«Беларусь — чырвоная Данія» або «Прышчэпаўшчына» — аграрная палітыка, якая праводзілася з 1924 па 1929 гады ў Беларускай ССР народным камісарам земляробства Дзмітрыем Прышчэпавым і заключалася ў свабодзе выбару сялянамі формаў землекарыстання, размяшчэнні сялянскіх гаспадарак на сялібах.
Сутнасць рэформы З сярэдзіны 1920-х гадоў па пачатак 1930-х гадоў, у часы НЭПу, Дзмітрый Прышчэпаў праводзіў палітыку пад лозунгам: «Беларусь — чырвоная Данія». Згодна ідэі Прышчэпава: «Беларусь у развіцці сельскай гаспадаркі павінна ісці па шляху Даніі і мусіць стаць Даніяй на Усходзе Еўропы»Обратная дорога на хутор.
Да 1925 года каля 25 % сялянскіх гаспадарак БССР было на хутарах. Народны камісарыят склаў пяцігадовы перспектыўны план развіцця лясной і сельскай гаспадаркі БССР на 1925—1929 гады, які прадугледжваў негвалтоўнае перасяленне на хутары і ў дробныя пасёлкі за 130 000 сялянскіх гаспадарак.
У 1927 годзе ў СССР паўстаў крызіс хлебазагатовак, па Беларусі план быў выкананы толькі на 71,5 %, бо ён быў істотна завышаны. Для таго каб узяць хлеб у сялянства і атрымаць сродкі для індустрыялізацыі стаў разглядацца план пераходу сельскай гаспадаркі на шлях буйной агульнай вытворчасці.
Скасаванне рэформы У 1928 годзе ў СССР была згорнута НЭП і пачалося згортванне палітыкі беларусізацыі ў БССР. У траўні 1929 года Палітбюро ЦК УКП(б) накіравала ў Беларускую ССР з інспекцыяй партыйную камісію, у высновах якой было сказана, што ў БССР адчуваецца «кулацкі наступ», змест якога прыняў «нацыянальныя формы». Дзейнасць Прышчэпава была ахарактарызаваная як «насаджэнне кулацкіх аднаасобных гаспадарак», яго абвінавачвалі ў недаацэнцы складанай машыннай тэхнікі і перспектыў калгасна-саўгаснага будаўніцтва.
У 1930 годзе Прышчэпаў быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе аб «Саюзе вызвалення Беларусі» і асуджаны на 10 гадоў, у 1939 годзе паўторна асуджаны і прысуджаны да расстрэлу. Быў пасмяротна рэабілітаваны ў 1988 годзе.
Барацьба з «правым ухілам» суправаджалася палітыкай прымусовай калектывізацыі і раскулачваннем. 6 студзеня 1930 года пленум ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне калектывізаваць 75—80 % сялянскіх гаспадарак. 10 лютага 1930 года ЦК КП(б)Б накіраваў у ЦК ВКП(б) запіску, у якой прасіў уключыць Беларусь у лік раёнаў суцэльнай калектывізацыі.
У савецкіх крыніцах гэтую аграрную палітыку пасля ганенняў на Дзмітрыя Прышчэпава сталі называць «прышчэпаўшчына» і апісваць як «праваўкланісцкую дзейнасць», «рассяленне сялян на хутарах, умацаванне індывідуальных гаспадарак шляхам давання ім ільгот, значыць штучнае адраджэнне кулацтва».
Крыніцы
Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Сельская гаспадарка Беларусі