Абмежаванне транзітных зносін з Калінінградскай вобласцю — забарона транзітных грузаперавозак паміж расійскай Калінінградскай вобласцю і астатняй тэрыторыяй Расіі праз тэрыторыю Літвы, які распаўсюджваецца на тавары, што знаходзяцца пад дзеяннем санкцый Еўрапейскага Саюза, накладзеных на Расію за яе ўварванне ва Украіну. Абмежаванні ўступілі ў сілу 18 чэрвеня 2022 года і прывялі да забароны транзіту праз літоўскую тэрыторыю вугалю, металаў, цэменту, драўніны, будаўнічых матэрыялаў і высокатэхналагічных вырабаў чыгуначным транспартам. Па словах губернатара Калінінградскай вобласці Антона Аліханава, забарона закранула ад 40 да 50% наменклатуры грузаў, якія транспартаваліся паміж Калінінградскай вобласцю і астатняй часткай РФ. 21 чэрвеня Літва распаўсюдзіла абмежаванні і на грузавы аўтатранспарт. Шэраг медыя назваў прынятыя меры «блакадай Калінінграда», выклікаўшы заяву ў адказ прэм’ер-міністра Інгрыда Шыманіце, якая падкрэсліла, што «пра блакаду гаворка не ідзе і абмежаванні накладзены толькі на перамяшчэнне тавараў, якія падпадаюць пад санкцыі Еўрасаюза».

У адказ з боку Расіі прагучалі адкрытыя пагрозы Літве. Так, кіраўнік часовай камісіі Савета Федэрацыі па абароне дзяржсуверэнітэта Андрэй Клімаў заявіў, што «калі ЕС не выправіць сітуацыю з блакадай Калінінградскай вобласці Літвой, то ён развяжа рукі Расіі для вырашэння гэтай праблемы любымі абранымі спосабамі». МЗС Расіі ахарактарызавала дзеянні суседняй дзяржавы як «правакацыйныя» і «адкрыта варожыя». 21 чэрвеня падчас візіту ў Калінінград сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў заявіў, што блакада з боку Літвы была справакаваная Захадам «у парушэнне... міжнароднага права». Ён папярэдзіў, што «адпаведныя меры будуць прыняты ў бліжэйшы час. Іх наступствы акажуць сур'ёзны негатыўны ўплыў на насельніцтва Літвы», — дадаў Патрушаў. У той жа дзень Міністэрства замежных спраў Расіі заявіла, што выклікала пасла Еўрапейскага Саюза ў Маскве Маркуса Эдэрэра ў сувязі з антырасійскімі абмежаваннямі на транзіт тавараў паміж Калінінградам і астатняй Расіяй. У сваёй заяве МЗС РФ заклікала да неадкладнага аднаўлення транзіту праз рэгіён і паабяцаў прыняць меры ў адказ, калі сітуацыя не палепшыцца. Па заявах прэзідэнта, Літва будзе гатова, калі Расія адключыць яе ад рэгіянальнай энергасістэмы ў адказ на блакаванне чыгуначных паставак некаторых расійскіх тавараў у Калінінград, ваеннай канфрантацыі не чакаецца.

Зноскі

Катэгорыя:Знешняя палітыка Літвы Катэгорыя:Гісторыя Калінінградскай вобласці Катэгорыя:2022 год у палітыцы Катэгорыя:Чэрвень 2022 года