Міхайлаўскія могілкі — колішнія могілкі ў Полацку.

Размяшчаліся на паўночным захадзе горада паміж Запалоццем і Пагіршчынай. Сваю назву яны атрымалі ад могілкавай царквы ў гонар Арханёла Міхаіла. Могілкі былі ўніяцкімі. Вядома, што драўляная царква стаяла тут ужо ў XVII ст. У 1811 г. была пабудаваная мураваная царква ў стылі барокаМіхась Баўтовіч. .

На пачатку XX ст. гэта былі найбольшыя хрысціянскія могілкі горада. У часе савецка-польскага супрацьстаяння ў верасні 1919 — маі 1920 года, калі горадам валодала Чырвоная Армія, а на Задзвінні стаялі польскія войскі, царква пацярпела ў выніку артылерыйскага абстрэлу. Акт № 10 павятовай камісіі па ахове помнікаў 04.08.1920 г. засведчыў наяўнасць у царкве абразоў часоў пабудовы. Пад царквой было сутарэнне, у якое ўвайсці можна было з царкоўнай залы. У ім меліся дзве нішы з разламанай замуроўкай. На правай нішы была драўляная дошка з надпісам, што тут пахаваны купец Ян Камковіч. Побач пахаванне маці Піліпа Кунцэвіча — Юліяны, памерлай у 1815 годзе. У левай нішы знойдзеныя рэшткі нейкага ўніяцкага святара, з прыкметамі бальзамавання. Абедзве магілы разрабаваныя, бо ў трунах назіралася парушэнне костак. Апрача таго, у царкве захоўваўся звон з Сафійскага сабора з надпісамі «roku 1715» i «Sw. Sophia».

Могілкі былі акружаныя ровам і валам, мелі шмат дрэваў, што надавала ім выгляд гаю. На гэтых могілках быў пахаваны эсэр Пётр Шалкоўскі, забіты 19 кастрычніка 1905 г. паліцыяй у часе дэманстрацыі на вул. Віцебскай, калі чытаў цароў маніфест аб палітычных свабодах і ўтварэнні Дзяржаўнай Думы. Магіла мела гранітны помнік і жалезную агароджу.

Да паўночнай часткі могілак шчыльна падыходзілі вялікія вайсковыя могілкі, што ўтварыліся ў часе Першай сусветнай вайны, дзе было пахавана некалькі тысячаў салдат, якія памерлі ў полацкіх вайсковых шпіталях. Большасць магіл былі індывідуальныя і размешчаныя радамі. На крыжах былі шыльды з пазначэннем прозвішча, годнасці і вайсковай часці.

Падчас пашырэння ў 1930-х гадах полацкага аэрадрома, што межаваў з могілкамі, улады ліквідавалі іх, высеклі гай, тэрыторыю выраўнялі. Папярэдне было абвешчана, што сваякі могуць перазахаваць рэшткі сваіх родных на іншых могілках, але такіх было мала. Царква была зруйнаваная разам з могілкамі і зраўнаваная з зямлёй. Аэрадром на месцы былых могілак існаваў з да 1970-х гадоў. У 1990-я гады на гэтай тэрыторыі сталі будаваць новы жылы мікрараён «Аэрадром».

Дагэтуль у часе будаўнічых работ у гэтым раёне будаўнікі адкопваюць старыя пахаванніВ Полоцке опять раскопали кладбище. 2015 «Ходим по костям». В Полоцке в жилом микрорайоне нашли надгробия, которым более века .

Спасылкі

Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Полацку Катэгорыя:З’явіліся ў XVII стагоддзі Катэгорыя:Могілкі Полацка Катэгорыя:Колішнія могілкі Беларусі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай Катэгорыя:Зніклі ў 1930-я гады