Эскадрон літоўскіх татар — аддзел лёгкай кавалерыі Корпуса літоўскіх войскаў Польскага войска Генеральнай Канфедэрацыі Польскага Каралеўства (ГКПК) у 1812 годзе. Створаны французамі з татар мусульман ВКЛ. Паколькі яны былі вельмі эфектыўнымі ваярамі і ў яго шэрагах была вышэйшая татарская знаць у.тл. Чынгізіды — быў залічаны ў гвардыю французкага імператара. Па сваім узбраенні, тактыцы і кіраванні былі ўланамі і коннай выведкай, але былі ахарактарызаваныя Напалеонам як «польская казацкая» то бок лёгкая кавалерыя. Спачатку эскадронам кіраваў былы камандзір 4 палка пярэдняй варты ВКЛ Мустафа Мурза Ахматовіч, потым Сымон Улан Асанчуковіч. Прайшоў кампаніі 1812—1814 г. Пасля пройгрышу Напалеона ў 1814 расфармаваны.
Гісторыя эскадрона
У першапачатковых планах літоўскага генерал-губернатара Хогендарпа на жнівень 1812 года было стварэнне чатырох уланскіх палкоў і двух конна-стралецкіх палкоў з рэкрутаў і добраахвотнікаў былога ВКЛ. Кожны конна-стралецкі полк павінен быў складацца з двух эскадронаў, агульная колькасць кожнага палка 981 чалавек (42 афіцэры). Літоўскія татары са сваім праектам уланскага татарскага палка (з прапановай стварыць падобны полк татары звярнуліся да французаў яшчэ ў чэрвені) у планы генерал-губернатара не ўпісваліся, пяты ўланскі полк ім быў не патрэбны. Першы конна-стралецкі полк на чале з Манюшкам больш-менш актыўна папаўняўся добраахвотнікамі, з камплектаваннем другога конна-егерскага палка з’явіліся цяжкасці. У чэрвені 1812 года генерал Міхал Сакольніцкі прапанаваў Напалеону стварыць полк з польска-літоўскіх татараў. Генерал апеляваў да «іх сумленнасці, а таксама аб іх адвагі».
Нягледзячы на спадзяванні Напалеона на тое, што атрад можа налічваць да тысячы салдат, татарскіх добраахвотнікаў удалося знайсці толькі для фарміравання эскадрону. У яго склад уваходзілі 123 чалавекі, у тым ліку камандзір эскадрона, адзін маёр, чатыры капітаны, 7 лейтэнантаў і малодшых лейтэнантаў, а таксама 110 унтэр-афіцэраў і салдат. У эскаоне таксама быў імам Аслан Алей, які служыў малодшым лейтэнантам.
8 кастрычніка 1812 года генерал-губернатар літоўскіх дэпартаментаў Дзірк ван Хогендарп зацвердзіў стварэнне двуротнага эскадрона з літоўскіх татар. Эскадрон павінен быў складацца з 246 чалавек (12 афіцэраў).
29 верасня Напалеон запатрабаваў замест другога конна-стралецкага палка стварыць «Эскадрон літоўскіх татар» (эскадрон- польскіх казакаў) — аддзел лёгкай кавалерыі падобны на падраздзяленні рускіх казакаў.
Фарміраваннем падраздзялення кіравалі маёр 8-га ўланскага палка Княства Варшаўскага Азюлевіч і ветэран пярэдняй варты ВКЛ, касцюшкоўскага паўстання і польскіх легіёнаў Напалеона маёр Мустафа Мурза Ахматовіч.
Колькасць эскадрона на 1 снежня склала 127 салдат і афіцэраў.
З 10 па 12 снежня 1812 года эскадрон прыняў удзел у абароне Вільні, дзе страціў забітымі і параненымі каля 80 % асабістага складу. Там жа загінуў Мустафа Ахматовіч.
13 лютага 1813 года падраздзяленне ўдзельнічала ў сутычцы пры Калішы. Эскадрон сыходзіць у Познань.
У сакавіку загадам герцага Істрыйскага рэшткі падраздзялення былі ўключаны ў склад 3-га ўланскага гвардзейскага палка. Там яны сфарміравалі 15-ю роту, якая лічылася «Сярэдняй гвардыяй». На гэты час польска-літоўскіх татараў узначальвалі капітан Самуіл Мурза Улан з лейтэнантамі Ібрагімам і Асланам Алеем у якасці намеснікаў камандзіра, агульная колькасць якіх складала ўсяго 53 чалавекі.
