Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі або Беларускі савет праваслаўных цэркваў у Паўночнай Амерыцы — царкоўна-адміністрацыйная адзінка (епархія) у юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата, аб’ядноўвала беларускія праваслаўныя прыходы, якія ўзніклі ў ЗША і Канадзе ў пачатку 1950-х гадоў. Статут прыняты ў 1980 годзе. Самастойная юрысдыкцыя спыніла існаванне ў 2005 годзе, прыходы ўвайшлі ў склад Амерыканскай карпата-русінскай праваслаўнай епархіі.
Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі створана ў 1970 годзе на царкоўным з’ездзе ў Саўт-Рыверы. У 1971 годзе для беларускіх прыходаў створаны Савет. Пяць прыходаў вылучаны ў асобную юрысдыкцыйную адзінку, яе адміністратар падпарадкоўваўся непасрэдна кіраўніку Грэчаскай праваслаўнай архіепіскапіі Амерыкі. Складаўся з чатырох прыходаў у ЗША і аднаго ў Канадзе: Царква Святой Ефрасінні Полацкай (284 Уайтхэд-авеню, Саўт-Рывер, штат Нью-Джэрсі); Царква Святога Кірылы Тураўскага (104-29 Атлантык-авеню, , штат Нью-Ёрк), прыход утварыўся пасля расколу ў бруклінскім прыходзе БАПЦ, які пакінула частка прыхаджан і пабудавала ў 1983 годзе новы храм; Царква Святога Георгія (1500 Мэйплвуд-авеню, Чыкага, штат Ілінойс); Капліца прыходу Смаленскай Божай Маці (адпачынкавы цэнтр «Бэлэр Менск», Нёман-роўд, Глен-Спэй, штат Нью-Ёрк), філіял прыходаў св. Еўфрасінні Полацкай і св. Кірылы Тураўскага, клірыкі якіх здзяйсняюць тут богаслужэнні ў маі-кастрычніку; Царква Святой Ефрасінні Полацкай (1008 Доверкорт-роўд, Таронта, Канада).
Адміністратары: Мікалай Лапіцкі (1970—1976); Святаслаў Коўш (1977—1997); Грыгорый О'Кіф (1997—2005).
Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі вяла дабрачынную, выхаваўчую, адукацыйную, выдавецкую дзейнасць: выдавала часопіс «Царкоўны сьветач» (у 1951—1988), штогадовы беларускі праваслаўны каляндар; падтрымлівала выданне часопіса «Беларуская думка»; адкрыла Беларускі рэлігійна-адпачынкавы цэнтр «Бэлэр-Менск», Беларускі рэлігійна-грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы, суботнія і нядзельныя школы для дзяцей беларускіх эмігрантаў.
Крыніцы
Літаратура Языковіч Л. Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі // Слесарев А. В. Предпосылки возникновения и история развития Белорусского Совета православных церквей в Северной Америке в 1950—1976 гг. // Христианское чтение. — 2019. — № 4. — С. 176—192. Слесарев А. В. Белорусский Совет православных церквей в Северной Америке под руководством протопресвитера Святослава Ковша в 1976—1986 гг. // Христианское чтение. — 2020. — № 2. — С. 208—219.
Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў ЗША Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Канады Катэгорыя:Гістарычныя епархіі Канстанцінопальскай праваслаўнай царквы Катэгорыя:З’явіліся ў 1970 годзе