Людвіг фон Лібенцэль () — брат-рыцар Тэўтонскага ордэна, комтур рагнітскі (1294—1300), комтур шлохаўскі (1321); военачальнік, дыпламат і прапаведнік.

Біяграфія

Паходзіў з рыцарскага роду з Лібенцэля, паблізу Кальва ў паўночным Шварцвальдзе. Пётр з Дусбурга называе яго высакародным і з юнацтва загартаваным у ваеннай справе, шматкроць згадвае ў сваёй «Хроніцы зямлі Прускай», адпаведна згадвае яго і Мікалай фон Ерошын у рыфмаванай нямецкамоўнай версіі гэтай хронікі.

У 1280 годзе, падчас рэйду прускага ландмайстра Мангольда фон Штэрнберга ў ятвяжскую воласць Красіма, Людвіг фон Лібенцэль трапіў у палон да ятвяжскага князя Команта, у тым жа баі загінуў тапіаўскі комтур Ульрых Баўвар і яшчэ чатыры чалавекі. Комант ацаніў здольнасці і адвагу Лібенцэля, ставіўся да яго з павагай, у іх склаліся добрыя адносіны.

Неўзабаве Комант узяў Людвіга на пір, дзе сабраліся ятвяжскія нобілі і адзін з іх, незадаволены прысутнасцю немца, выказваў абразы у яго бок. Нягледзячы на статус палоннага, Лібенцэлю дазволілі паядынак і ён забіў ятвяга. Потым Комант адпусціў Лібенцэля ў Ордэн.

У 1283 годзе Людвіг браў удзел у рэйдзе вялікага маршала Конрада фон Тырберга малодшага на ятвяжскую воласць Сілія (Зліна). Паход быў паспяховы, але цяжка параненага Лібенцэля пакінулі ў снезе, ятвягі знайшлі яго, узялі ў палон, вылекавалі і аддалі пад нагляд нобілю Кантэгерду.

Немцы лічылі Людвіга зніклым без вестак, тым часам ён пасябраваў з Кантэгердам і пераканаў яго прыняць хрысціянства разам з падданымі. Лібенцэль вярнуўся ў ордэнскія ўладанні і прывёў з сабой Кантэгерда і 1600 яго падданых для хрышчэння.

У 1294 годзе Людвіга прызначылі комтурам рагнітскім. Адразу па прызначэнні здзейсніў некалькі паспяховых рэйдаў у землі Вялікага княства Літоўскага. У Аўкштоце пад яго кіраўніцтвам быў знішчаны горад Рамена, які літоўцы лічылі святым. У жамойцкай воласці Паграўда нанёс паразу мясцовым жыхарам і, напэўна, сагнаў шмат коней, бо паграўдцы доўга адчувалі іх нястачу.

У баявых дзеяннях Лібенцэля ў воласці Вайкен загінула шмат мясцовых нобіляў. У выніку ўсе літоўцы, якія жылі на беразе Нёмана ад ракі Нары (напэўна, Нярыса — Віліі) да зямлі , заключылі мір з Ордэнам, абавязаліся выплачваць штогадовую даніну і браць удзел у паходах супраць Вялікага княства Літоўскага.

Пра дзейнасць Лібенцэля пасля 1300 года крыніцы не згадваюць. Вядома толькі, што ў 1321 годзе ён быў комтурам шлохаўскім.

Літаратура

Катэгорыя:Рыцары Тэўтонскага ордэна Катэгорыя:Комтуры шлохаўскія Катэгорыя:Комтуры рагнітскія