Левашоўскія мемарыяльныя могілкі, вядомыя таксама пад назвай Левашоўская пустка — могілкі ў прыгарадзе Санкт-Пецярбурга; былы спецыяльны расстрэльны палігон НКУС — МДБ — КДБ СССР: па розных падліках тут пахавана ад да ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1937—1953 гадоў.
Могілкі заставаліся сакрэтным аб’ектам КДБ СССР да 1989 года, калі яны былі знойдзены пошукавай групай таварыства «Мемарыял». Праз некалькі дзён пасля гэтага КДБ афіцыйна прызнаў, што Левашоўская пустка з’яўляецца месцам пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій. Пасля гэтага Левашоўская пустка паступова ператварылася ў мемарыяльныя могілкі. Цяпер тут усталявана некалькі дзясяткаў агульных і больш за 1300 асабістых памятных знакаў.
У 2015 годзе мемарыяльным могілкам быў нададзены статус аб’екта культурнай спадчыны Расіі. У Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій гарадскія ўлады Санкт-Пецярбурга праводзяць тут цырымоніі ўскладання вянкоў.
Гісторыя могілак
Рэзкае павелічэнне колькасці пакаранняў смерцю ў часы Вялікага тэрору прывяло да неабходнасці стварэння новага месца для пахавання забітых. У верасні 1937 года пустка каля пасёлка Левашова плошчай 11,5 га была абнесена высокім плотам і ўзята пад ахову. Аднак афармленне гэтага ўчастка пад «спецыяльнае прызначэнне» было зроблена толькі ў лютым 1938 года.
Расстрэлы на тэрыторыі Левашоўскай пусткі не праводзіліся, яна служыла толькі месцам пахавання. Сюды фургонамі (пераважна ўночы) прывозілі і хавалі ў ямах і траншэях целы людзей, пакараных смерцю, а таксама тых, хто памёр або быў забіты ў турмах у час следства.
Паводле падлікаў, праведзеных упраўленнем КДБ па Ленінградскай вобласці ў сярэдзіне 1960-х гадоў, у Левашоўскай пустцы пахавана каля 19 450 чалавек, з іх у гады Вялікага тэрору — каля 8 000. Разам з тым, згодна з лістом 1989 года начальніка ўпраўлення КДБ па Ленінградскай вобласці генерал-маёра Анатолія Куркова, агульная колькасць пахаваных складае 46 771 чалавек, з якіх асуджаных па агульнакрымінальных (не падлягаючых рэабілітацыі) артыкулах — толькі 6 286 чалавек.
Пахаванне людзей у пустцы спынілася ў 1954—1955 гадах, але афіцыйна яе закрылі для пахаванняў толькі ў 1965 годзе. Аднак тэрыторыя пусткі засталася засакрэчанай, яе працягвалі кругласутачна ахоўваць салдаты з сабакамі. У 1975—1976 гадах плот і вароты былі абноўлены.
5 студзеня 1989 года Палітбюро ЦК КПСС прыняло пастанову «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, якія мелі месца ў 30–40-я і пачатку 50-х гадоў». Паводле гэтага рашэння пацярпелыя невінаватыя ахвяры палітычных рэпрэсій падлягалі юрыдычнай рэабілітацыі, а месцы іх пахаванняў — добраўпарадкаванню.
У красавіку 1989 года пошукавая група таварыства «Мемарыял» на чале з Валянцінам Мураўскім выявіла засакрэчаны ўчастак у раёне пасёлка Левашова і характэрныя прасадкі глебы ў яго ландшафце. Праз некалькі дзён пасля гэтага КДБ СССР афіцыйна прызнаў, што Левашоўская пустка з’яўляецца месцам пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій. Пры гэтым існаванне іншых падобных палігонаў адмаўлялася.
Да 1989 года Левашоўская пустка захавалася практычна ў нязменным выглядзе: каля ўязных варот знаходзіўся вартаўнічы будынак з сігнальным звонам на ганку, побач стаялі гаспадарчыя пабудовы. Углыб тэрыторыі вяла дарога з аўтамабільнай каляінай, якая разгаліньвалася ў цэнтры. На месцах расстрэльных ям прасела глеба, увесь перыметр палігона быў абнесены плотам з праходжанай уздоўж яго сабачай ахоўнай сцежкай. Аднак за час, што прайшоў пасля пахаванняў, на тэрыторыі пусткі вырас лес.
18 ліпеня 1989 года Выканкам Ленсавета прыняў рашэнне аб прызнанні Левашоўскай пусткі мемарыяльнымі могілкамі ахвяр палітычных рэпрэсій і перадаў іх у вядзенне Упраўлення прадпрыемствамі камунальнага абслугоўвання Выканкама Ленсавета.
Першапачаткова наведваць Левашоўскую пустку было магчыма толькі па спецыяльных пропусках у даты, узгодненыя з КДБ. Пазней доступ на тэрыторыю для прыватных асоб быў спрошчаны. 1 чэрвеня 1990 года Упраўленне КДБ Ленінградскай вобласці перадало тэрыторыю могілак на баланс горада, з аб’екта была знята ахова.
21 кастрычніка 1989 і 14 красавіка 1990 года айцец Аляксандр Ранне адслужыў тут першыя паніхіды па забітых. 16 чэрвеня 2012 года айцец Уладзімір Сарокін адправіў тут першую бажэственную літургію пад адкрытым небам у памяць аб ахвярах. 12 мая 2018 года адбылася цырымонія асвячэння храма-помніка «Усім святым, у зямлі Санкт-Пецярбургскай праслаўленым» пры ўваходзе на могілкі.
Знішчэнне помнікаў украінцам і палякам
У 2022 годзе з пачаткам уварвання ва Украіну у Расіі разгарнулася неафіцыйная кампанія па знішчэнні помнікаў рэпрэсаваным, якая закранула і Левашоўскія могілкі.
У лютым 2023 года невядомыя пашкодзілі помнік рэпрэсаваным украінцам, знішчыўшы надпіс на ўкраінскай мове «украінцам, ахвярам таталітарнага бальшавіцкага рэжыма, расстраляным у 1937—1939 гадах» () і адрэзаўшы словы «без віны забітым» ад надпісу на рускай мове «вечная памяць украінцам без віны забітым» ().
У канцы ліпеня 2023 года з могілак знік польскі каталіцкі помнік. Афіцыйныя ўлады заявілі, што ён стаў ахвярай вандалаў і быў накіраваны на рэстаўрацыю, аднак праваабаронцы паставілі гэта пад сумнеў. У жніўні таго ж года членаў таварыства «Мемарыял» і прадстаўнікоў консульства Польшчы не дапусцілі да памінальнай акцыі на могілках. 30 кастрычніка грамадскія актывісты ўсталявалі на месцы зніклага помніка новы, але ён знік ужо на наступны дзень.
Помнікі
Першым памятным знакам на могілках стаў камень, усталяваны ў ліпені 1989 года таварыствам «Мемарыял» на ростані дарог у цэнтры могілак. Побач на дрэвы быў павешаны хрысціянскі крыж.
Помнікі пахаваным на пустцы асобам пачалі з’яўляцца адразу пасля таго, як пра гэтае месца пахаванняў стала вядома. Калектыўныя помнікі пачалі з’яўляцца тут з 1992 года па ініцыятыве прыватных асоб, нацыянальных зямляцтваў і супольнасцей. Першым калектыўным помнікам стаў сумесны беларуска-літоўскі Ягелонскі крыж.
6 чэрвеня 1993 года ўсталяваная драўляная званіца і звон.
Каля ўваходу на могілкі ўсталяваны помнік «Малох таталітарызму» (скульптары Ніна Галіцкая, Віталь Гамбараў, архітэктар Аляксей Лялякаў; адкрыты 15 мая 1996 года мэрам Санкт-Пецярбурга Анатолем Сабчаком).
+ Калектыўныя помнікі Прысвячэнне Дата ўсталявання Дата знішчэння Фота Беларусам і літоўцам 8 мая 1992 года Праваслаўным рускім 19 красавіка 1993 года Палякам 19 красавіка 1993 года ліпень 2023 года 15 кастрычніка 1994 года Астраномам 25 кастрычніка 1996 года Яўрэям 27 кастрычніка 1997 года Расійскім немцам 23 мая 1998 года Жыхарам Пскова 22 верасня 1998 года Нарвежцам 30 кастрычніка 1998 года Эстонцам 30 кастрычніка 1998 года Насельніцам Горыцкага Уваскрасенскага жаночага манастыра 31 кастрычніка 1998 года Асірыйцам Ленінграда 2000 год Украінцам 13 жніўня 2001 года люты 2023 года Энергетыкам 20 чэрвеня 2003 года Латышам 5 чэрвеня 2004 года Літоўцам (другі) 3 верасня 2004 года (другі) 22 кастрычніка 2004 года Жыхарам Ладзейнапольскага раёна 2006 год Жыхарам Вялікага Ноўгарада 5 верасня 2006 года Італьянцам 29 чэрвеня 2007 года 7 кастрычніка 2007 года Глуханемым 29 кастрычніка 2008 года Энергетыкам (другі) 30 кастрычніка 2008 года Рыбакам Мурмана да 2010 года Каталікам 28 кастрычніка 2010 года Жыхарам Волагды 30 кастрычніка 2010 года Нямецкім антыфашысцкім эмігрантам чэрвень 2011 года 24 чэрвеня 2012 года Удзельнікам Першай сусветнай вайны 10 жніўня 2014 года Рабінам кастрычнік 2014 года Жыхарам 5 чэрвеня 2015 года Супрацоўнікам завода «Рухавік» №181 23 мая 2017 года Членам парафіяльнага савета царквы Спаса-Праабражэння ў Цярлеве летам 2017 года Расстраляным па Ленінградскай справе 1 кастрычніка 2017 года Членам праваслаўных брацтваў 28 кастрычніка 2017 года Служыцелям Князь-Уладзімірскага сабора ў Санкт-Пецярбургу 7 мая 2018 года Супрацоўнікам Інстытура эксперыментальнай медыцыны 9 чэрвеня 2018 года Жыхарам Кранштата 30 кастрычніка 2018 года Татарам 24 ліпеня 2019 года Баптыстам 15 верасня 2019 года Будыстам 30 кастрычніка 2019 года Свяшчэннаслужыцелям і міранам Гатчынскай епархіі 30 кастрычніка 2019 года Служачым і клірыкам сабора Уваскрасення Хрыстова ў Лузе 14 снежня 2019 года Жыхарам Порхава невядома Палякам (другі) 30 кастрычніка 2023 года 31 кастрычніка 2023 года
Крыніцы
Літаратура Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энциклопедический справочник / Ред. коллегия: Белова Л. Н., Булдаков Г. Н., Дегтярев А. Я. и др. — М.: научное издательство «Большая Российская Энциклопедия». 1992. — 687 с.; ил. ISBN 5-85270-037-1 Левашовское мемориальное кладбище / сост. Анатолий Яковлевич Разумов. — 4-е изд., пер. и доп. — СПб.: Российская национальная библиотека, 2012. — 46 с. ISBN 978-5-94813-017-0.
Спасылкі
Катэгорыя:Месцы пакаранняў смерцю Катэгорыя:Аб’екты культурнай спадчыны Расіі Катэгорыя:Рэпрэсіі ў СССР Катэгорыя:Могілкі Санкт-Пецярбурга