Лошыцкія курганныя могільнікі — археалагічныя помнікі, курганныя могільнікі ў ваколіцах былой вёскі Лошыца 2-я, цяпер у межах Мінска (вул. Лошыца 2-я).

Могільнік—1 Знаходзіцца на поўдзень ад вёскі, на ўзгорку, ва ўрочышчы Замчышча. 13 круглых курганоў і адзін падоўжаны. У канцы 1890-х гадоў Генрых Татур даследаваў 2 насыпы. Знойдзены 2 бронзавыя скроневыя пярсцёнкападобныя з заходзячымі канцамі кольцы, 2 бронзавыя лірападобныя спражкі, паясное кольца, жалезная пласціна з кручкамі на канцах, фрагменты жалезнага нажа, золаташкляная цыліндрычная панерка, кавалак лямцавага шнура. У 1930 годзе абследаваў А. А. Рынейскі, у 2006 годзе Ю. А. Заяц. Захаваўся адзін падоўжаны курган у завулку Каржанеўскага.

Могільнік—2

Знаходзіцца на поўдні ад вёскі каля Стара-Койданаўскага шляху (цяпер мікрараён па вул. Ландара) на паўднёвым захадзе ад чыгуначнага прыпынка Курасоўшчына. 3 курганы. У 1930 годзе абследаваў А. А. Рынейскі, у 1980-я гады адзін курган раскапаў П. А. Русаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на мацерыку, галавой на захад. Знойдзены золаташкляныя бочкападобныя і цыліндрычныя пацеркі. Датуецца XI ст. У 2008 годзе абследаваў Ю. А. Заяц. Захаваўся адзін круглы курган дыяметрам 13,5 м, вышыня каля 2 м.

Могільнік—3 Знаходзіцца на поўдзень ад былой вёскі, у садзе. 13 невялікіх насыпаў. У 1930 годзе абследаваў А. А. Рынейскі, у 2008—2009 гадах Ю. А. Заяц. Захаваўся адзін напаўразбураны курган пры з’ездзе з МКАД на праспект Дзяржынскага.

Літаратура Аттас, О., Левина, Г. Новое в Лошице // Вечерний Минск. — 1988. — № . — 2 апреля. — С.

Рынейскі, А. Археалагічныя разведкі на р. Пціч // Працы секцыі археалогіі Інстытута гісторыі БелАН. Т. 3. — Мінск, 1932. Спицын, А. А. Обозрение некоторых губерний и областей России в археологическом отношении // Записки Русского археологического общества (Записки новой серии). Т. 11. Вып. 1—2. — Санкт-Петербург, 1889. Трусов, О. А. Изразцовые печи из лошицкой усадьбы // Строительство и архитектура Белоруссии. — 1989. — № 6. — С. 36—39: ил.

Спасылкі

Катэгорыя:Гісторыя Мінска Катэгорыя:Курганныя могільнікі Мінскага раёна