Фёдар Іванавіч Яраславіч (1463—1471, Клецк — лістапад 1521—люты 1522, Пінск) — вялікалітоўскі магнат маскоўскага паходжання, князь пінскі (1501—1522).

Біяграфія Сын серпухаўскага княжыча Івана Васілевіча Яраславіча (пам. 1507), уцекача з Вялікага Княства Маскоўскага, і Еўдакіі з Варатынскіх.

У 1498 годзе ажаніўся з Аляксандрай (звалася Аленай, нар. да 1471), дачкой кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча і Марыі Янаўны з Гаштольдаў, тым часам адзінай спадчанніцай бацькоў.

Пасля смерці ў сакавіку-маі 1501 года цёшчы, княгіні Марыі, праз жончыну спадчыну і прывілей караля атрымаў Пінскае княства з правамі паўсуверэна, отчыннага гаспадара. Пасля смерці бацькі ў 1507 годзе атрымаў Клецк, Гарадок Давыдаў і Рагачоўскую воласць. У 1508 годзе атрымаў ад гаспадара Вядскую воласць, уладанне збеглага князя Міхаіла Глінскага. Такім чынам стаў адным з найзаможнейшых магнатаў Княства.

У канцы XV — пачатку XVI ст. уладанні князёў Івана Васілевіча і Фёдара Іванавіча цярпелі ад частых наездаў крымскіх татараў, яны нават спалілі Клецк у 1503 годзе. Напэўна таму князі звярнуліся па заступніцтва святога-воіна Дзмітрыя Салунскага, пабудавалі ў яго імя саборы ў Пінску (1502) і Гарадку Давыдавым (1507). Усе дакументы звязаныя з гэтым князь Фёдар пісаў уласнаручна, што сведчыць пра надаваную ім значнасць. У 1503 годзе на Ужы, за 7 міляў ад Оўруча, войскі князёў Фёдара Іванавіча, Юрыя Дубравіцкага і Рыгора Глінскага сутыкнуліся з крымскімі татарамі і пацярпелі паразу, Глінскі ў тым баі загінуў. Не вядома ці браў князь Фёдар удзел у бітве пад Клецкам (1506) і падаўленні мяцяжа Глінскіх (1508).

Станам на 2021 год вядома болей за 80 дакументаў выданых князем Фёдарам Іванавічам, частка разам з жонкай княгіняй Аленай, яшчэ калі 50 вядома з пазнейшых згадак. Дакументаў, дзе князь выступае суб’ектам вядома болей за 20, яшчэ каля 20 вядома са згадак.

Жыў яшчэ ў лістападзе 1521 года, у лютым 1522 года ў Пінскім княстве распараджалася ўжо каралева Бона, а ў маі 1522 года князь Фёдар названы нябожчыкам.

Князь Фёдар быў не падобны большасці маладых арыстакратаў свайго часу і ўзроўню, не праяўляў амбіцый, не імкнуўся да ўрадаў, удзелу ў радзе, блізкасці да двара і міласці гаспадара. Быццам трымаўся асабняком ад вялікалітоўскай эліты. Засяродзіў дзейнасць на сваіх уладаннях, вызначаўся шчодрасцю і вялікадушшам да сваіх баяраў, слугаў, мяшчан, царквы і касцёла, нават да яўрэяў і сялян, часта не суадносіў выдаткі з выгодамі, не дбаў пра багацце. На думку Аляксандра Грушы, такія паводзіны выходзілі за межы нормы для 1-й траціны XVI ст.

Напэўна, уплывалі абвостраныя рэлігійныя пачуцці князя Фёдара, звязаныя з лёсам яго дзеда князя Васіля Яраславіча і чаканнем дзяцей, што прычынялася развіццю асаблівага светапогляду, узмацняла спадзяванні і набожнасць. На думку А. Грушы, князь быў перакананы, што бог бярэ ўдзел у зямным жыцці, мілуе праведных і карае грэшных.

Глыбокая набожнасць князя Фёдара і яго жонкі княгіні Алены выяўлялася ў клопаце пра памяць па сваіх душах, душах бацькоў, слугаў, матэрыяльную забяспечанасць цэркваў. Сужэнцы былі дабрадзеямі не меней за 10 цэркваў і 1 касцёла ў Пінску і княстве. Уласна князь Фёдар актыўна і арыгінальна выяўляў набожнаць, уласнаручна пісаў наданні царкве, вядома не меней за 10 такіх актаў. Таксама ўласнаручна пісаў ён наданні сваім баярам, выказваючы і пакору богу, і асабліва добрае стаўленне да атрымальнікаў наданняў, вышэй уганароўваў іх. Вядомы і асаблівыя яго наданні — імянныя абразкі-складні з надаўчымі надпісамі (прынамсі два асобнікі захоўваюцца ў Парыжы і Санкт-Пецярбургу). Свае дзеянні князь суадносіў з рэлігійнымі святамі, напрыклад Вялікаднем, або імянінамі, сваімі ці атрымальнікаў наданняў, такім чынам сакралізаваў звычайныя акты.

Крыніцы

Літаратура

Грушевский А. С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 2. — Киев, 1903; Wilczek-Karczewska M., Karczewski D. Na chwałę Cerkwi i Kościoła. Fundacje pobożne kniazia Fiodora Iwanowicza Jarosławicza Borowskiego, pana na Pińsku // Cywilizacja prowincji Rzeczypospolitej szlacheckiej. Cykl II. Nie wszystek umrę. Pamięć o zmarłych w kulturze staropolskiej. — Bydgoszcz, 2015. — S. 49-57. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895. Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2004. — Т. 18, кн. 1. — С. 295. Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 783. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 2003. — Т. 6, кн. 2. — С. 302.

Катэгорыя:Князі клецкія Катэгорыя:Князі пінскія