Джэсіка Хо (, ), больш вядомая як Джэсі () — карэйска-амерыканская рэперка, спявачка, аўтар-кампазітар і эстрадная артыстка. Яна таксама з’яўляецца былой удзельніцай хіп-хоп гуртаў Uptown і Lucky J.

Джэсі дэбютавала ў 2005 годзе ў Паўднёвай Карэі і ў 2006 часова была часткай хіп-хоп гурту Uptown. Пасля некалькі гадоў перапынку Джэсі вярнулася ў індустрыю ў 2014 годзе як удзельніца гурту Lucky J і працягнула сольную кар’еру. На працягу некалькіх год Джэсі была сола-выканаўцай пад лэйблам YMC Entertainment, але ў 2019 перайшла ў кампанію P Nation і, стаўшы іх першай артысткай, працягвае выступаць у якасці сола-спявачкі. Некаторыя з яе сінглаў сталі паспяховымі і занялі месцы ў Top 10 у чарце Gaon Digital Chart. Асабістую папулярнасць набылі яе трэк «Nunu Nana» і сінгл «Don’t Touch Me», які Джэсі запісала ў якасці ўдзельніцы гурту Refund Sisters.

Джэсі таксама часта з’яўляецца на розных тэлевезійных шоу. Удзел у шоу Unpretty Rapstar у 2015 годзе дапамог спявачке набыць папулярнасць сярод карэйскіх гледачоў. Джэсі спадаблася аудыторыі сваёй таленавітасцю і незвычайным вобразам. Яна таксама выступала ў якасці суддзі ў конкурсных шоу High School Rapper і Cap-teen, і была вядучай у сваім уласным ток-шоу на YouTube з SBS, Jessi’s Showterview. Джэсі адметная сваімі выступленнямі ў праграмах з комікам Ю Чжэ Сокам, такімі як Running Man і Hangout with Yoo, а таксама нязменным удзелам ў шоу Sixth Sense ().

Біяграфія

Дзяцінства і юнацтва Джэсіка Хо (карэйскае імя: Хо Хён Джу) нарадзілася 17 снежня 1988 года ў Нью-Ёрку (ЗША) ў сям’і паўднёвакарэйскіх імігрантаў. На той момант у яе бацькоў ужо было двое сыноў і дачка стала трэцім і апошнім дзіцём. Джэсі гадавалася ў Нью-Джэрсі і хадзіла ў мясцовую школу да падлеткавага ўзросту. З дзяўчынкі часта здзекваліся ў школе праз яе расу, але старэйшыя браты заўжды былі побач, каб абараніць сястру, і ўжо пазней Джэсі навучылася самастойна адказваць хуліганам.

У 15 гадоў Джэсі, ідучы за сваёй марай пачаць музычную кар’еру, пераехала ў Паўднёвую Карэю і стала жаць з бабуляй. Там яна пачала сваю адукацыю ў карэйскай школе для замежных студэнтаў — Korean Kent Foreign School. У той жа час Джэсі падала заяўку на праслухоўванне ў SM Entertainment, адну з найбольш вядомых карэйскіх кампаній, дзе ўжо стажыраваліся яе школьныя сяброўкі — будучыя ўдзельніцы K-pop гурта Girls’ Generation Тыфані Ён і Джэсіка Чон. На працягу нейкага часу пасля паспяхова пройдзенага праслухоўвання Джэсі была трэйні ў SM Entertainment, але потым дзяўчына вырашыла пакінуць кампанію, бо лічыла, што іх музычны стыль ёй не падыходзіць. Джэсіка гадавалася ў Штатах на музыке такіх артыстаў, як Jay-Z, TLC, Biggie, Мэрая Кэры, Уітні Х’юстан і знаходзілася пад моцным уплывам амерыканскай культуры хіп-хопа, што дазволіла ёй сфармаваць свой унікальны стыль, які не падыходзіў пад стандарты тагачаснай K-pop музыкі.

У 2003 годзе паспяхова прайшла праслухоўванне ў Doremi Media і падпісала з лэйблам кантракт.

2005—2009: пачатак кар’еры, Uptown і перапынак У 2005 годзе Джэсі нарэшце дэбютавала ў якасці сола-выканаўцы. Дэбют адбыўся 1 снежня 2005 года з першым сінгл-альбомам Get Up, артыстка ўзяла сабе мянушку Jessica H.O. Джэсі выступіла са сваёй першай песняй «Get Up» на карэйскім тэлебачанні, прыняўшы ўдзел у музычнай праграме Music Bank. На жаль, дэбют быў няўдалым і не набыў папулярнасці сярод карэйскіх гледачоў.

У 2006 годзе Джэсі была запрошана ў хіп-хоп гурт Uptown, каб замяніць іх былую вакалістку Юн Мірэ. Удзельнікам гурта спадабаўся дэбют Джэсі і яе голас, таму яны вырашылі паспрабаваць супрацоўнічаць з ёй. Гурт, ужо з новым складам, дэбютаваў 25 траўня з пятым студыйным альбомам Testimony.

Другі сінгл-альбом спявачкі The Rebirth быў выпушчаны 15 студзеня 2009 года. Пасля рэлізу альбома Джэсі ўзяла перапынак і вярнулася ў ЗША.

Перад тым, як Джэсі часова пакінула музычную індустрыю, яна сапраўды старалася прывыкнуць да карэйскай культуры, а яе адаптацыя была вельмі складанай, так як амерыканская культура зусім далёкая ад карэйскай. Праз тое, што спявачка не атрымала поспеху пасля дэбюту, яна часам была змушаная спаць у саунах, калі ў яе не было грошаў.

2014—2018: вяртанне на сцэну, Lucky J, удзел у Unpretty Rapstar і рост папулярнасці У 2014 годзе, пасля пяцігадовага перапынку, Джэсі вярнулася ў індустрыю ў якасці ўдзельніцы хіп-хоп трыа Lucky J, разам з рэперам J’Kyun і вакалістам J-Yo. Lucky J дэбютавалі 17 ліпеня з сінглам «Can You Hear Me» пад лэйблам YMC Entertainment. Праз месяц пасля дэбюта гурт з’явіўся на музычнай праграме Mnet, Immortal Songs 2. 31 снежня Джэсі спела рэп-куплет у супрацоўніцтве са сваёй калегай па лэйблу Ailee і Хёрын з айдал-гурту SISTAR. Яны выступілі з хітом «Bang Bang» на штогадовым музычным шоу MBC Gayo Daejejeon.

Са студзеня па сакавік 2015 года Джэсі была часткай першага сезону Unpretty Rapstar, спін-офу праграмы Show Me The Money. Unpretty Rapstar — гэта праграма на выжыванне для рэперак, у якой дзяўчыны спаборнічаюць за магчымасць удзельнічаць у трэках іншых артыстаў. Джэсі была абраная ў якасці пераможца другога месца шоу па выніках галасавання гледачоў. Пасля свайго з’яўлення ў Unpretty Rapstar Джэсі прыняла ўдзел у песне JYP «Who’s Your Mama?», таксама з’явіўшыся ў яго музычным відэа, якое, як і песня, выйшла ў красавіку 2015. Адразу ж пасля рэлізу трэк заняў першыя месцы ва ўсіх дзевяці асноўных музычных чартах Карэі.

На працягу 2015 года Джэсі ўдзельнічала ў шматлікіх папулярных шоу, у тым ліку Running Man і Happy Together. У верасню артыстка стала ўдзельніцай шоу MBC Real Man. 1 верасня было абвешчана яе вяртанне на сцэну ў якасці рэперкі ды хіп-хоп выканаўцы. 15 верасня Джэсі выпусціла першы сольны рэп-сінгл «Ssenunni». Першае жывое выступленне Джэсі ў ЗША адбылося 16 кастрычніка. Яна выступала ў тэатры Беласка ў Лос-Анджэлесе з хіп-хоп дуэтам Mighty Mouth. Калі выйшла Unpretty Rapstar 2, Джэсі з’явілася ў некалькіх эпізодах у якасці настаўніцы. Яна і Cheetan, пераможца папярэдняга сезона, былі прадстаўлены ў Unpretty Rapstar выканаўцамі двух трэкаў, выпушчаных Verbal Jint. У снежні Джэсі спела сваю песню «Ssenunni» на Mnet Asian Music Awards.

