Язь (Leuciscus idus) — рыба сямейства карпавых, мае знешняе падабенства з плоткай. Народная назва вязь, дробнага — пад'язік.

Апісанне У даўжыню язь дасягае 60—70 см, маса да 4—6 кг. Цела сціснутае з бакоў, луска дробная. Галава адносна кароткая, лоб шырокі, пукаты, рот ніжні. Анальны і спінны плаўнікі ўсечаныя.

Агульная афарбоўка цемнаватая, з залацістым адценнем. Спіна і верхняя частка бакоў цёмна-сінія, бруха серабрыстае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, зрэдку чырванаватыя, астатнія чырвоныя. Радужына зеленавата-жоўтая з цёмнай плямай.

Пашырэнне Язь — прэснаводная рыба, аднак можа жыць і ў паўпрэснай вадзе марскіх заліваў. Пашыраны ў водах Сярэдняй Еўропы і Сібіры да Калымы, асобны падвід у басейне Аральскага мора. На Беларусі трапляецца ў рэках, праточных азёрах, вадасховішчах; пазбягае рэк з халоднай вадой і вярхоўяў з хуткім цячэннем. Трымаецца глыбокіх затокаў з ціхім цячэннем, каля мастоў, віроў і ям ніжэй перакатаў, каля берагоў з навіслым хмызняком, аддае перавагу месцам з гліністым, заглееным дном.

Асаблівасці біялогіі Найбольш актыўны раніцай і на змярканні. Зімуе чародамі на глыбіні. Пасля нерасту жыве паасобку.

Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, ракападобнымі, дробнымі малюскамі, воднай расліннасцю.

Палавая спеласць на 4—5-м годзе. Нераст у красавіку—маі, чародны, на разводдзі, у пратоках і на захламленых перакатах. Плоднасць ад 40 да 150 тыс. ікрынак.

Промысел Прамысловае значэнне невялікае. Аб'ект аматарскага рыбалоўства.

Літаратура

Катэгорыя:Карпавыя Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе