад 45 да 65 гадоў. Тэрміналогія змянілася пасля праведзенай у 1977 годзе канферэнцыі па хваробе Альцгеймера, удзельнікі якой прыйшлі да высновы, што клінічныя і паталагічныя праявы прэсенільнай і сенільнай дэменцый практычна ідэнтычныя, хаця і не выключылі існавання этыялагічных адрозненняў. Паступова дыягназ пачалі ставіць незалежна ад узросту, хаця пэўны час для апісання хваробы ў асоб старэйшых за 65 гадоў усё яшчэ выкарыстоўвалі тэрмін «сенільная дэменцыя альцгеймераўскага тыпу» (SDAT), захоўваючы «класічны» дыягназ хваробы Альцгеймера для больш маладых. У выніку тэрмін «хвароба Альцгеймера» быў фармальна прыняты ў медыцынскую наменклатуру як назва захворвання, якое дыягнастуецца незалежна ад узросту пры наяўнасці адпаведных сімптомаў, якія развіваюцца характэрным чынам і суправаджаюцца з’яўленнем тыповых нейрапаталагічных прыкмет.
Эпідэміялогія
+Захворваемасць у асоб старэйшых за 65 гадоў Узрост Захворваемасць(новыя выпадкі) на тысячу чалавека-гадоў 65-69 3 70-74 6 75-79 9 80-84 23 85-89 40 90- 69
Два асноўныя паказчыкі, якія выкарыстоўваюцца ў эпідэміялагічных даследаваннях — захворваемасць і распаўсюджанасць захворвання. Захворваемасць адлюстроўвае колькасць новых выпадкаў на адзінку чалавека-часу (звычайна колькасць новых выпадкаў на тысячу чалавека-гадоў), а распаўсюджанасць захворвання дазваляе меркаваць аб агульнай колькасці пакутуючых на хваробу ў папуляцыі ў канкрэтны момант часу.
Кагортныя лангіцюдныя даследаванні (падчас якіх першапачаткова здаровая папуляцыя адсочваецца на працягу многіх гадоў) дазваляюць меркаваць аб захворваемасці на ўзроўні 10-15 новых выпадкаў на тысячу чалавека-гадоў для ўсіх тыпаў дэменцыі і 5-8 выпадкаў для хваробы Альцгеймера, што складае прыкладна палову ад агульнай колькасці штогадовых дыягназаў. Састарэлы ўзрост з’яўляецца галоўным фактарам рызыкі, што адлюстроўваецца ў статыстыцы: на кожныя 5 гадоў пасля 65-гадовага ўзросту паказчык рызыкі павялічваецца прыкладна ў два разы, вырастаючы ад 3 выпадкаў у 65 гадоў да 69 выпадкаў на тысячу чалавека-гадоў к 95 гадам. Існуюць і палавыя адрозненні: жанчыны часцей захворваюць на хваробу Альцгеймера, асабліва пасля 85 гадоў.
Распаўсюджанасць хваробы ў папуляцыі залежыць ад розных фактараў, у тым ліку ад захворваемасці і смяротнасці. Паколькі захворваемасць расце з узростам, неабходна заўжды ўлічваць сярэдні ўзрост насельніцтва ў мясцовасці, дзе праводзяцца даследаванні. У ЗША па стане на 2000 г. каля 1,6 % насельніцтва, як у цэлым, гэтак і ў групе 65-74 гадоў, мелі хваробу Альцгеймера. У групе 75-84 гадоў гэты паказчык складаў ужо 19 %, а сярод грамадзян, чый узрост перавысіў 84 гады, распаўсюджанасць хваробы складала 42 %. У менш развітых краінах распаўсюджанасць хваробы ніжэйшая. Па дадзеных СААЗ, у 2005 г. на дэменцыю хварэлі 0,379 % сусветнага насельніцтва, а прагноз на 2015 г. дасягаў значэння 0,441 %, пры гэтым прагноз на 2030 г. складаў 0,556 %. Да падобных высноў прыходзяць і аўтары іншых прац. Яшчэ адно даследаванне дазваляе меркаваць аб тым, што у 2006 г. распаўсюджанасць хваробы ў свеце складала 0,40 % (інтэрвал 0,17 % — 0,89 %, абсалютная колькасць — 26,6 млн чалавек, з інтэрвалам 11,4—59,4 млн) і прадказвае, што долевы паказчык вырасце ў два разы, а абсалютная колькасць хворых — у чатыры разы да 2050 г.2006 prevalence estimate:
Этыялогія Прычыны большасці выпадкаў хваробы Альцгеймера да гэтага часу невядомыя, акрамя 1 % — 5 % выпадкаў, калі генетычныя асаблівасці былі выяўлены. Некалькі канкурыруючых гіпотэз спрабуюць растлумачыць этыялогію хваробы.
