Radio Wnet — польская радыёстанцыя, з цэнтральнай студыяй у Варшаве. Заснавана 25 мая 2009 года як інтэрнэт-радыё; з лістапада 2018 года развівае таксама FM-вяшчанне ў шэрагу гарадоў Польшчы.
Заснавальнікам і галоўным рэдактарам «Radio Wnet» з’яўляецца Кшыштаф Скаўронскі, а назву «Wnet» прапанаваў Гжэгаж Васоўскі.
11 лістапада 2020 года пачала сваю працу беларуская рэдакцыя радыёстанцыі — «Радыё Унэт», якая з’яўлялася структурнай часткай польскага «Radio Wnet» і мела свой блок у эфіры кожны будны дзень раніцай і ўвечарыПра нас.
14 сакавіка 2024 г. стала вядома, што беларуская рэдакцыя «Радыё Унэт» прыпыняе вяшчанне праграм на беларускай мове.
Гісторыя «Radio Wnet» Радыёстанцыя «Wnet» заснавана ў 2009 годзе і першапачаткова функцыянавала толькі ў інтэрнэце. З сярэдзіны кастрычніка 2018 года яго праграмы пачалі трансліравацца на хвалях FM у Варшаве і Кракаве, у ліпені 2020 года далучыўся Уроцлаў, а ў снежні — Беласток.
Заснаванне і ранні этап (2009—2018) 25 мая 2009 года апоўдні ў Варшаве пачало вяшчанне інтэрнэт-радыё «Wnet». Першай аўтарскай перадачай былі «Rycerze» («Рыцары»).
Ад пачатку адным з ключавых фарматаў стаў «Poranek Wnet» («Раніца Wnet»), які ў розныя перыяды вялі (сярод іншых) Катажына Адамяк-Срачынская, Маніка Васоўская і Гжэгаж Васоўскі, Ежы Яховіч, Дар'юш Росяк, Пётр Гацькоўскі, Лукаш Важэха ды іншыя аўтары.
У 2010 годзе «Poranek Wnet» пачалі рэтрансліраваць на Radio Warszawa і Radio Nadzieja. У 2011 годзе была створана рэдакцыя інтэрнэт-партала, а таксама запушчана ініцыятыва «Spółdzielcze Media Wnet» («Кааператыўныя медыя Wnet»). У 2013 годзе пачала выходзіць газета «Kurier Wnet» (галоўная рэдактарка — Катажына Адамяк-Срачынская).
Пачатак FM-вяшчання і пашырэнне частот (з 2018) 12 лістапада 2018 года «Radio Wnet» распачало ўласнае эфірнае (FM) вяшчанне ў Варшаве і Кракаве. У 2019—2020 гадах станцыя паслядоўна атрымлівала частоты ў іншых гарадах (у тым ліку ва Уроцлаве, Шчэціне, Беластоку, Быдгашчы, Любліне і Лодзі).
Паводле інфармацыі станцыі, на 2023 год у «Radio Wnet» дзейнічала каля 50 аўтарскіх перадач і звыш 90 супрацоўнікаў.
Арганізацыя і дзейнасць «Radio Wnet» дзейнічае як медыяпраект (радыёвяшчанне + партал з публікацыямі і запісамі перадач). Афіцыйная інфармацыя пра дзейнасць, кантакты і геаграфію вяшчання публікуецца на сайце радыё.
Праграмы і фармат «Radio Wnet» пазіцыянуе сябе як «сапраўды грамадзкі СМІ» () і выпускае аўтарскія перадачы на тэмы культуры, гісторыі, палітыкі, грамадскага жыцця, тэхнікі і інш., а таксама развівае інтэрнэт-партал і мультымедыйны кантэнт (аўдыа/відэа).
Замежныя студыі і партнёрствы Радыё развівае сетку замежных студый і карэспандэнтаў (у тым ліку ў ЗША, Украіне, Літве, Ліване, Францыі). Паводле апісання станцыі, яна таксама супрацоўнічае з Radio DEON у Чыкага і ў штаце Фларыда (ЗША), што дазваляе рэтрансляваць перадачы на частцы тэрыторыі ЗША.
Беларуская рэдакцыя — «Радыё Унэт»
11 лістапада 2020 года пачала працу беларуская рэдакцыя «Radio Wnet» («Радыё Унэт»), якая выпускала праграмы на беларускай мове і асвятляла падзеі ў Беларусі і жыццё беларускай дыяспары (Польшча, Літва, Украіна, Швейцарыя і інш.).
Паводле пазнакі на сайце рэдакцыі, праект фінансава падтрымліваўся «ў межах польскага супрацоўніцтва ў развіцці» (праграмы дапамогі) Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Вяшчальны расклад Беларуская служба выпускала ў будні дзве асноўныя праграмы: «Світанак свабоды» — 6:00—7:00 (паводле беларускага часу); «Жыве Беларусь уначы» — 00:00—2:00.
14 сакавіка 2024 года рэдакцыя паведаміла пра часовае прыпыненне вяшчання праграм «Радыё Унэт» на беларускай мове.
Супрацоўнікі і вядучыя Паводле раздзела на сайце беларускай рэдакцыі «Радыё Унэт», у праекце працавалі: Вольга Сямашка — галоўная рэдактарка беларускай рэдакцыі; журналістка з досведам больш за 20 гадоў, працавала на Беларускім радыё, у першую чаргу з эканамічнай тэматыкай; пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пакінула Беларусь праз пагрозу палітычнага пераследу; жыла ва Украіне, Польшчы і Літве. Раман Ждановіч — адзін з галасоў беларускай службы ад пачатку яе працы; першы вядучы эфіру «Жыве Беларусь уначы»; раней працаваў на «Еўрапейскім радыё для Беларусі», таксама быў журналістам фонду EURO2012, прадзюсарам тэлеканала «Белсат». Аліна Крамко — вядучая «Жыве Беларусь уначы»; аўтарка падкастаў «Спадчына», «Гучы, Беларусь, уначы» і «Топ-5»; у эфіры з 2012 года, працавала на Беларускім радыё; у сваіх праграмах часта звярталася да тэм культуры і мастацтва, запрашаючы беларускіх музыкаў, пісьменнікаў, гісторыкаў і інш. Марына Савіцкая — музычная вядоўца «Жыве Беларусь уначы»; раней працавала каля 10 гадоў на беларускім рок-радыё «Сталіца», у 2020 годзе ўдзельнічала ў забастоўцы і звольнілася; пасля пераезду ў Кіеў і далей у Варшаву працягнула працу ў радыёфармаце; у эфірах запрашала музыкаў і вяла размовы пра музыку і канцэртнае жыццё. Андрусь Гаёвы — журналіст; супрацоўнічаў з выданнямі «Наша Ніва», «Белсат», «Новы Час», «Радыё Свабода», «Зялёны партал» і інш.; займаўся праваабарончай журналістыкай; у 2019 годзе пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра «Вясна» стварыў рэгіянальны інфармацыйны партал «Палеская Вясна»; у праекце «Радыё Ўнэт» працаваў са жніўня 2021 года як журналіст і вядучы «Світанку свабоды» і «Вынікаў тыдня» (у тым ліку з кіеўскай студыі да пачатку вайны ва Украіне). Алена Прыходзька — вядоўца ранішніх эфіраў і карэспандэнтка; далучылася да каманды ў лютым 2021 года пасля выезду з Беларусі праз пагрозу палітычнага пераследу; раней каля 10 гадоў працавала вядоўцай і рэдактаркай рэгіянальнага радыё; пасля пачатку вайны ва Украіне пераехала і працавала як карэспандэнтка і аўтарка падкастаў «Я журналіст, навошта вы мяне б’яце?» і «Неверагодныя». Іван Савановіч — карэспандэнт у Варшаве; у эфіры прадстаўляў асноўныя навіны дня, а таксама рыхтаваў рэпартажы пра акцыі салідарнасці і мерапрыемствы беларускай дыяспары ў Польшчы.
Перадачы і рубрыкі Сярод названых на сайце беларускай рэдакцыі перадач, фарматаў і падкастаў — «Світанак свабоды», «Жыве Беларусь уначы», «Спадчына», «Гучы, Беларусь, уначы», «Топ-5», «Я журналіст, навошта вы мяне б’яце?», «Неверагодныя».
Спыненне працы (2024) 14 сакавіка 2024 года стала вядома, што беларуская рэдакцыя «Радыё Унэт» часова прыпыніла працу і рэгулярныя выпускі беларускіх праграм. Паводле інтэрв’ю Беларускай асацыяцыі журналістаў з галоўнай рэдактаркай Вольгай Сямашкай, прычынай стала адсутнасць своечасовага пацвярджэння адносна далейшага фінансавання праекта: рэдакцыя чакала рашэння пра падтрымку з бюджэтных сродкаў, звязаных з дзейнасцю Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
У тым жа матэрыяле адзначалася, што рэдакцыя разглядала гэта як часовую меру і заяўляла пра гатоўнасць аднавіць працу пасля вырашэння фінансавых пытанняў. Таксама паведамлялася, што беларускія праграмы прыбралі са штодзённага жывога эфіру, а ў іх месцы пакінулі музычны плэй-ліст з інфармацыйным паведамленнем пра часовую адсутнасць выпускаў.
Паводле БАЖ, каманда беларускай рэдакцыі складалася з шасці чалавек, а вядучыя і карэспандэнты працавалі, між іншым, у Літве, Украіне, Беластоку і Варшаве.
Правапіс і назва беларускай службы У публікацыях беларуская рэдакцыя выкарыстоўвала афіцыйны правапіс і ўнармаваную беларускую літаратурную мову; аднак у брэндавым найменні паслядоўна фіксавалася форма «Радыё Ўнэт» (з літарай «Ў» у пачатку слова «Ўнэт») на сайце і ў назве праекта. Паводле актуальных афіцыйных правіл правапісу гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў перадаецца вялікай літарай «У». Пры гэтым у выпадках напісання іншых, чым назва радыё, слоў, рэдакцыя прытрымлівалася правіл (напрыклад, «ва Украіне»).
Як слухаць Апрача FM-вяшчання, станцыю «Radio Wnet» можна слухаць праз інтэрнэт (стрымінг на афіцыйным сайце і іншымі спосабамі, пазначанымі ў інструкцыі «Jak słuchać»).
Частоты
Варшава — 87,8 MHz Кракаў — 95,2 MHz Уроцлаў — 96,8 MHz Шчэцін — 98,9 MHz Беласток — 103,9 MHz Быдгашч — 104,4 MHz Люблін — 101,1 MHz Лодзь — 106,1 MHz
Гл. таксама Беларускія СМІ ў замежжы Радыёстанцыі на беларускай мове
Спасылкі WNET.fm (польская версія, галоўны сайт) radiounet.fm (архіў/сайт беларускай рэдакцыі) Прамое слуханне (стрым) Тэлеграм-канал беларускай рэдакцыі
Катэгорыя:Радыёстанцыі Польшчы Катэгорыя:Кампаніі, заснаваныя ў 2009 годзе Катэгорыя:Беларуская мова ў Польшчы Катэгорыя:Беларуская дыяспара Варшавы