«Мазы́рскія мало́чныя праду́кты» («ММП») — прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1944 годзе ў Мазыры (Гомельская вобласць).
На 2022 год выпускала пад уласнымі таварнымі знакамі «Вясёлка смаку» і «Моц здароўя» такія малочныя вырабы, як вяршкі і ёгурты, кісламалочныя напоі, малако і масла, смятану і тварог. У Беларусі пастаўкі ажыццяўлялі пераважна ў межах Гомельскай вобласці. Замежныя пастаўкі ў асноўным накіроўвалі ў суседнія Расіі і Украіну, а таксама ў Казахстан. Фірмовы гандаль уключаў 9 крамаў, павільёнаў і шапікаў «Вясёлка смаку» ў Мазыры, а таксама адпаведныя крамы ў Гомелі і Ельску.
Вырабы На 2022 год «Мазырскія малочныя прадукты» выпускалі пад таварнымі знакамі «Вясёлка смаку» і «Моц здароўя»: пастэрызаванае і стэрылізаванае малако тлустасцю 1,5, 1,6, 2,5, 3,2, 3,6 і 3,8 % у літровых кардонных і пластыкавых пакунках з тэрмінам прыдатнасці 6 і 15 содняў і 9 месяцаў; біфітат тлустасцю 2,5 % з тэрмінам прыдатнасці 5 содняў у кардонным і пластыкавым пакунку па 450 і 200 грам; кефір тлустасцю 1,2 і 2,7 % у літровых кардонных пакунках з тэрмінам прыдатнасці 10 дзён; пражанку тлустасцю 2,5 % у пакунку па 320 грам з тэрмінам прыдатнасці 10 дзён і кісламалочны напой тлустасцю 0,5 % з малінай у пакунку па 450 грам; смятану тлустасцю 12, 18, 20 і 24 % у пакунках па 180, 350 і 370 грам з тэрмінам прыдатнасці 16, 18 і 23 дні; тварог тлустасцю 1, 3, 5 і 9 % у пакунках па 200, 300, 400 і 450 грам з тэрмінам прыдатнасці 18 і 31 дзень; салодкую тварожную масу тлустасцю 4,5 % па 250 і 400 грам з прыдатнасцю да 3-х дзён, а таксама 45%-вы плаўлены сыр па 150 грам; масла тлустасцю 65, 72,5 і 82,5 % па 170 грам з прыдатнасцю да 35 дзён у лядоўні; ёгурты тлустасцю 1,5 % з персікамі і чарніцамі пры тэрміне прыдатнасці 10 дзён і пудынгі тлустасцю 6 % па 175 грам з прыдатнасцю 10 дзён; тварожныя дэсерты тлустасцю 3 і 5 % па 140 і 150 грам з прыдатнасцю 21 дзень; сухое малако як абястлушчанае, гэтак цэльнае тлустасцю 26 % у папяровых мяшках па 25 кг; малочную сыроватку з ананасным, апельсінавым і мангавым сокам у літровых пакунках з прыдатнасцю 10 дзён.
Гісторыя У 1944 годзе ў Мазыры заснавалі «Мазырскі малаказавод». У 1946 годзе малаказавод наладзіў выпуск казеіну, сыроватачанага квасу, марожанае, масла і нятлустага тварагу. Сепаратарныя пункты заводу працавалі ў 8 вёсках: Бібікаў, Слабада, Прудок, Мялешкавічы, Скрыгалаў, Бокаў, Міхалкі і Каменка. За 1946 год перапрацавалі 1012 тон малака і вырабілі 24,4 тон масла, 12,1 тоны топленага масла, 5,7 тоны марожанае і 4,9 тоны сухога казеіну. У 1950 годзе выпускалі ацыдафільнае малако і вяршкі, абястлушчаны кефір, смятану, сыраквашу, сырковую масу і тварог. Пачалі разліў вырабаў у шкляныя пляшкі. У 1979 годзе закрылі ўчастак масла праз скарачэнне сыравіннай зоны, частку якой аддалі запушчанаму «Каленкавіцкаму заводу заменніка цэльнага малака». У студзені 1990 года ўзвялі корпус з цэхам вырабаў з нязнятага малака і перабудавалі кампрэсарны ўчастак. У ліпені 1991 года пусцілі камп’ютарызаваную лінію стэрылізаванага малака для доўгага захоўвання. У 1994 годзе ў старым корпусе пасля перабудовы пусцілі цэх марожанага і камп’ютарызаваны цэх дзіцячага харчавання для дзяцей груднога ўзросту, у тым ліку тварагу з ультрафільтраванай сыроваткі для захавання бялку.
