Меда́ль «Го́нар і Го́днасць» — дзяржаўная ўзнагарода ў Нацыянальнай сістэме ўзнагарод Беларусі (дэмакратычных сіл), распрацаванай Геральдычнай радай «Пагоня». З'яўляецца першай узнагародай, заснаванай дэмакратычнымі сіламі пасля Рэвалюцыі Годнасці 2020 года. Прызначана для адзначэння грамадзян за выключную адданасць у служэнні Беларусі і змаганні за яе свабоду. Заснавана Пастановай № 3 Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі ад 11 лютага 2023 года (дапоўнена 8 чэрвеня 2023 года).
Статут і парадак узнагароджання Згодна са статутам, медаль уручаецца ад імя беларускага народа беларускім і замежным грамадзянам (ваеннага і цывільнага стану), а таксама асобам без грамадзянства за грамадска значны ўнёсак у руйнаванне аўтакратычнага рэжыму.
Падставамі для ўзнагароджання з'яўляюцца: стварэнне валанцёрскіх рухаў і структур грамадзянскага супраціву; асабістая мужнасць і годнасць, праяўленыя падчас змагання за дэмакратыю і правы чалавека з рызыкай для жыцця і здароўя; годнае выкананне прафесійных абавязкаў ва ўмовах акупацыі або парушэння законнасці; вернасць прысязе народу Беларусі (адмова выконваць злачынныя загады); доўгатэрміновае спрыянне ўмацаванню дэмакратыі і рэспубліканскага дзяржаўнага ладу.
Рашэнне аб узнагароджанні прымаецца Аб’яднаным пераходным кабінетам Беларусі. Уручаць медаль мае права кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская або іншыя сябры Кабінета па яе даручэнні. Пры неабходнасці (у мэтах бяспекі) можа забяспечвацца поўная ананімнасць асоб, якія ўзнагароджваюцца. Разам з медалём выдаецца пасведчанне ўсталяванага ўзору.
У агульнай іерархіі Нацыянальнай сістэмы ўзнагарод медаль «Гонар і Годнасць» размяшчаецца пасля Медаля Францыска Скарыны і перад Медалём «За дапамогу Беларускаму войску». Медаль носіцца на левым баку грудзей, пасля вайсковых медалёў. Фінансаванне вырабу ўзнагароды ажыццяўляецца за кошт дабрачынных ахвяраванняў і іншых законных крыніц.
Апісанне і семантыка Дызайн медаля быў распрацаваны пры ўдзеле найлепшых беларускіх геральдыстаў, гісторыкаў і дзеячаў культуры. Ён мае круглую форму (дыяметр 32 мм) і серабрысты колер. Вырабляецца з латуні з пакрыццём срэбрам 925-й пробы.
На аверсе (ліцавым баку) медаля ў цэнтры змешчана выява гістарычнага герба «Пагоня» ў тарчы (шчыце). Па перыметры медаля праходзіць лаўровы вянок. На рэверсе (адваротным баку) таксама размешчаны лаўровы вянок, унутры якога выбіты надпіс «БЕЛАРУСЬ ПЕРАДУСІМ».
Узнагарода мацуецца праз вушка да вертыкальнай шасцікутнай калодкі з трапецападобным серабрыстым нізам (памер калодкі 50×28 мм). Стужка медаля мае блакітны колер, па цэнтры якой пушчаны тры вузкія палосы (белая, чырвоная, белая).
Візуальная канцэпцыя ўзнагароды абапіраецца на спалучэнне беларускага герба «Пагоня» (у ізаграфіі, якая прыпісваецца мастаку Язэпу Драздовічу) і лаўровага вянка пашаны. Вянок быў візуальна запазычаны з залатога партугала Жыгімонта Аўгуста 1562 года — буйнога манетнага наміналу часоў Вялікага Княства Літоўскага, які выкарыстоўваўся як узнагарода за службу. Гэта сімвалізуе пераемнасць паміж ВКЛ і сучаснай Беларуссю, а таксама глыбокія гістарычныя карані ўласнай традыцыі ўзнагароджвання.
Нацыянальны лозунг на рэверсе «Беларусь перадусім» акцэнтуе ўвагу на тым, што ўзнагарода выдаецца менавіта за заслугі перад Айчынай. Блакітны колер стужкі сімвалізуе чысціню неба над Беларуссю, а бел-чырвона-белая ўстаўка адсылае да колераў беларускага нацыянальнага сцяга. Срэбра ў геральдыцы азначае сумленнасць, ахвярнасць і бескарыслівасць.
Гісторыя ўручэнняў 2023 год Першае гістарычнае ўзнагароджанне медалём «Гонар і Годнасць» адбылося 1 сакавіка 2023 года. Былі адзначаны (пасмяротна) 27 загінулых удзельнікаў беларускіх пратэстаў 2020—2021 гадоў і беларускіх добраахвотнікаў, якія аддалі жыццё, змагаючыся на баку Узброеных Сіл Украіны.
2024 год 21 лютага 2024 года, з нагоды Дня роднай мовы, медалі атрымалі дзеячы адукацыі і культуры: Ніна Баршчэўская — доктарка філалагічных навук; Ігар Лукашук — дырэктар Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы; Ванда Марцінш — паэтэса і перакладчыца; Андрэй Янушкевіч — гісторык, выдавец; Два чалавекі былі ўзнагароджаны непублічна з прычын бяспекі.
У маі 2024 года ў Кіеве медаль быў уручаны шэрагу добраахвотнікаў і валанцёраў, у тым ліку старшыні Геральдычнай рады «Пагоня» Мікіту Забугу, што выклікала дыскусію ў грамадстве з-за яго кароткага тэрміну знаходжання на фронце.
2025 год 21 сакавіка 2025 года (напярэдадні Дня Волі) ўзнагарода была прысуджана ветэрану міліцыі Аляксандру Варапаеву — 68-гадоваму палкоўніку ў адстаўцы, які падчас пратэстаў у жніўні 2020 года спрабаваў абараніць людзей каля ўніверсама «Рыга» і атрымаў кулявое раненне ў жывот ад сілавікоў.
2026 год 21 сакавіка 2026 года медаль атрымаў грамадскі актывіст, вайсковец і дзяржаўны дзеяч Сяргей Багукалец.
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі Катэгорыя:Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі Катэгорыя:Медалі Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 2023 годзе