Аляксандр Гаўрылавіч Рако́віч ( — ) — беларускі вучоны ў галіне інфарматыкі і тэхнічнай кібернетыкі, доктар тэхнічных навук (1986), прафесар (1987).
Біяграфія Нарадзіўся 28 лістапада 1926 года ў вёсцы Лясок Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства Польскай Рэспублікі (у сучасным Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі).
Вучыўся ў Запольскай сямігадовай школеТузиков А. В, Медведев С. В., Савик Н. П. Беларус: узник, учёный и педагог (к 85-летию со днярождения А. Г. Раковича) // Информатика, 2011, № 4.. У 1939 годзе паступіў у Навагрудскую польскую гімназію імя А. Міцкевіча, потым перайшоў у адноўленую Навагрудскую беларускую гімназію і ў 1941 годзе скончыў Запольскую школу. У 1942—1944 гадах вучыўся ў шасцімесячных курсах настаўнікаў і беларускай настаўніцкай семінарыі ў Навагрудку.
У 1944 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Быў курсантам снайперскай школы 64-га запаснога стралковага палка ў Бранску, курсантам палкавой школы 14-га запаснога коннаартылерыйскага палка ў станіцы Каменка-Бялінская Пензенскай вобласці. Са жніўня 1945 года праходзіў службу ў якасці камандзіра гарматы ў Паўночна-Каўказскай ваеннай акрузе ў Новачаркаску (Растоўская вобласць).
30 чэрвеня 1948 года арыштаваны, потым асуджаны і адпраўлены на 25 гадоў у ГУЛАГ. Пакаранне адбываў на золатаздабываючых рудніках у Якуціі (Алдан, 1948—1953), Забайкаллі (Балей, 1953—1954), на лесараспрацоўках Кузбаса (Барзас, 1954—1956). У 1956 годзе быў вызвалены (у 1970 годзе цалкам рэабілітаваны).
Пасля вызвалення вучыўся ў 10-м класе школы рабочай моладзі ў Карэлічах, якую скончыў у 1957 годзе. З лістапада 1957 года працаваў на Мінскім падшыпнікавым заводзе і адначасова вучыўся завочна ў Беларускім лесатэхнічным інстытуце, затым у Беларускім політэхнічным інстытуце, які скончыў у 1963 годзе. Працаваў у Інстытуце матэматыкі і вылічальнай тэхнікі Акадэміі навук БССР галоўным інжынерам лабараторыі аўтаматызацыі інжынернай працы і кіравання вытворчасцю і ў 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Са студзеня 1968 па лістапад 1994 года займаў пасаду загадчыка лабараторыі праектавання тэхналагічнай аснасткі (з 1987 года — лабараторыя аўтаматызацыі тэхналагічнай падрыхтоўкі гібкіх вытворчасцей) Інстытута тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук БССР. У 1994—2000 гадах на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка.
Памёр 22 лютага 2000 года. Пахаваны на радзіме ў вёсцы Лясок, каля царквы.
Навуковая і грамадская дзейнасць Займаўся распрацоўкай тэарэтычных асноў алгарытмічнага сінтэзу аб’ектаў і працэсаў, метадаў, мадэляў і праграмнага забеспячэння аўтаматызаванага канструктарска-тэхналагічнага праектавання і вырабу аснасткі ў машынабудаванні і прыборабудаванні. Апублікаваў больш за 300 навуковых прац, у тым ліку манаграфій, брашур і вучэбных дапаможнікаў. Падрыхтаваў 12 кандыдатаў навук.
Арганізатар і першы акадэмік-сакратар (1993—1994) Беларускага аддзялення Міжнароднай акадэміі навук інфармацыі, інфармацыйных працэсаў і тэхналогій. Абіраўся дэлегатам на IV, V и VI з’езды Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і быў на працягу шэрагу гадоў намеснікам старшыні яго акадэмічнай рады. Прымаў удзел у Першым і Другім з’ездах беларусаў свету. Чытаў лекцыі ў розных вышэйшых навучальных установах СССР, уваходзіў у склад саветаў па абароне дысертацый у Мінску і Санкт-Пецярбургу. Выступаў з дакладамі на навуковых форумах у Германіі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Польшчы.
Узнагароды Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1978 года. Узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», падзячнай граматай Усесаюзнага таварыства «Веды» і іншымі ўзнагародамі.
Літаратура
Спасылкі Вучоныя Беларусі: Раковіч, Аляксандр Гаўрылавіч (доктар тэхнічных навук; 1926—2000) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі Тузиков А. В, Медведев С. В., Савик Н. П. Беларус: узник, учёный и педагог (к 85-летию со днярождения А. Г. Раковича) // Информатика, 2011, № 4. РАКОВІЧ Аляксандр Гаўрылавіч // Леонид Моряков Репрессированные литераторы, учёные, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794—1991. Т. III. Кн. II.
Катэгорыя:Постаці інфарматыкі Катэгорыя:Кібернетыкі СССР Катэгорыя:Кібернетыкі Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР Катэгорыя:Супрацоўнікі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАНБ Катэгорыя:Навучэнцы Навагрудскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Выпускнікі Навагрудскай настаўніцкай семінарыі