У 2001 годзе аднавілі цэх масла, якое сталі фасаваць у пачкі па 200 грам. Нефасаванае масла ў скрынях па 20 кг пачалі адгружаць у Расію. У 2003 годзе цэх дзіцячага харчавання пачаў выраб ёгуртаў. У ліпені 2003 года да «Мазырскіх малочных прадуктаў» далучылі «Нараўлянскі малочны завод», які зачынілі праз 2 месяцы ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем малака ў Нараўлянскім раёне пасля Чарнобыльскай катастрофы. У выніку нараўлянскае малако сталі перапрацоўваць у тэхнічны казеін на Ельскім вытворчым участку магутнасцю 100 тон малака для пастаўкі ў Польшчу, Германію, ЗША і Сінгапур. У 2004 годзе пачалі выпуск лекавых кісламалочных вырабаў у цэху дзіцячага харчавання. У 2005-м тамсама наладзілі выпуск тварагу з садавіной і тварожных пудынгаў. У ліпені 2005 года запрацаваў цэх тварагу «Волат» і «Несцерка». У 2007 годзе ўсталявалі аўтарасфасовачнік ёгуртаў і тварожных дэсертаў у полістыролавыя кубкі з залітаваным вечкам. У 2009-м набылі пастэрызатар-ахалоджвальнік, абсталяванне для кацельні і 2 аўтаразлівачнікі малака. Дзіцячае харчаванне для «Мазырскіх малочных вырабаў» распрацоўваў Інстытут мяса-малочнай прамысловасці НАНБ.
У 2013 годзе 70 % вырабаў збылі за мяжу, з якіх большасць у Расію. Таксама «Мазырскія малочныя прадукты» занялі 3-е месца сярод беларускіх малаказаводаў на рынку Украіны. Пераважна пастаўлялі малако, кефір, смятану і тварог. На люты 2014 года фірмавая гандлёвая сетка прыватнага УП «Мазырскія малочныя прадукты» налічвала 16 крамаў, павільёнаў і шапікаў у Гомелі, Мазыры, Петрыкаве і Ветцы. Сыравіннай базай прадпрыемства былі сельскія гаспадаркі Мазырскага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці Беларусі. Пад таварнымі знакамі «Вясёлка смаку» і «Моц здароўя» выпускалі звыш 70 найменняў малочных вырабаў, у тым ліку малако і кісламалочныя напоі, смятану і вяршкі, тварог і тварожныя дэсерты, масла, марожанае і дзіцячае харчаванне, у тым ліку ёгурты. Перапрацоўка складала 180 тон малака ўзімку і 220 тон улетку. У 2014 годзе ўсталявалі аміячную лядоўню, што дазволіла знізіць выдатак электраэнергіі на 38 %, заашчаджаць 1,5 млрд рублёў за год, а таксама зменшыць выкарыстанне аміяку з 15 тон да 934 кг. Гомельскі абласны выканаўчы камітэт вылучыў 23 млрд рублёў на пераабсталяванне тварожнага ўчастка, што дазволіла выпускаць буйназярністы тварог з 30-дзённай прыдатнасцю замест 5-дзённай.
У 2016 годзе запусцілі ўчастак сухога малага магутнасцю 10 тон за суткі. На люты 2018 года «Мазырскія малочныя прадукты» штодня перапрацоўвалі 250 тон малака. Гандлёвая сетка налічвала 14 фірмавых крамаў у Мазыры, Гомелі і Нароўлі. Таксама вытворчасць пашырылі за кошт біфітату, які прызначаўся для харчавання пры алергіі і для адновы мікрафлоры страўніка пасля лячэння антыбіётыкамі ад інфекцыі. Урэшце пастаўкі сталі ажыццяўляць у краіны Азіі: Арменію і Казахстан, Кітай, Марока, Пакістан і Турцыю. У 2020 годзе большасць вырабаў адгрузілі ў Расію, Казахстан, Узбекістан і Украіну. У 2020 годзе ініцыятыва «Умовы для мовы», якую распачаў Ігар Случак, распачала кампанію зваротаў «Беларускаму малаку — беларуская мова», у ходзе якой «Мазырскія малочныя прадукты» дадалі беларускую мову на этыкеткі сваіх вырабаў. На верасень 2021 года прадпрыемства штодня перапрацоўвала 300 тон малака і выпускала больш за 80 відаў вырабаў.
Спасылкі
Катэгорыя:Прадпрыемствы Мазыра Катэгорыя:Вытворцы прадуктаў харчавання Беларусі Катэгорыя:1944 год у Беларусі Катэгорыя:Пралетарская вуліца (Мазыр)