Авута — рака ў Глыбоцкім і Мёрскім раёнах Віцебскай вобласці, правы прыток Дзісны (басейн Заходняй Дзвіны).

Назва На рускамоўнай карце XVIII ст. (ПГМ) пазначаная менавіта як "Авута", сучасная руская форма "Аута" - гіпернармалізм.

Гідраграфія Даўжыня ракі 47 км. Плошча вадазбору 461 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,5 ‰.

Выцякае з возера Падавута на ўскраіне Свянцянскіх град, далей цячэ па Полацкай нізіне. Упадае ў Дзісну за 3 км на паўднёвы захад ад горада Дзісна.

Даліна трапецападобная, шырыня 150—250 м. Абалона высокая, шырыня 100—150 м. Рэчышча слабазвілістае, шырыня 4—6 м у вярхоўі, 8—10 м у ніжнім цячэнні. Каля вёскі Ялоўцы на рацэ плаціна і сажалка плошчай 18,3 га.

У басейне ракі азёры Падавута, Гінькава, Вялікае Язна, Малое Язна, Стрэчна, Сяльцоўскае, Горацкае, Качанава і інш. Уздоўж ракі населеныя пункты Зялёны Лог, Чарневічы, Вугольнікі, Амбросенкі, Завуцце, Кухаронкі і інш.

Асноўныя прытокі Справа: Нехрысць, Ісцянка. Злева: Улінец.

Літаратура

Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1-2. — Л., 1971.

Блакітны скарб Беларусі: Рэкі, азёры, вадасховішчы/ Маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. — Мн.: БелЭн, 2007. — 480 с.

Катэгорыя:Прытокі Дзісны Катэгорыя:Рэкі Глыбоцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Мёрскага раёна