У 2016 годзе Джэсі знялася ў першым сезоне папулярнага карэйскага шоу Sister’s Slam Dunk. У выніку спявачка стала ўдзельніцай праектнага жаночага гурту Unnies. Гурт дэбютаваў 1 ліпеня з сінглам «Sister’s Slam Dunk». У чэрвені спявачка з’явілася на Seoul Fashion Week. У жніўні праз свой Instagram Джэсі паведаміла, што хіп-хоп гурт Lucky J быў расфарміраваны. Таксама ў гэтым годзе спявачка запісала саўндтрэк да паўднёвакарэйскай дарамы Папялушка з чатырма рыцарамі.

Люты 2017 года пачаўся з удзелу Джэсі ў першым сезоне шоу Mnet High School Rapper, куды спявачка была запрошана ў якасці суддзі. У ліпені рэперка вярнулася з другім рэп-сінглам «Gucci», які стаў часткай яе першага міні-альбому Un2verse, выпушчанага 13 ліпеня. Альбом выў выпушчаны лэйблам YMC Entertainment, распаўсюджваннем займалася кампанія LOEN Entertainment. Un2verse складаецца з пяці песень, тры з якіх напісаныя і дзве спрадзюсаваныя Джэсі. Спявачка пачала прасоўванне альбому са свайго вяртання на M Countdown, дзе яна спела песню «Gucci», але назва трэку была зменена на «Чаму?» (хангыль: 굳이), каб пазбегнуць парушэння аўтарскіх правоў на тэлебачанні. Джэсі таксама працягнула выступаць з сінглам на KBS Music Bank 14 ліпеня, MBC!Music Core 15 ліпеня і SBS Inkigayo 16 ліпеня.

У студзені 2018 года Джэсі падзялілася у сваім Instagram, што яна разам з Джэем Пакам, Грэем і Чанмо будзе ўдзельнічаць у кампаніі Nike «Just do it» для зімовых Алімпійскіх гульняў, якія праходзілі ў Паўднёвай Карэі. У сакавіку Джэсі прыняла ўдзел у вытворчасці альбому Money makerz Maniac (пры ўдзеле Джэсі і Джэя Пака), у тым жа месяцы рэпер Los выпусціў трэк «Gyopo Rap» (пры ўдзеле Джэсі, Джэя Пака і G2). 31 сакавіка FlowSik і Джэсі выпусцілі песню «All I Need», пра якую яны ўжо раней згадвалі, кажучы, што яны будуць супрацоўнічаць над двума песнямі. Другая песня выйшла 4 красавіка пад назвай «Wet’s». 20 красавіка Джэсі з’явілася ў якасці госця на канцэрце рэпера Dumbfoundead. 29 красавіка Джэсі з’ехала ў Малайзію, каб запісаць праграму MTV Yo!MTVRaps, у якой яна выступала ў якасці вядучай. Шоу выйшла ў эфір на MTV Asia 6 ліпеня. У гэты ж дзень спявачка выпусціла свой шосты і апошні сінгл пад YMC Entertainment, «Down». AOMG Грэй прыняў удзел у вытворчасці трэку і спрадзюсаваў яго. У маі 2018 года Джэсі ў супрацоўніцтве з K-рэперамі DoubleK і Microdot выпусціла песню «Thorn» (хангыль: 가시), якая была часткай праекта па збору сродкаў для тых, хто мае ў іх патрэбу.

2019—2022: P Nation, NUNA і Sixth Sense У кастрычніку 2018 года кантракт спявачкі з YMC Entertainment афіцыйна скончыўся. 24 студзеня 2019 года Джэсі падпісала новы кантракт з лэйблам знакамітага паўднёвакарэйскага выканаўцы PSY P Nation. Яе першы сінгл пад лэйблам «Who Dat B» выйшаў 23 верасня. «Who Dat B» заняў восьмае месца ў чарце World Digital Songs Sales і 68 месца ў Billboard Korea K-Pop Hot 100. Джэсі таксама запісала яшчэ адзін рэп-сінгл «Drip» разам з Джэем Пакам. Трэк выйшаў 2 лістапада і заняў 16 месца ў чарце World Songs.

