Media-Polesye — беларускі інтэрнэт-сайт, які распачаў працу ў чэрвені 2012 года. У 2020 годзе атрымаў статус сеткавага СМІ.
Змест Навіны, рубрыкі: грамадства, эканоміка, здарэння, культура, палітыка, інтэрв’ю, аўто, спорт. Ахоплівае Пінск, Лунінец, Столін. Паводле Святланы Гарды, галоўнага рэдактара выдання, палескі сайт у 2020 годзе меў да 150 тысяч унікальных наведвальнікаў у суткі. У 2021 годзе наведвальнасць стабілізавалася да, паводле рэдакцыі, 30-40 тысяч карыстальнікаў штодзённа.
Рэпрэсіі (2020—2022) Улады негатыўна ставяцца да папулярнага на Палессі сайта і неаднойчы пагражалі яго закрыць. У 2020 годзе пасля васьмі месяцаў адмоў у рэгістрацыі ў якасці сеткавага выдання сайт атрымаў гэты статус задняй датай адначасова з папярэджаннем ад Міністэрства інфармацыі за стварэнне «пагроз нацыянальнай бяспецы Беларусі» (праз якое і даведаўся пра рэгістрацыю). Новы статус адразу дазволіў аштрафаваць «Медыя-Палессе» на вялікую суму за парушэнне заканадаўства аб СМІ. За артыкул пра сітуацыю пра распаўсюджванне COVID-19 у Беларусі быў накладзены штраф у 120 базавых велічынь, другі раз быў прысуджаны штраф за артыкул аб візіце Святланы Ціханоўскай на малую радзіму, за словы ў тэксце, што «яна замужам, як дзекабрыстка». Гэты штраф быў удвая большым (200 БВ), а апеляцыя не прынесла плёну, хаця адвакат выявіў у скарзе шмат парушэнняў.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў журналістаў выгналі з выбарчых участкаў, аднаго карэспандэнта жорстка затрымалі і збілі так, што шнары ад траўм засталіся на ўсё жыццё. Тым не менш у паслявыбарчы перыяд сайт працягнуў асвятляць крымінальныя справы ў сувязі з пратэстамі ў Беларусі, пісаць палітвязням.
У рамках пагрому незалежных медыя ў Беларусі ў 8-9 ліпеня 2021 года ў галоўнага рэдактара, іншых супрацоўнікаў і ў офісе выдання прайшлі ператрусы, была забрана тэхніка, носьбіты інфармацыі. У канцы ліпеня 2021 года за публікацыю пра «Пінскую справу» суддзя Братанава аштрафавала «Медыя-Палессе» на 5771 BYN.
2 верасня 2021 года сайт быў заблакіраваны ў Беларусі. Рэдакцыя даведалася, што тэхнічных збояў не было, а рэсурс заблакіраваны з боку правайдара. Прычыну хостар параіў шукаць у Міністэрстве інфармацыі, якое аператыўна выданню не адказала. Трапіць на сайт у Беларусі можна толькі праз VPN. Нягледзячы на рэпрэсіі, рэдакцыя вырашыла прадоўжыць працу.
У 2022 годзе сайт і шэраг іншых інтернэт-рэсурсаў Media-Polesye быў даданы ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаўРеспубликанский список экстремистских материалов.
Спасылкі
Катэгорыя:Сайты Беларусі Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі