Мака (; саманазва: qʷi·qʷi·diččaq «людзі высокіх скал») — індзейскі народ, карэнныя жыхары паўночнага захаду амерыканскага штата Вашынгтон. Агульная колькасць (2020 г.) — 2600 чал.Makah in United States

Мака пмаюць агульнае паходжанне з індзейцамі нутка і дытыдач, якія насяляюць суседні канадскі востраў Ванкувер. Археалагічныя даследаванні паказваюць, што іх культура лакалізуецца ў штаце Вашынгтон на працягу апошніх 3800 гадоў. Назва мака была дадзена ім суседзямі-салішцамі і значыць «багатыя ежай».

Да прыходу еўрапейцаў асноўнымі заняткамі мака былі рыбалоўства, здабыча кітоў і збіральніцтва. Яны насялялі 5 буйных вёсак. Багацце прыродных рэсурсаў дазволіла мака стварыць грамадства, дзе кожны чалавек меў свой сацыяльны ранг. На вяршыні сацыяльнай лесвіцы стаялі гаспадары пашыраных сем'яў, што займалі асобныя вялікія хаціны. Дарослыя мака маглі выбіраць, жыць сярод сваякоў бацькі або маці, паколькі ў сем'яў таксама меўся свой сацыяльны ранг. Мака мелі ўяўленне пра асабістае багацце, спецыялізацыю ў рамеснай і ваеннай справе. Вылучаўся пласт рабоў, сярод якіх пераважалі ваеннапалонныя. Вядома, што ў 1834 г. мака ператварылі ў рабоў некалькі японскіх маракоў, выратаваных падчас шторму.

Першы зафіксаваны кантакт з еўрапейцамі адбыўся ў 1788 г., калі землі мака наведала экспедыцыя Дж. Кука. У 1792 г. іспанцы заснавалі тут калонію, але былі вымушаны праз год пакінуць яе з-за канфлікта з тубыльцамі. Тым не меней, мака паспяхова гандлявалі з еўрапейскімі здабытчыкамі футра і кітабоямі.

У 1852 г. мака моцна пацярпелі ад эпідэміі воспы. Гэта вымусіла прадстаўнікоў народа падпісаць у 1855 г. дагавор з ЗША, згодна якому іх тэрыторыі былі вылучаны ў рэзервацыю. У 1862 г. федэральны ўрад адчыніў школу. Першы настаўнік Джэймс Свон склаў навуковае этнаграфічнае апісанне народа. Аднак, як высветлілася пазней археолагамі і антраполагамі, у ім мелася шмат памылак. Мака паспяхова асвоіліся ва ўмовах рынкавай эканомікі. У 1936 г. яны прынялі сваю Канстытуцыю, якая гарантавала ўнутраную аўтаномію. Разам з гэтым, амерыканскія ўлады імкнуліся да асіміляцыі індзейцаў, што прывяло да страты значнага пласта традыцыйнай культуры.

У 1970-я гг. з'явіўся рух мака за адраджэнне культурных традыцый. Яго прыхільнікі першапачаткова арыентаваліся на працу Дж. Свона, што стала прычынай некаторых недарэчнасцей у развіцці мясцовага мастацтва. Важным здабыткам мака стала атрыманне міжнароднага дазволу на здабычу кітоўMakah Tribal Whale Hunt. У нашы дні большасць мака працягвае жыць у рэзервацыі, дзе падтрымліваюцца традыцыйныя формы гаспадаркі і турызм.

Спасылкі

Neah Bay, Washington: Welcome - Makah Tribe The Makah Tribe: People of the Sea and the Forest Native Americans: Makah Indian History and Culture

Катэгорыя:Народы ЗША Катэгорыя:Індзейцы Паўночнай Амерыкі Катэгорыя:Вашынгтон (штат)