Дэісус — абраз 1791 года, які паходзіць з Мінскай вобласці. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Апісанне На абразе прадстаўлена кампазіцыя «трыморф». Мае ўрачыста-святочны выгляд. У цэнтры, на троне, велічна ўзвышаецца Хрыстос у поўным архіерэйскім аблачэнні — у вохрыстым сакасе з буйнымі белымі і блакітнымі кветкамі, светла-зялёным амафоры, з цёмна-зялёнай паліцай, крыжам і панагіяй на грудзях. На галаве — чырвоная мітра, на нагах такога ж колеру чаравікі. Маці Божая ў ружовым хітоне, упрыгожанай белымі ружамі далматыцы, зяленым плашчы і белым плаце, на галаве — чырвоная мітра. Ян Хрысціцель у мілоці і зялёным на чырвонай падкладцы плашцы, у левай руцэ ён трымае свой атрыбут — доўгі трысняговы крыж. Разны фон абраза густа запоўнены ракальнымі завіткамі. Верх абраза меў накладное паўкруглае завершша. У ніжняй частцы змешчаны надпіс з датай стварэння (1791) і імёнамі заказчыкаў — Матфея Кучыны, Паўлюка Кучыны, Сямёна Малішэвіча, Лявона Кулікоўскага, Рыгора Кучыны.

Літаратура Уладзімір Карэлін, Мікалай Мельнікаў. Абразы «Дэісус» у іканапісу Беларусі

Катэгорыя:Абразы Беларусі Катэгорыя:Мінская вобласць Катэгорыя:Карціны 1791 года Катэгорыя:1791 год у Беларусі Катэгорыя:Карціны са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь