«Пан» () — раман нарвежскага пісьменніка Кнута Гамсуна, упершыню апублікаваны ў 1894 годзе. На беларускую мову пераклала Лідыя ЁхансенГолад / Пер. Л.Баршчэўскага; Пан. Вікторыя / Пер. Л. Ёхансен. Мн.: Выдавец А. Янушкевіч, 2017..
Сюжэт Трыццацігадовы лейтэнант Томас Глан прыгадвае падзеі, што адбыліся з ім два гады таму, у 1855 годзе. Успаміны абудзіў атрыманы ім па пошце ліст — у пустым канверце ляжалі два зялёныя птушыныя пяры. Глан вырашае для ўласнага задавальнення і каб проста прабавіць час напісаць пра тое, што яму давялося перажыць. Тады недзе каля года ён правёў на самай поўначы Нарвегіі, у Нурлане.
Глан жыве ў лясной вартоўні разам са сваім паляўнічым сабакам Эзопам. Яму здаецца, што толькі тут, удалечыні ад чужой яму гарадской мітусні, сярод поўнай адзіноты, назіраючы за павольным жыццём прыроды, любуючыся фарбамі лесу і мора, адчуваючы іх пахі і гукі, ён па-сапраўднаму вольны і шчаслівы. Аднойчы ён хаваецца ад залевы ў паветцы для лодак, там жа вырашаюць схавацца мясцовы багацей гандляр Мак з дачкой Эдвардай і доктар з суседняга прыходу. Выпадковы эпізод амаль не пакідае следу ў душы Глана. Неўзабаве, сустракаючы на прыстані паштовы параход, ён звяртае ўвагу на маладую прыгожую дзяўчыну Еву, якую прымае за дачку сельскага каваля.
Глан здабывае сабе ежу паляваннем, а выпраўляючыся ў горы, бярэ сыр у лапароў-аленяводаў. Любуючыся велічнай прыгажосцю прыроды, ён адчувае сябе неаддзельнай яе часткай, ён пазбягае таварыства людзей, разважаючы над марнасцю іх намераў і ўчынкаў. Сярод буйства вясны ён адчувае дзіўнае, бударажачае пачуццё, якое соладка трывожыць і п’яніць душу. Аднаго разу ў госці да Глана наведваюцца Эдварда і доктар. Дзяўчына ў захапленні ад таго, як паляўнічы ўладкаваў свой побыт, жыллё Глана, абвешанае рознымі шкурамі і пёрамі, нагадвае ёй логавішча дзікуна. І хоць паляўнічы заўсёды знойдзе, чым прахарчавацца, яна ўсё ж прапануе лейтэнанту абедаць у доме яе бацькі. Гэта кранае Глана. Сам не заўважаючы таго, ён аказваецца захоплены Эдвардай. Адпраўляючыся на паляванне, ён усё спадзяецца, што выпадкова сустрэне яе, калі ж гэтага не адбываецца, то ён вырашае адправіцца на вячэру ў дом Мака. Аднак вечар у таварыстве іншых гасцей, занятых картачнай гульнёй, аказваецца страшэнна сумным, а Эдварда зусім не звяртае на яго ўвагі. Вяртаючыся ў вартоўню, ён са здзіўленнем адзначае, што Мак ноччу прабіраецца ў дом каваля. Глан зноў застаецца сам на сам з лесам і сваёй адзінотай. Аднаго разу ён сустракае ля свайго жытла пастушку і прымае яе ў сябе.
Глан тлумачыць Эдвардзе, што займаецца паляваннем не дзеля забойства, але каб пражыць. Хутка адстрэл птушак і звяроў будзе забаронены, і яму давядзецца рыбачыць. Глан з такім захапленнем распавядае пра жыццё лесу, што гэта ўражвае купецкую дачку, ёй яшчэ не даводзілася чуць такіх незвычайных прамоў. Эдварда запрашае Глана на пікнік і ўсяляк падкрэслівае на людзях сваю прыхільнасць да яго. Глан адчувае сябе няёмка, спрабуе згладзіць неабдуманыя выхадкі дзяўчыны. Калі ж на наступны дзень Эдварда прызнаецца, што кахае яго, ён губляе галаву ад шчасця. Каханне захоплівае іх, яны сустракаюцца штодня ў лесе, а часам нават і ў вартоўні Глана. Але адносіны маладых людзей складваюцца няпроста, узаемнае захапленне і палкія прамовы раз-пораз змяняюцца барацьбой самалюбстваў. Эдварда капрызная і свавольная, дзівацтвы і нелагічнасць яе ўчынкаў парой выводзяць Глана з сябе. Аднойчы падчас лодачнай прагулкі ён спрабуе прыцягнуць увагу раўнадушнай да яго Эдварды і дорыць ёй на памяць два зялёныя пяры.
Эдвардзе надакучваюць лясныя сустрэчы з лейтэнантам, цяпер яна выдзяляе доктара. Той наведваецца да яе ў госці і сустракае ласкавы прыём, тым часам як Глан адчувае сябе забытым і пакутуе ад рэўнасці. На балі, спраўленым Эдвардай, дзяўчына то набліжае Глана да сябе, то адштурхвае, раз-пораз яна адпускае з’едлівыя заўвагі ў яго адрас. Калі ж Глан у парыве рэўнасці ўказвае дзяўчыне на кульгавасць доктара, тая выдае гэта за перавагу. Глан вяртаецца да сябе ў вартоўню надзвычай узбуджаны і ад прыкрасці прастрэльвае сабе нагу. Цяпер доктар часты госць у жытле лейтэнанта. Падчас аднаго з візітаў Глан дапытваецца ў яго, ці была ў іх з Эдвардай узаемная схільнасць? Доктар відавочна спачувае Глану. У Эдварды моцны характар і няшчасны нораў, тлумачыць ён, яна чакае ад кахання цуду і спадзяецца на з’яўленне казачнага прынца. Уладная і гордая, яна прывыкла ва ўсім верхаводзіць, і захапленні па сутнасці не закранаюць яе сэрца.
Мак прывозіць у дом госця, фінскага барона, з якім Эдварда з гэтага часу праводзіць увесь час. Глан шукае суцяшэння ў таварыстве Евы. Дзяўчына прастадушная і добрасардэчная, у яе прысутнасці яму добра і спакойна, з ёй ён можа падзяліцца набалелым, няхай яна нават і не здольная зразумець яго. Ён шчаслівы з ёй, аднак жа яна не запаўняе ні яго сэрца, ні яго душы. Пра іх адносіны даведваецца спадар Мак, які таксама закаханы ў Еву і гатовы на ўсё, каб пазбавіцца ад саперніка. Пры сустрэчах з Эдвардай Глан стрымана халодны. Ён вырашае, што не дасць больш сябе марочыць свавольнай дзеўцы. Эдварда, у сваю чаргу, абражана сувяззю Глана з Евай. Яна не прапускае выпадку пакпіць з яго наконт інтрыжкі з чужой жонкай. Глан непрыемна здзіўлены, даведаўшыся пра сапраўдны стан спраў, ён быў упэўнены, што Ева — дачка каваля.
Помслівы Мак падпальвае вартоўню лейтэнанта, і Глан вымушаны перабрацца ў закінутую рыбацкую халупку ля прыстані. Даведаўшыся пра ад’езд барона, ён вырашае адзначыць гэтую падзею своеасаблівым салютам. Глан падкладвае порах пад скалу, маючы намер у момант адплыцця парахода падпаліць кнот і зладзіць незвычайнае відовішча. Але Мак здагадваецца пра яго задуму. Ён падстройвае так, што ў момант выбуху на беразе пад скалой аказваецца Ева, якая гіне пад абвалам. Глан прыходзіць у дом Мака паведаміць аб сваім ад’ездзе. Эдварда абсалютна спакойна ўспрымае яго рашэнне. Яна просіць толькі пакінуць ёй на памяць Эзопа. Глану здаецца, што яна стане мучыць сабаку: то лашчыць, то секчы бізуном. Ён забівае сабаку і дасылае Эдвардзе яго труп.