Генетычная гіпотэза Генетычная гіпотэза ўзнікнення хваробы Альцгеймера (асабліва парушэння памяці) базіруецца на даследаваннях блізнят і сямейных даследаваннях. Было высветлена, што імавернасць атрымаць хваробу ў спадчыну ляжыць у дыяпазоне ад 49 % да 79 %Wilson RS, Barral S, Lee JH, et al. Heritability of different forms of memory in the Late Onset Alzheimer’s Disease Family Study.. J Alzheimers Dis.. 2011;23(2):249-55. doi:10.3233/JAD-2010-101515.PMID 20930268.Gatz M, Reynolds CA, Fratiglioni L, et al. Role of genes and environments for explaining Alzheimer disease. Arch Gen Psychiatry. 2006;63(2):168–74.doi:10.1001/archpsyc.63.2.168. PMID 16461860.. Прыкладна 0,1 % выпадкаў хваробы Альцгеймера складаюць сямейныя формы, якія перадаюцца па аўтасомна-дамінантным тыпе і праяўляюцца да 65 гадоўBlennow K, de Leon MJ, Zetterberg H. Alzheimer’s Disease. Lancet. 2006;368(9533):387–403.doi:10.1016/S0140-6736(06)69113-7. PMID 16876668.. Гэта форма хваробы вядомая пад назвай «ранняя сямейная форма хваробы Альцгеймера». Большасць выпадкаў гэтай формы развіваюцца праз мутацыі ў адным з трох генаў: у тым, што кадзіруе папярэднік бэта-амілоіду (ПБА), або ў генах, што кадзіруюць сінтэз прэсенілінаў 1 і 2Waring SC, Rosenberg RN. Genome-wide association studies in Alzheimer disease. Archives of Neurology. 2008;65(3):329–34.doi:10.1001/archneur.65.3.329. PMID 18332245.. Большасць мутацый у генах, адказных за ПБА і прэсеніліны, вядуць да павелічэння прадукцыі маленькіх бялкоў з назвай Aβ42, які з’яўляецца галоўным кампанентам сенільных бляшакSelkoe DJ. Translating cell biology into therapeutic advances in Alzheimer’s disease. Nature. 1999;399(6738 Suppl):A23-31. doi:10.1038/19866.PMID 10392577.. Некаторыя жа мутацыі толькі змяняюць суадносіны паміж Aβ42 і іншымі буйнейшымі формамі (напрыклад, Aβ40) без павелічэння ўзроўню Aβ42Borchelt DR, Thinakaran G, Eckman CB, et al.Familial Alzheimer’s disease-linked presenilin 1 variants elevate βA1-42/1-40 ratio in vitro and in vivo[PDF]. Neuron. 1996;17(5):1005–13.doi:10.1016/S0896-6273(00)80230-5. PMID 8938131.Shioi J, Georgakopoulos A, Mehta P, et al. FAD mutants unable to increase neurotoxic Aβ 42 suggest that mutation effects on neurodegeneration may be independent of effects on Abeta. Journal of Neurochemistry. 2007;101(3):674–81.doi:10.1111/j.1471-4159.2006.04391.x. PMID 17254019.. Гэта сведчыць аб тым, што мутацыі, звязаныя з прэсенілінамі, могуць выклікаць хваробу, нават калі яны зніжаюць агульную колькасць прадукцыі Aβ, і можа прывесці да адкрыцця іншых роляў прэсенілінаў або ўзаемадзеяння паміж ПБА і Aβ. Існуюць таксама пратэкцыйныя варыянты генаў сінтэзу ПБАJonsson T, Atwal JK, Steinberg S, et al. A mutation in APP protects against Alzheimer’s disease and age-related cognitive decline.. Nature. 2 August 2012;488(7409):96–9. doi:10.1038/nature11283. PMID 22801501..