Павел Кірылавіч Белавусаў (, Такмак, Таўрычаская губерня, Расійская імперыя, цяпер Украіна — ) — беларускі скульптар.

Біяграфія У 1939 годзе скончыў Варашылаўградскае мастацкае вучылішча. Вучыўся ў В. Федчанкі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны ў шэрагах Чырвонай Арміі. Па вайне жыў у Мінску. Працаваў ва Упраўленні аддзелачных работ, спецыялізаваўся ў галіне архітэктурна-дэкаратыўнай скульптуры. Пад яго кіраўніцтвам брыгада скульптараў у складзе С. Адашкевіча, А. Заспіцкага, В. Палійчука стварыла шэраг рэльефаў і статуй, якія ўпрыгожваюць фае і залы Мінскага сувораўскага вучылішча, будынкі на Прывакзальнай плошчы і іншыя адміністрацыйныя і жылыя пабудовы Мінска. У рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выстаўках стаў удзельнічаць з 1951 года. У 1951 годзе прыняты ў члены Беларускага саюза мастакоў.

Творчасць

Працаваў у манументальнай і станковай скульптуры ў жанрах фігуратыўнай кампазіцыі і партрэта. Адной з вядучых тэм творчасці П. Белавусава стала ваенная тэма. Сярод работ гэтай тэматыкі — «Партызан на допыце» (1952), «Аб сябрах-аднапалчанах» (1955), «Пісьмо» (1957), «Апошні бастыён» (1958), «Салдаты. 1941 год» (1969) і інш. Павел Белавусаў з’яўляецца таксама аўтарам помніка воінам Савецкай Арміі і партызанам у в. Сінягова Старадарожскага раёна Мінскай вобласці (1962), помніка партызанскай брыгадзе «Жалязняк» у Бягомлі (1967), Мемарыяла Воінскай Славы каля в. Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці (1984, усе ў суаўтарстве).

Сярод іншых твораў — кампазіцыі «Варатар» (1957), «Мінчанка» (1958), «Мантажнікі» (1960), «Хірург» (1962), «А маці ўсё чакаюць» (1975) і інш.

Працаваў скульптар і ў партрэтным жанры. Ім створаны партрэты У. Маякоўскага (1957), Я. М. Свярдлова (1963), У. І. Леніна (1967, 1973), С. Ясеніна (1973), Ю. Смірнова, Героя Савецкага Саюза А. Р. Саенкі (абодва 1975) і інш.

Характэрызуючы адметныя рысы творчасці майстра, спецыялісты адзначаюць, што лепшыя творы П. Белавусава вылучаюцца ўнутранай дынамікай, пластычнасцю формы, лаканічнасцю выяўленчых сродкаў.

Творы П. К. Белавусава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў.

Узнагароды У 1986 годзе П. Белавусаў у складзе аўтарскага калектыву за стварэнне Мемарыяла Воінскай Славы «Лудчыцкая вышыня» ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (пасмяротна).

Літаратура

Гісторыя беларускага мастацтва : у 6 т. — Мінск, 1994. — Т. 6. Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. — Мінск, 2010. — Т. 1. — С. 531. Павел Кірылавіч Белавусаў [Выяўленчы матэрыял] = Павел Кириллович Белоусов. — Мінск, 1959. — 1 л. Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2006. — Т. 2. — С. 341. Художники Советской Белоруссии. — Минск, 1976. — С. 39. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. — Мінск, 1984. — Т. 1. — С. 323.

Катэгорыя:Скульптары Беларусі Катэгорыя:Скульптары XX стагоддзя