Мінае два гады, аднак успаміны не пакідаюць Глана ў спакоі, яго душа ные, яму холадна і сумна. Глан разважае, а ці не з’ехаць развеяцца, папаляваць дзе-небудзь у Афрыцы ці Індыі?
Эпілогам да рамана служыць навела «Смерць Глана», падзеі якой адбываюцца ў 1861 годзе. Гэта запіскі чалавека, які быў з Гланам у Індыі, дзе яны разам палявалі. Менавіта ён, справакаваны Гланам, стрэліў яму проста ў твар, прадставіўшы гэта як няшчасны выпадак. Ён ніколькі не раскайваецца ў зробленым. Ён ненавідзеў Глана, які, здавалася, шукаў гібелі і атрымаў тое, чаго хацеў.
Персанажы Лейтэнант Томас Глан — персанаж, ад асобы якога вядзецца апавяданне. Мужчына трыццаці гадоў, ён прыгадвае падзеі, што адбыліся з ім за два гады да таго, у 1855 годзе. Тады ён правёў недзе каля года на самай поўначы Нарвегіі, у Нурлане. Эдварда Мак — высокая, какетлівая і сваявольная дзяўчына, адзінае дзіця самага багатага чалавека ў Сірылуне. Ева — сімпатычная і прастадушная маладая жонка каваля. Яна ўлюбляецца ў прыгожага незнаёмца Глана і аддаецца яму, хаця той закаханы ў Эдварду. Дзяўчына гіне пад камняпадам, арганізаваным Гланам, але па віне спадара Мака, які падстроіў яе прысутнасць у тым месцы ў момант абвалу. Спадар Мак — паспяховы і ўладны гандляр. Удавец, ён патаемна сустракаецца з Евай, маладой жонкай мясцовага каваля. Калі ў іх краях аб’яўляецца лейтэнант Глан, спадар Мак губляе ўплыў на дзяўчыну, якая ўлюбляецца ў лейтэнанта. Гандляр зайздросціць поспехам Глана і незадаволены ўвагай да яго сваёй дачкі. Ён прыкладае ўсе намаганні, каб выдварыць лейтэнанта з іх ваколіц і адпомсціць яму. Доктар — супернік Глана ў барацьбе за прывязаннасць Эдварды. Захоўваючы строгасць і суровасць у адносінах да дзяўчыны, ён імкнецца пераадолець яе складаны характар.
Ацэнкі і крытыка Кнута Гамсуна адпачатку высока цанілі ў Расіі. У канцы XIX — пачатку XX ст. ён быў кумірам інтэлігенцыі. Больш за ўсё чытачы любілі «Пана» і «Вікторыю». Ганна Ахматава ў аўтабіяграфічнай прозе называла Гамсуна сярод найбольш улюбёных пісьменнікаў свайго юнацтва. ў сваім жартаўлівым «Кіраўніцтве па флірце» (1910) раіў пачынаць атаку на даму з пытання «Вы любіце „Пана“?» і, пачуўшы непазбежнае «так», працягваць ваенныя дзеі. Чэхаў называў «Пана» цудоўным і дзівосным. Купрын паставіў «Пана» ў адзін шэраг з біблейскай «Песняй песень». У сваім артыкуле «Пра Кнута Гамсуна» (1907) Купрын піша:
Аналіз
Галоўнай тэмай рамана сам Гамсун назваў «культ прыроды, пачуццёвасць і звышпачуццёвасць яе паклонніка ў духу Русо».
Томас Глан мяняе кар’еру ваеннага на жыццё паляўнічага і летуценніка. Лес для Глана — гэта цэлы сусвет, пазбаўлены хлусні і крывадушша чалавечага грамадства. Тут ён «адчувае сябе моцным і здаровым», тут ён можа быць самім сабой і жыць поўным жыццём, а зліццё з прыродай дае яму пачуццё свабоды, недаступнае гарадскому чалавеку.
