Станіслаў Войцех Мірскі (; в. Завер’е, Браслаўскі павет — 1805 ці 1815) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Святаполк-Мірскіх герба «Бялыня». Нарадзіўся ў сям’і Цыпрыяна.

Пісар земскі браслаўскі ў 1788 годзе, вялікі пісар літоўскі з 10 студзеня 1791 года. Пасол на соймы 1784, 1788.

Належаў да рэфарматараў, «Згуртавання сяброў урадавай уставы». Уваходзіў у канспіратыўную арганізацыю Я. Ясінскага па падрыхтоўцы паўстання 1794 года. 2 красавіка 1794 года ўвайшоў у склад Найвышэйшай літоўскай рады, пасля яе роспуску 1 чэрвеня 1794 года прызначаны Т. Касцюшкам членам Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага Княства Літоўскага, узначальваў яе Аддзел справядлівасці. Пасля здачы Вільні ў жніўні 1794 года выехаў у Гародню, потым у эміграцыі. Маёнтак Манковічы ў Дзісненскім павеце (92 душы) канфіскаваны.

Вярнуўся ў час амністыі паўстанцам Паўла I.

Член масонскай ложы «Шчаслівага Вызвалення» ў Нясвіжы, пасведчаны каля 1810, суддзя ў 1818, масон 3-й ст. у 1820.

Разам з жонкай Станіславай фундаваў касцёл у Слабодцы, пабудаваны ў 1806 г.

Узнагароды У 1791 годзе адзначаны ордэнамі Белага Арла і Святога Станіслава.

Сям’я

У шлюбе са Станіславай з Кошчыцаў (каля 1780—1835), дачкой Антонія Тадэвуша Кошчыца. Дзеці: Эвеліна, у шлюбе з Антоніем Храпавіцкім; Марыя (каля 1790—1821), у шлюбе са Станіславам Шумскім (1790—1871) мела толькі толькі адну дачку Марыю, якая ў 1846 годзе выйшла замуж за Ігната Лапацінскага; Напалеон Адам (каля 1801—1861), у шлюбе з Людвікай з Гадлеўскіх (каля 1830—1859); Анэля, у шлюбе з Генрыкам Саўндэрсам. Станіслава, у шлюбе з Аляксандрам Вольскім.

У Нацыянальным музеі у Варшаве захоўваецца твор Яна Рустэма «Партрэт Станіславы Мірскай» (каля 1815), які знаходзіўся спачатку ў валоданні сям’і Мірскіх, потым Шумскіх і Лапацінскіх у Сар’і. У віленскай сядзібе ўдавы і таксаму ў маёнтку ў Завер’і часта гасціў мастак.

У Каралеўскі замак у Вавелі захоўваецца групавы партрэт «Марыя Мірская, Адам Напалеон Мірскі і Барбара Шумская» (каля 1808) Яна Рустэма, які таксама знаходзіўся ў валоданні Мірскіх, Шумскіх і Лапацінскіх. Партрэтаваныя, у антычных строях, сімвалізуюць музы і Купідона.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Масоны Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Браслаўскім раёне Катэгорыя:Памерлі ў Браслаўскім раёне Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1794 года Катэгорыя:Члены Найвышэйшай Літоўскай Рады