Беларускі саюз тэатральных дзеячаў, Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі — добраахвотная грамадская творчая арганізацыя работнікаў тэатра Беларусі: артыстаў, рэжысёраў, балетмайстраў, дырыжораў, мастакоў, тэатразнаўцаў і інш. Размяшчаецца ў Мінску па адрасе вул. Кісялёва, дом 13, корп. 6.
Уваходзіць у Беларускую канфедэрацыю творчых саюзаў.
Створаны ў 1987 годзе на базе Беларускага тэатральнага таварыства (заснавана 7 чэрвеня 1946 года), з 1994 года — Беларускі саюз тэатральных дзеячаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, выканаўчы — рада. З’езды адбыліся ў 1987, 1992, 1997, 1999 гадах. Старшыні — Л. Александроўская (з 1946), М. Яроменка (з 1976), А. Дудараў (з 1992 да сваёй смерці ў 2023).
Мае на мэце садзейнічанне развіццю беларускага сцэнічнага мастацтва, стварэнню спрыяльных умоў для творчасці дзеячаў тэатральнага мастацтва, правядзенне творчых вечароў, бенефісаў, тэатральных свят, ушанаванне памяці выдатных прадстаўнікоў тэатральнага мастацтва Беларусі.
Арганізоўвае канферэнцыі, лабараторыі і семінары па пытаннях тэорыі і практыкі тэатральнага мастацтва. Арганізоўвае і праводзіць фестывалі, выстаўкі, аўкцыёны, канцэрты і інш. Ажыццяўляе выдавецкую і рэкламную дзейнасць. У 1995 годзе Саюз тэатральных дзеячаў аб’ядноўваў больш за 1310 членаў. На 1 лютага 2001 года — 1055 членаў.
Гл. таксама Спіс членаў Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Тэатр Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1987 годзе
Катэгорыя:1987 год у Беларусі