У лесе Глан спасцігае мудрасць жыцця праз пачуццёвае, а не праз рацыянальнае. Яго жыццё поўніцца захапленнем прыродай і пераплятаецца з легендамі, казкамі і сімваламі. Герою здаецца, што ён пранік у душу прыроды, апынуўся сам-насам з боствам, ад якога залежыць бег зямнога жыцця.
Захапленне прыродай увасабляецца ў жыцці Глана ў каханні да Эдварды. Каханне яшчэ мацней абвастрае яго ўспрыняцце прыгожага, дазваляе яшчэ мацней зліцца з прыродай. Любоўныя перажыванні выяўляюць новыя, патаемныя бакі душы героя. Яго ўчынкі становяцца несвядомымі і невытлумачальнымі, а эмацыйныя буры адлюстроўваюцца ў непадкантрольных чалавеку прыродных стыхіях.
Гамсун канцэнтруецца на трагічным боку кахання. Непаразуменні, абвінавачванні і крыўды губяць светлае пачуццё і пераўтвараюць яго ў пакуту. Тэма любові-пакуты дасягае піку ў сцэне, дзе Эдварда просіць Глана пакінуць ёй на памяць яго паляўнічага сабаку. Але лейтэнант забівае Эзопа і дорыць Эдвардзе яго труп, каб паказаць, што не хоча, каб сабаку мучалі, як яго самога.
Тым не менш, каханне не галоўная тэма твора. Першапачаткова раман мусіў называцца «Эдварда», але ўжо па завяршэнні працы Гамсун паведаміў выдаўцу, што хоча назваць яго «Панам», тым самым падкрэсліваючы цэнтральную думку. Вобраз Пана — язычніцкага «бога ўсяго» — з’яўляецца ў творы неаднойчы. Ён чытаецца ў «звярыным позірку» Глана, які прываблівае да яго жанчын; фігурка Пана ёсць на парахаўніцы лейтэнанта; і ўрэшце Пан з’яўляецца Глану ў відзеннях падчас яго бадзяння па лесе. Пан у рамане ўвасабляе стыхійны жыццёвы пачатак, неадольную і невытлумачальную страсць герояў, уласцівую і Глану, і Эдвардзе, і Еве.
Працягі Некаторыя героі «Пана» зноў з’яўляюцца ў дылогіі Гамсуна пра Беноні і Розу. Адным з галоўных герояў рамана «Беноні» становіцца Фердынанд Мак, гаспадар Сірылуна. Раман раскрывае велічыню аўтарытэту Мака ў мястэчку, але таксама і яго распусны лад жыцця. У рамане «Роза» на першы план выходзіць аўдавелая дачка Мака, баранэса Эдварда. Расчараваная ў жыцці, яна то пускаецца ў новыя любоўныя прыгоды, то «ўдараецца ў рэлігію» — і ўсё смуткуе па сваім даўнім каханым лейтэнанце Глане.
Экранізацыі Раман экранізаваўся 4 разы: «» (Pan) — нарвежскі фільм 1922 года рэжысёра . «» (Pan) — нямецкі фільм 1937 года рэжысёраў і . «» (Kort är sommaren) — шведскі фільм 1962 года рэжысёра . «» (Pan) — дацка-нарвежска-нямецкі фільм 1995 года рэжысёра .
Акрамя таго раман стаў крыніцай натхнення для яшчэ некалькіх фільмаў: «» (Twilight of the Ice Nymphs) — канадскі фільм 1997 года рэжысёра . «Два гады ў моры» (Two Years at Sea) — брытанскі фільм 2011 года рэжысёра .
Крыніцы
Літаратура Кнігі
Артыкулы
Спасылкі Пан на сайце «» Пан на сайце «Лаборатория Фантастики»
Катэгорыя:Кнігі 1894 года Катэгорыя:Раманы Кнута Гамсуна Катэгорыя:Раманы на нарвежскай мове Катэгорыя:Літаратурныя творы мадэрнізму Катэгорыя:Псіхалагічныя раманы