4 чэрвеня 2020 года на YouTube-канале Mobidic SBS адбылася прэм’ера новага шоу Jessi’s Showterview, вядучай якого стала Джэсі. 30 ліпеня спявачка выпусціла другой міні-альбом NUNA з сінглам «Nunu Nana» у якасці галоўнага трэку. «Nunu Nana» заняла другое месца ў хіт-парадзе Gaon Digital Chart, стаўшы яе першым сінглам у дзясятцы лепшых у якасці сольнага выканаўцы і сольным сінглам з самым высокім рэйтынгам. 14 жніўня было выпушчана музычнае відэа для песні «Numb».

Джэсі далучылася да акцёрскага складу тэлевізійнага рэаліці-шоу MBC Hangout with Yoo ў жніўні 2020 года ў якасці ўдзельніцы праектнага супергурту Refund Sisters (). Гурт складаецца з Джэсі і яшчэ трох карэйскіх спявачак: Лі Хё Ры, Ом Чон Хвы і ўдзельніцы K-pop гурту Mamamoo Хвасы; яны дэбютавалі 10 кастрычніка, выпусціўшы дэбютны сінгл «Don’t Touch Me». Сцэнічным імем Джэсі для ўдзелу ў праекце стала Ынбі (; ). «Don’t Touch Me» займала першае месца у чарце Gaon Digital Chart на працягу двух тыдняў. У верасні 2020 адбылася прэм’ера тэлевезійнага шоу tvN Sixth Sense, у якім Джэсі ўзяла ўдзел як частка асноўнага складу вядучых. Менавіта на гэтым шоу яна зноў сустрэлася з комікам Юн Чжэ Сокам, з якім здымалася раней у Hangout with Yoo. У чэрвені 2021 і сакавіку 2022 года Джэсі вярталася ў якасці ўдзельніцы другога ды трэцяга сезонаў шоу.

17 сакавіка 2021 года Джэсі выпусціла новы сінгл пад назвай «What Type of X (어떤X)». Песня хутка набыла папулярнасць сярод карыстальнікаў TikTok. 12 кастрычніка спявачка вярнулася з сінглам «Cold Blooded», які быў створаны ў супрацоўніцтве з конкурсным шоу Mnet для танцавальных груп Street Woman Fighter; калектывам было даручана паставіць харэаграфію для песні, і ў выніку група YGX стала пераможцам. У лістападзе 2021 Джэсі і паўднёвакарэйская спявачка Sunmi прынялі ўдзел у рэміксе песні Эда Шырана «Shivers».

1 красавіка 2022 года P Nation афіцыйна абвясціла, што Джэсі вернецца з новым сінглам «Zoom» ужо 13 красавіка. Джэсі таксама працягнула ўдзельнічаць у творчасці іншых артыстаў. 29 красавіка выйшыў дзявяты студыйны альбом PSY з трэкам «GANJI», які той запісаў разам з Джэсі.

2022—наш час: выхад з лэйбла і далучэнне да MORE VISION 6 ліпеня 2022 года P Nation пацвердзіла, што іх кантракт з Джэсі скончыўся, і спявачка пакінула лэйбл. Пасля гэтага Джэсі пачала музычны тур па Еўропе, падчас якога наведала Берлін, Лондан, Парыж, Обергаўзен і Барселону. 8 кастрычніка падчас канцэрта ў Берліне спявачка падзялілася з фанатамі планамі па стварэнню ўласнага лэйбла.

14 красавіка 2023 лэйбл MORE VISION анансаваў тызер-фота Джэсі разам з заснавальнікам лэйбла Джэем Пакам. Агенцтва абвясціла пра далучэнне спявачкі і ейнае далейшае прасоўванне ў якасці артысткі MORE VISION.

Асабістае жыццё Джэсі любіць сабак і мае хатняга гадаванца па мянушцы Чуі (што магчыма з’яўляецца адсылкай да сусвету Зорных войнаў).