Будынак пазямельна-сялянскага банка — будынак у гістарычным цэнтры Пінска, размешчаны па вуліцы Заслонава, 17.

Пабудаваны ў 1920 г. з цэглы. У канцы XX ст. тут размяшчаўся Палескі аграпрамысловы банк.

Архітэктура Помнік грамадзянскай архітэктуры з элементамі неакласіцызму.

Прамавугольны ў плане трохпавярховы будынак з 3 рызалітамі вылучаецца выразнасцю кампазіцыі, выразнасцю пластычнага рашэння, накрыты вальмавым дахам, з якім спалучаюцца двухсхільныя дахі рызалітаў. Галоўны падоўжны фасад раскрапаваны плоскім цэнтральным рызалітам з ярка выяўленай воссю сіметрыі, падкрэсленай арачным парталам з паўцыркульным імпастам. Да тарцовых фасадаў прылягаюць глыбокія бакавыя рызаліты, у адным з якіх зроблены бакавы ўваход, у іншым — уязная арка. Будынак мае высокі цокальны паверх. Першы паверх трактаваны як аснова лягчэйшай верхняй часткі будынка і апрацаваны плоскім гарызантальным рустам. Два верхнія паверхі цэнтральнага рызаліта аб'яднаны плоскімі ордарнымі пілястрамі і ўвянчаны развітым антаблементам і ступеньчатым атыкам. У дэкоры выкарыстаны элементы ордарнай архітэктуры, ляпніна, вітраж, каваны метал, спалучэнне аддзелачных матэрыялаў розных колераў. Планіроўка калідорная, з двухбаковым размяшчэннем кабінетаў і цэнтральнай двухмаршавай лесвіцай.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Гістарычны цэнтр Пінска Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Пінска Катэгорыя:Вуліца Заслонава (Пінск) Катэгорыя:1920 год у Пінску Катэгорыя:Збудаванні Пінска ў стылі неакласіцызм Катэгорыя:Банкаўскія будынкі