Камі́сія па вывучэ́нні Захо́дняй Белару́сі існавала ў 1926—1936 гадах. Утворана пры прэзідыуме Інстытута беларускай культуры, з 1929 — пры прэзідыуме Беларускай АН у Менску. Неаднаразова мяняла назву і статус, некаторы час была аддзелам ЦК КП(б)Б. У 1936 годзе пераўтворана ў Секцыю па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Інстытуце гісторыі АН БССР. Даследавала гісторыю рэвалюцыйнага руху, сацыяльнае жыццё насельніцтва Заходняй Беларусі, яе эканоміку, культуру, прыроду. З 1933 года кола даследаванняў звузілася, вывучаліся выключна праблемы палітычнага і эканамічнага жыцця Заходняй Беларусі і Польшчы.
Камісію ўзначальвалі: М. С. Арэхва (1931—1932), П. В. Мятла (1932—1933), Я. С. Бабровіч (1933), Л. М. Янкоўская (1934—1936), М. Л. Рубінштэйн (1936).
Выдавала Інфармацыйны бюлетэнь (1931—1936).
Асноўныя выданні
«Інтэрпеляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм, 1922—1926 гг.» (1927); Д. Боген «Заходняя Беларусь пад крывавым бізуном польскіх акупантаў» (1931); П. Гарбацэвіч «Паланізацыя Заходняй Беларусі» (1932); Г. Гарэцкі «Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы» (1928); А. Кайгарадаў «Клімат Заходняй Беларусі» (1932); А. Сталевіч «Заходняя Беларусь — калонія Польшчы» (1930); Б. Тарашкевіч «Заходняя Беларусь — плацдарм імперыялістычнай інтэрвенцыі» (1931); Я. Шнэйдэр «Нарыс размяшчэння прамысловасці Заходняй Беларусі» (1936) і інш.
Літаратура
Орехво Н. С. Дела и люди КПЗБ. Воспоминания. Мн., 1983; Вахтомаў Г. В., Міхнюк У. М. Станаўленне гістарыяграфіі рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1988. № 5.
Катэгорыя:Заходняя Беларусь Катэгорыя:Інстытут беларускай культуры Катэгорыя:Нацыянальная акадэмія навук Беларусі