З красавіка па чэрвень 1813 года, па рэкамендацыі старэйшага палкоўніка Даўтанкура, капітан Улан спрабаваў набраць новых кавалерыстаў і з’ехаў у Францыю з марэшаль-дэ-логісам Самуэлем Янушэрэўскім. На той момант фармаванне налічвала 47 чалавек, яму было адмоўлена ў падмацаванні з замежных жаўнераў у Мецы, пасля чаго камандзір адправіўся ў Парыж, каб заручыцца падтрымкай ваеннага міністра Анры-Жак-Гіёма Кларка. Улан і 24 навабранцы вярнуліся ў Фрыдберг на кватэры польскіх уланаў. 11 красавіка 1813 года ў Фрыдбергу Напалеон сваім дэкрэтам уключыў татар у склад 1-га эскадрона Першага гвардзейскага палка лёгкай кавалерыі Вінцэнта Красіньскага. Роту з 18 чалавек ўзначальваў капітан султан Сымон Улан.
У Фрайбургу рота папаўняецца навабранцамі. Колькасць падраздзялення павялічваецца да паўсотні.
Пасля бітваў Саксонскай кампаніі пры Люцене, Баўцене, Вуршэне, Дрэздэне, Лейпцыгу, Ханаў колькасць роты на 11 ліпеня 1813 года склала 26 чалавек.
9 снежня 1813 года татары былі пераведзены ў 3-й полк выведнікаў Імператарскай гвардыі і прынялі ўдзел у баях Французскай кампаніі. За 1814 г. страцілі 6 забітымі і 7 палоннымі. Пасля завяршэння баёў у шэрагу засталося са 123 пачатковых ваяроў па розных крыніцах ад 23 да 14 чалавек.
Строй вершнікаў Пакуль у архівах не знойдзена афіцыйных распараджэнняў ці інструкцый, па якіх шылі абмундзіраванне для эскадрона літоўскіх татар у 1812—1814 гадах. Захаваліся малюнкі з 19 стагоддзя з выявай кавалерыстаў з гэтага падраздзялення (3 малюнкі). У музеях і прыватных калекцыях маюцца кальбакі (3 штукі), якія адносяць да падраздзялення літоўскіх татар.
Малюнкі 19 ст, мастакі: Carl Vernet, 1821 год. Акварэль з «Album du bourgeois de Freiberg». 19 ст. Да малюнка — подпіс: Польскі татарын-гвардзеец. 1813. Татары-гвардзейцы. Мастак Gembarzewski. 1896 год.
Зброя Зброя як у палках уланаў. Шабля, піка, 2 пісталеты ў ольстрах на сядле. Асноўнае адрозненне паміж уланскімі палкамі і эскадронам татар у тым, што першыя кіраваліся на поле сігналамі трубы, а татары — бунчуком, як гэта было ў рускіх казакаў і мамлюкаў Напалеона.
Гл. таксама 17-ы літоўскі ўланскі полк 18-ы літоўскі ўланскі полк 19-ы літоўскі ўланскі полк 20-ы літоўскі ўланскі полк 21-ы літоўскі конна-стралецкі полк
Крыніцы
Літаратура Andrzej Tomaszewicz. Wojsko Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w roku 1812 // Nasz Czas.- 2006.-№ 18. Baginski W. Dawne guziki polskie.-Krakow: Naklad towarzystwa numizmatycznego, 1899. Bronislaw Gembarzewski. Wojsko Polskie, Ksiestwo Warszawskie 1807—1814. Warszawa, 1905, reprint wyd. Kurpisz, Poznan, 2003. Gaidis H.L. Napoleon’s Lithuanian Forces //LITUANUS.-1984.-Volume 30., № 1. Guziki. Polskie guziki wojskowe od XVI do konca XX wieku. Przewodnik dla kolekcjonerow.-Warszawa, 1999. Historia 17 pulku ulanow na tle wojsk litewskich 1812—1814 / Jozef Tyszkiewicz w opracowaniu Dariusza Nawrota i Andrzeja Nieuwaznego.- Gdynia: Wydawnictwo «Armagedon Books», 2004. John R. Elting. Napoleonic uniforms vol. I—IV, 1993. Les uniformes de l`Armee Francaise. / Lienhart, Humbert.-Leipzig, 1908. Nawrot D. Litwa I Napoleon w 1812 roky. Katowice, 2008. Акты Виленской археографической комиссии. Т. XXXVII. Вильна, 1912. Вильна в 1812 году. В память столетней годовщины Отечественной войны. Составил Ф. А. Кудринский. С факсимиле Императора Александра I, Наполеона и некоторых русских генералов. Вильна: Издание Управления Виленскаго Учебнаго Округа Типография А. Г. Сыркина, 1912. Вооружённые силы Литовского княжества 1812 года. Кудряшов И. Ю. Москва, 1991. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805—1815 гады. / В. Швед, С. Данскіх.-Гр.: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2006. Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. Петербург, 1909. Часовая мінская газета. 1812 год.-Мн.: Выд. В.Хурсік, 2008. Литовские татары на службе у французских оккупантов в 1812-13 гг.
Катэгорыя:З’явіліся ў 1812 годзе Катэгорыя:Беларуска-літоўскія татары Катэгорыя:Літоўскае войска ў вайне 1812 года