Вялікі Перакоп — рака ў Беларусі, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці і Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, у басейне ракі Нёман.
Назва Назва «Вялікі Перакоп», як і назва гэтай ракі ў яе верхнім цячэнні «Малінаўка», — пазнейшага паходжання.
Пярвейшая назва — Сермеж, ад яе два тапонімы ўздоўж цячэння ракі (цяпер Сырмеж і Малая Сырмеж, ранейшая форма таксама «Сірмеж»), а таксама назва возера (цяпер возера Кузьмічы, паводле назвы вёскі на ім). Назва верхняга цячэння ракі перайначылася ў «Малінаўка» паводле тапоніма Малінаўка (ранейшая фіксацыя — «Малінаў»).
Найбліжэйшы гідранімічны аналаг — літоўская рачная назва Serma(s), што лічыцца вельмі архаічнай. Да індаеўрапейскага *sermo- «рака, плынь» і карацейшага *ser- «цячы»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 296.J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 909—910., ад якога таксама назва дзвінскай ракі Сар’я (< *Sarija). Таксама рачная назва на прыпяцкім правабярэжжы Цэрэм / Сарэмскі, адпачатная форма якой таксама балцкае *Serm-О. Н. Трубачев. Труды по этимологии: Слово. История. Культура. Т. 4. Москва, 2009. С. 593—594..
Корань пашыраны такім самым пашыральнікам, як у назве літоўскай падвіленскай ракі NemėžaA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 227. (корань *Nem- з семантыкай звілістасці, як у назве Нёман, Няміга). Гэты пашыральнік выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні, утвараючы вытворныя формы (varlė «жаба» — varlėža «жабка»)P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 391.. Фанетычна блізкі пашыральнік у назвах рэк Вяліжа, Буліжа (на захадзе Смаленшчыны), *Нясвіжа (ад яе тапонім Нясвіж).
Назва *Sermėža значыла «Плыткая (рака)».
У рэгіёне, арыентаваным на Нарачанскія азёры, з поўначы на поўдзень, у Вілію, менш-больш паралельна адна адной цякуць тры ракі, назвы якіх ад кораня *ser-: *Serma, *Serva, *Sirinta (> Сермеж, Сэрвач, Страча). Паходжанне гэтых аднакарэнных старабалцкіх назваў можа быць аднесенае да часоў, калі пасля сыходу ледавіка ўзнікла водная структура Нарачанскага Паазер’я.
Гідраграфія Даўжыня ракі 35 км. Плошча вадазбору 241 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,8 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,1 ‰.
Пачынаецца ў напрамку на паўднёвы захад ад вёскі Мацясы Мядзельскага раёна (у высокай плыні называецца Малінаўка), упадае з паўднёвага ўсходу ў возера Свір.
Даліна ракі звілістая, добра распрацаваная, у высокай плыні вузкая, у нізкай шырынёй 0,3—1 км. Схілы даліны спадзістыя, ніжэй вёскі Сяляткі — абрывістыя. Абалона двухбаковая, шырынёй 200—400 м. Рэчышча звілістае (шырыня да 4 м), на працягу 20,4 км каналізаванае: выток — 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Мельнікі (9,5 км) і 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Абрамы — 2,2 км на ўсход ад вёскі Хмылкі (10,9 км). Берагі абрывістыя.
Асноўныя прытокі: Малы Перакоп, Сермеж і ручай Першы.
Гаспадарчая дзейнасць У нізоўі рыбапрамысловая дзялянка, каля вёскі Шэметава створана сажалка (плошча 0,42 км²). У вярхоўі і сярэдняй плыні на абалоне прымае сцёк меліярацыйных каналаў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Общая характеристика речной сети Минской области (в разрезе районов) // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Основные характеристики речных бассейнов (с площадью водосбора более 200 кв. км) Минской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
Катэгорыя:Рэкі Пастаўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Мядзельскага раёна Катэгорыя:Басейн Страчы