Ма́а Цзэду́н (, Шаашань — , Пекін) — кітайскі дзяржаўны дзеяч, старшыня Камуністычнай партыі Кітая (1943—1976) і КНР (1954—1959). Адзін з найбольш вядомых дыктатараў XX стагоддзя.
Падчас грамадзянскай вайны і барацьбы з Японіяй у 1930-я апынуўся на чале падпарадкаваных камуністам раёнаў Кітая. Быў ідэолагам партызанскай барацьбы. Падчас перамір’я КПК і Гаміньдана для барацьбы супраць Японіі рыхтаваўся да вайны з Гаміньданам. Пасля перамогі ў грамадзянскай вайне, 1 кастрычніка 1949 была абвешчана Кітайская Народная Рэспубліка. Доўгі час супрацоўнічаў з СССР, аднак хутка пасля асуджэння культу асобы Сталіна адышоў ад супрацоўніцтва з ім і абвінавачваў СССР у здрадзе марксісцкім прынцыпам.
Ва ўнутранай палітыцы Маа Цзэдун быў ініцыятарам «вялікага скачка наперад» і «культурнай рэвалюцыі», якія не дасягнулі сваіх мэт і значна пагоршылі становішча кітайцаў.
Імя Імя Маа Цзэдуна складаецца з двух частак — Цзэ і Дун. Слова Цзэ мае падвойнае значэнне: першае — «вільгаць і ўвільгатненне», другое — «ласка, дабро, дабрадзейства». Другі іерогліф — «Дун» азначае «ўсход». Імя цалкам можна перакласці як «дабрадзейнасць Усходу». Адначасова дзіцяці па традыцыі далі і неафіцыйнае імя. Яно павінна было выкарыстоўвацца ў асаблівых выпадках як паважлівае «Юнчжы». «Юн» азначае «ўхваляць», а «Чжы» — ці, дакладней, «чжылянь» — «архідэя». Такім чынам другое імя азначала «ўхвалоная архідэя».
Біяграфія
Раннія гады
Маа Цзэдун нарадзіўся 26 снежня 1893 года ў пасёлку Шаашань правінцыі Хунань, непадалёк ад сталіцы правінцыі, гораду Чанша. Бацька Цзэдуна, Маа Ічан, належаў да дробных землеўладальнікаў, і сям’я яго была досыць забяспечанай. Строгі нораў бацькі-канфуцыянца абумовіў канфлікты з сынам і адначасова прыхільнасць хлопчыка да мяккай па характары маці-будысткі, Вэнь Цымэй. Прытрымліваючыся прыкладу маці, маленькі Маа стаў будыстам.
У юнацтве Маа атрымаў класічную пачатковую кітайскую адукацыю ў мясцовай школе, якая ўключала ў сябе знаёмства з вучэннем Канфуцыя і вывучэнне старажытнакітайскай літаратуры. «Я ведаў класіку, але не любіў яе», — прызнаваўся пазней Маа Цзэдун у інтэрв’ю Эдгару Сноў. Страсць да чытання і нелюбоў да класічных філасофскіх трактатаў у юнака захавалася і пасля таго, як у 13 гадоў ён кінуў школу і вярнуўся ў бацькоўскі дом. Прычынай таму быў строгі нораў настаўніка, які ўжываў суровыя метады выхавання і часцяком біў вучняў. Маа Ічан натхнёна сустрэў вяртанне сына, спадзяючыся што той стане яму апорай у хатніх справах і вядзенні гаспадаркі. Аднак яго чаканні не спраўдзіліся: Маа супрацівіўся любой фізічнай працы і ўвесь вольны час праводзіў за чытаннем кніг.
У канцы 1907 — пачатку 1908 года ў сям’і Маа адбыўся чарговы канфлікт паміж бацькам і сынам. На гэты раз яго прычынай быў шлюб, які Маа Ічан зладзіў для свайго сына. У нявесты Цзэдуну была абрана траюрадная сястра Маа — Ло Ігу. Па словах Маа Цзэдуна, жонку ён не прыняў і жыць з ёй адмовіўся. Неўзабаве пасля вяселля Маа збег з дому і каля паўгода пражыў у гасцях у аднаго знаёмага беспрацоўнага студэнта, там жа ў Шаошані. Ён працягваў захоплена чытаць: на гэты час прыходзіцца яго знаёмства з класічнай кітайскай гістарыяграфіяй — «Гістарычнымі цыдулкамі» Сыма Цяні і «Гісторыяй дынастыі Хань» Бань Гу.
Пры ўсёй напружанасці адносін з бацькам, калі восенню 1910 года Цзэдун запатрабаваў ад бацькі грошай на працяг адукацыі, Маа Ічан не змог адмовіць і забяспечыў сыну навучанне ў Дуншанскай пачатковай школе вышэйшай прыступкі. У школе Маа быў сустрэты варожа: астатніх вучняў раздражняла яго знешнасць (ён меў нетыповы для паўднёўца рост 177 см), паходжанне (большасць вучняў былі сынамі буйных землеўладальнікаў) і мова (Маа да канца жыцця казаў на мясцовым сянтанскім дыялекце). Урэшце, гэта не адмяняла ўпартасці і стараннасці, з якімі новы вучань падышоў да заняткаў. Маа мог пісаць добрыя сачыненні ў класічнай манеры, быў руплівым і, як звычайна, шмат чытаў. Тут ён упершыню пазнаёміўся з геаграфіяй і стаў чытаць працы па замежнай гісторыі. Ён упершыню даведаўся аб такіх вядомых гістарычных дзеячаў як Напалеон, Кацярына II, Пётр I, Уэлінгтан, Гладстан, Русо, Мантэск’ё і Лінкальн. Галоўнымі жа кнігамі для яго ў той час сталі выданні, якія распавядаюць аб кітайскіх рэфарматарах Лян Цычаа і Кан Ювеі. Іхныя ідэі канстытуцыйнага манархізму зрабілі велізарны ўплыў на школьніка Маа, які цалкам прыняў погляды лідараў рэфарматарскага руху.
Сінхайская рэвалюцыя застала маладога Маа ў Чанша, куды той ва ўзросце васямнаццаці гадоў перабраўся з Дуншаню. Юнак стаў сведкам кровапралітнай барацьбы розных груповак, а таксама салдацкіх паўстанняў, і на кароткі час сам прымыкае да войска губернатара правінцыі. Праз паўгода ён пакінуў войска, каб працягнуць навучанне, на гэты раз у Першай правінцыйнай сярэдняй школе ў Чанша. Але і тут ён не затрымаўся надоўга. Маа прысвяціў сябе самаадукацыі і паўгода займаўся ў Хунанскай правінцыйнай бібліятэцы, асноўную ўвагу надаючы геаграфіі, гісторыі і філасофіі Захаду. Аднак незадаволены бесклапотным жыццём свайго сына Маа Ічан спыніў высылаць грошы, пакуль Маа не здабудзе годны занятак. Сам жа юнак зарабляць на жыццё адмаўляўся і ў выніку вясной 1913 года быў вымушаны запісацца ў студэнты толькі што адчыненага Чацвёртага правінцыйнага педагагічнага вучылішча гораду Чанша, пазней аб’яднанае з Першым правінцыйным педагагічным вучылішчам.
У 1917 годзе з’яўляецца яго першы артыкул у часопісе «Новая Моладзь», у вучылішчы Маа сфарміраваў гурток рэвалюцыйна настроенай моладзі. Годам пазней ён, прытрымліваючыся свайго настаўніка Яну Чанцьзі, перабіраецца ў Пекін, дзе ў бібліятэцы Пекінскага ўніверсітэта працуе асістэнтам Лі Дачжаа, які стаў пазней адным з заснавальнікаў Камуністычнай Партыі Кітаю. У Пекіне Маа ў ліку іншых кітайскіх студэнтаў прадставілася магчымасць адправіцца на навучанне ў Францыю, але гэтым шанцам юнак так і не скарыстаўся: прычынай таму сталі нелюбоў да фізічнай працы і няздольнасць да вывучэння замежных моў.
У Пекіне на фарміраванне палітычных поглядаў маладога Маа вялікі ўплыў зрабіла знаёмства з Лі Дачжаа і Чэнь Дусю, а таксама знаёмства з ідэямі анархізму, у прыватнасці творы Пётр Крапоткіна. Пасля завяршэння курсаў падрыхтоўкі да навучання ў Францыі Маа канчаткова прыйшоў да высновы, што застанецца ў Кітаі і будзе ўладкоўваць сваю кар’еру тут.
Пачатак палітычнай дзейнасці Пакінуўшы Пекін у сакавіку 1919 года, юнак Маа падарожнічаў па краіне, займаўся паглыбленым вывучэннем прац заходніх філосафаў і рэвалюцыянераў, жыва цікавіўся падзеямі ў Расіі і прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі рэвалюцыйнай моладзі Хунані. Узімку 1920 года ён наведаў Пекін у складзе дэлегацыі ад Нацыянальнага Сходу правінцыі Хунань, якая патрабавала зняцця карумпаванага і жорсткага губернатара Чжан ЦьзіньяоПанцов А. В. «Маа Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.114. Дэлегацыя не дамаглася калі-небудзь значных поспехаў, аднак у хуткім часе Чжан пацярпеў паражэнне ад прадстаўніка іншай мілітарыскай клікі, У Пэйфу, і быў вымушаны пакінуць Хунань.
Што тычыцца Маа, то ён пакінуў Пекін 11 красавіка 1920 года, а 5 мая таго ж года прыбыў у Шанхай, маючы намер працягнуць барацьбу за вызваленне Хунань з-пад улады тырана, а таксама за скасаванне ваеннага губернатарства. Насуперак яго ўласным, больш познім заявам, паводле якіх да лета 1920 годзе ён перайшоў на камуністычныя пазіцыі, гістарычныя матэрыялы сведчаць аб іншым: падзеі ў Расіі, зносіны з прыхільнікамі камунізму, Лі Дачжаа і Чэнь Дусю, мелі на Маа вялікі ўплыў, аднак у той час ён усё яшчэ не мог да канца разабрацца ў ідэалагічных плынях і канчаткова выбраць для сябе адзіны напрамакПанцов А. В. «Маа Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.119. Канчатковае станаўленне Маа як камуніста адбылася восенню 1920 года. Да таго часу ён цалкам пераканаўся ў палітычнай інертнасці сваіх суайчыннікаў і прыйшоў да высновы, што толькі рэвалюцыя расійскага ўзору здольная карэнным чынам змяніць сітуацыю ў краіне. Устаўшы на бок бальшавікоў, Маа працягнуў падпольную дзейнасць, зараз накіраваную на распаўсюджанне марксізму ленінскага толку. У сярэдзіне лістапада 1920 года ён прыступіў да стварэння падпольных аддзелаў у Чанша: спачатку ім быў створаны аддзел Сацыялістычнага саюза моладзі, а крыху пазней, па радзе Чэнь Дусю, і камуністычны гурток па тыпу ўжо існаваўшага ў ШанхаіПанцов А. В. «Маа Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.140.
У ліпені 1921 года Маа прыняў удзел ва ўстаноўчым з’ездзе, на якім была заснавана Камуністычная Партыя Кітая. Праз два месяцы, па вяртанні ў Чанша, ён стаў сакратаром хунанскага аддзялення КПК. У той жа час Маа пашлюбаваўся з Ян Кайхуэй, дачкой Яна Чанцьзі. На працягу наступных пяці гадоў у іх нарадзіліся тры сыны — Аньін, Аньцын і Аньлун.
З прычыны крайняй неэфектыўнасці арганізацыі рабочых і вярбоўкі новых членаў партыі ў ліпені 1922 года Маа адхілілі ад удзелу ў II з’ездзе КПКЮн Чжан, Холлидей Дж. «Неизвестный Маа: The Unknown Story» — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. ISBN 978-5-9524-2896-6 c.45.
Па патрабаванні Камінтэрну КПК была вымушана ўступіць у саюз з Гаміньданам. Маа Цзэдун да таго часу цалкам пераканаўся ў нястаннасці рэвалюцыйнага руху Кітая і на III з’ездзе КПК падтрымаў гэту ідэю. Падтрымаўшы лінію Камінтэрна, Маа высунуўся ў першыя шэрагі кіраўнікоў КПК: на тым жа з’ездзе ён быў уведзены ў склад Цэнтральнага выканаўчага камітэта партыі з дзевяці членаў і пяці кандыдатаў. Акрамя таго, ён увайшоў у вузкае Цэнтральнае бюро з пяці чалавек. І самае важнае — быў абраны сакратаром і загадчыкам арганізацыйнага аддзела ЦВК.
Вярнуўшыся ў Хунань, Маа актыўна ўзяўся за стварэнне мясцовага аддзела Гаміньдана. Як дэлегат ад хунанской арганізацыі Гаміньдана ён прымаў удзел у I з’ездзе Гаміньдана, які прайшоў у студзені 1924 года ў Кантоне. У канцы 1924 года Маа пакінуў бурлівы палітычнай жыццём Шанхай і вярнуўся ў родную вёску. Да таго часу ён быў моцна знясілены фізічна і маральна. На думку гісторыка Панцова, яго стомленасць была выклікана паралізаванай працай шанхайскага аддзялення Гаміньдана, якое практычна спыніла працу з-за рознагалоссяў паміж камуністамі і гаміньданаўцамі, а таксама з-за спынення фінансавання, якое паступала з Кантону. Маа падаў у адстаўку з пасады сакратара аргсекцыі і папрасіў водпуск у сувязі з хваробайПанцов А. В. «Маа Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.197—198. Па версіі гісторыкаў Юн Чжан і Галідэя, Маа зрушылі з пасады, вывелі з Цэнтральнага камітэта і не запрасілі на наступны з’езд КПК, які быў запланаваны на студзень 1925 годаЮн Чжан, Холлидей Дж. «Неизвестный Маа: The Unknown Story» — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. ISBN 978-5-9524-2896-6 c.49. Як бы там ні было, Маа сапраўды пакінуў свой пост за некалькі тыдняў да правядзення IV з’езда КПК і 6 лютага 1925 года прыбыў у Шаошань.
Грамадзянская вайна
Савецкая Рэспубліка ў Цзянсі
У красавіку 1927 года Чан Кайшы, заняўшы з дапамогай камуністаў Шанхай, пачаў праводзіць у горадзе палітыку бязлітаснага тэрору супраць учорашніх саюзнікаў. Тысячы членаў КПК былі арыштаваны альбо забітыя. У гэты час Маа Цзэдун арганізаваў у наваколлях Чанша сялянскае паўстанне «Восеньскага ўраджаю». Паўстанне было задушана лакальнымі ўладамі з вялікай жорсткасцю, Маа быў вымушаны збегчы з рэшткамі свайго войска ў горы Цзінганшань на мяжы Хунань і Цзянсі. Неўзабаве атакі Гаміньдану прымушаюць групы Маа, а таксама разбітых падчас Нанчанскага паўстання Чжу Дэ, Чжоў Эньлая і іншых ваенных лідараў КПК, пакінуць гэту тэрыторыю. У 1928 годзе, пасля доўгіх перасяленняў, камуністы трывала ўгрунтаваліся на захадзе правінцыі Цзянсі. Там Маа стварыў досыць моцную савецкую рэспубліку. Пасля ён правёў шэраг аграрных і сацыяльных рэформ — у прыватнасці, канфіскацыю і пераразмеркаванне зямлі, лібералізацыю правоў жанчын.