Іван Мацвеевіч Стараво́йтаў ( — ) — вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі, доктар медыцынскіх навук (1958), прафесар (1960), Заслужаны дзеяч навукі БССР (1966).

Біяграфія Нарадзіўся ў вёсцы Горкі Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (зараз у Магілёўскай вобласці Беларусі). У 1924 годзе скончыў школу 2-й ступені ў Чэрыкаве. Быў накіраваны на вучобу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, медыцынскі факультэт якога скончыў у 1929 годзе і быў залічаны ўрачом-ардынатарам акушэрска-гінекалагічнай клінікі Мінскага медыцынскага інстытута. Потым працаваў ўрачом у сельскай бальніцы ў Лоеўскім раёне, галоўным урачом Лоеўскай раённай бальніцы. З 1937 года І. М. Старавойтаў на пасадзе асістэнта кафедры акушэрства і гінекалогіі Мінскага медыцынскага інстытута і адначасова намеснік галоўнага ўрача 1-й клінічнай бальніцы Мінска. Быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію і ўдзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на працу ў Мінскі медыцынскі інстытут. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны І. М. Старавойтаў зноў на фронце. Быў цяжка паранены і пасля лячэння працаваў асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Кіргізскага медыцынскага інстытута. У сакавіку 1943 года па асабістай просьбе быў накіраваны на 2-і Украінскі фронт, працаваў хірургам, начальнікам эвакашпіталя. Дэмабілізаваўся ў жніўні 1945 года у званні маёр медыцынскай службы і вярнуўся ў Мінск, у Мінскі медыцынскі інстытут на кафедру акушэрства і гінекалогіі. У 1947 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1950—1958 гадах — дацэнт кафедры, у 1958—1976 гадах — загадчык кафедры. Адначасова ў 1958—1960 гадах на пасадзе намесніка дырэктар інстытута па навуковай рабоце. У 1958 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. У 1976—1984 гадах — прафесар-кансультант кафедры акушэрства і гінекалогіі.

Памёр 24 мая 2002 года. Пахаваны на Усходніх могілках МінскаПроект «Помним» Pomnim.online.

Навуковая і грамадская дзейнасць Навуковая дзейнасць І. М. Старавайтава звязана з пытаннямі прафілактыкі пупочнага сепсісу ў нованароджаных, родаў пры папярочным размяшчэнні плода, прафілактыцы і лячэнні пасляродавых хвароб, арганізацыі акушэрска-гінекалагічнай дапамогі і інш.

Аўтар больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій, 2 вучэбных дапаможнікаў, артыкулаў у Беларускай Савецкай ЭнцыклапедыіСтаровойтов Иван Матвеевич // Сайт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Пад яго кіраўніцтвам 3 доктарскія і больш за 30 кандыдацкіх дысертацый.

Арганізатар і ўдзельнік II з’езда акушэраў-гінеколагаў БССР у 1973 годзе. У 1958—1976 гадах займаў пасаду старшыні Навуковага таварыства акушэраў-гінеколагаў БССР. Таксама быў старшынёй Вучонага медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя БССР, членам прэзідыума Вучонага савета Міністэрства аховы здароўя БССР, старшынёй рэспубліканскіх і членам усесаюзных праблемных камісій па пытаннях акушэрства і гінекалогіі. Уваходзіў у склад рэдакцыйных калегій часопісаў «Акушерство и гинекология», «Здравоохранение Белоруссии».

Абіраўся дэпутатам Мінскага гарадскога, Мінскіх раённых Саветаў і Лоеўскага раённага Савета.

Сярод апублікаваных прац: Метрейриз в акушерской практике. — Мн., 1959.; Вред аборта и предупреждение беременности [Текст] / И. М. Старовойтов, В. Т. Каминская. — Минск: Беларусь, 1966. — 56 с.: ил. — (Научно-популярная литература); Беременность и роды. — Мн., 1968.; Очерки гнойной хирургии в гинекологии и акушерстве. — Мн., 1972.

Узнагароды і званні Ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн «Знак Пашаны», медалі, Заслужаны дзеяч навукі БССР (1966), Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратура

Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 7. — Минск, 2008

Спасылкі Старовойтов Иван Матвеевич // Сайт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Иван Матвеевич Старовойтов // Охрана материнства и детства, № 3, 2002. Старавойтаў Іван Мацвеевіч (1903—2002) // Магілёўская абласная бібліятэка. База даных «Знакамітыя людзі Магілёўшчыны»

Катэгорыя:Акушэры СССР Катэгорыя:Акушэры Беларусі Катэгорыя:Гінеколагі СССР Катэгорыя:Гінеколагі Беларусі Катэгорыя:Выкладчыкі БДМУ Катэгорыя:Удзельнікі савецка-фінскай вайны Катэгорыя:Медыкі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Ваенныя ўрачы СССР Катэгорыя:Афіцэры СССР Катэгорыя:Узнагароджаныя Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР