Уладзімір Леанідавіч Ізотаў (нар. , Гомель) — беларускі паралімпійскі плывец з парушэннем зроку. Найбольш паспяхова выступае ў плаванні брасам на дыстанцыі 100 м.

Біяграфія У плаванне прыйшоў ва ўзросце 12 гадоў па прыкладзе маці, якая ўдзельнічала ў спаборніцтвах на нацыянальным узроўні. Прафесійныя трэніроўкі пачаў у 16 гадоў у Гомелі. Выступае ў катэгорыях S12, SB12, SM12 у плаванні брасам, батэрфляем, вольным стылем і на спіне у 50-метровым басейне.

Упершыню выступіў на Чэмпіянаце свету 2006 года ў Дурбане, дзе спаборнічаў у катэгорыі S13 брасам і вольным стылем на дыстанцыі 100 м.

Удзельнічаў у летніх Паралімпійскіх гульнях 2008 у Пекіне, дзе выйграў бронзавы медаль на 100-метроўцы брасам і заняў 11 месца ў плаванні батэрфляем.

На Чэмпіянаце свету 2010 года ў Эйндхавене выйграў срэбны медаль на 100-метроўцы брасам і заняў шостае месца на дыстанцыі 100 м — батэрфляй.

На летніх Паралімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане заваяваў срэбны медаль у плаванні брасам і паказаў 5-ы вынік на дыстанцыі батэрфляем.

Пераможца сусветнага першынства 2013 года ў Манрэалі на дыстанцыі 100 м — батэрфляй. На аналагічнай дыстанцыі заваяваў срэбны медаль, выступаючы на Чэмпіянаце Еўропы 2014 года ў Эйндхавене, а таксама залаты медаль на Чэмпіянаце свету 2015 года ў Глазга.

Выступаючы на летніх Паралімпійскіх гульнях 2016 года стаў чэмпіёнам на дыстанцыі 100 м у плаванні брасам з паралімпійскім рэкордам — 1:06.82 с і заняў 11-е месца на 50-метроўцы батэрфляем. За паспяховае выступленне на Паралімпійскіх гульнях узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені (2016).

Залаты прызёр кантынентальнага форума 2016 года ў Фуншале і сусветнага чэмпіянату 2017 года ў Мехіка на дыстанцыях 100 м брасам. На гэтай жа дыстанцыі стаў срэбным прызёрам Чэмпіяната Еўропы 2018 у Дубліне, дзе выступаў у катэгорыі SB13, а таксама заняў другое месца на Чэмпіянаце свету 2019 года ў Лондане і трэцяе месца на еўрапейскім чэмпіянаце ў Фуншале 2021 года.

Па выніках выступлення на XVI летніх Паралімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа заняў чацвёртае месца ў фінальным заплыве на дыстанцыі 100 м брасам.

Асабістае жыццё Скончыў факультэт фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Жанаты, мае двух дачок. Хобі — музыка; барабаншчык хэві-метал гурта «Grindzilla».

Спасылкі Профіль на сайце Міжнароднага паралімпійскага камітэта Профіль на сайце olympics.com Статыстыка выступленняў на сайце infostradasports.com

Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Паралімпійскія плыўцы Беларусі Катэгорыя:Паралімпійскія чэмпіёны ад Беларусі Катэгорыя:Чэмпіёны летніх Паралімпійскіх гульняў 2016 года Катэгорыя:Сярэбраныя прызёры летніх Паралімпійскіх гульняў 2012 года Катэгорыя:Удзельнікі летніх Паралімпійскіх гульняў 2008 года Катэгорыя:Удзельнікі летніх Паралімпійскіх гульняў 2020 года Катэгорыя:Чэмпіёны свету па паралімпійскім плаванні Катэгорыя:Чэмпіёны Еўропы па паралімпійскім плаванні