Таварыства літоўскіх і рускіх зямель — грамадска-палітычная арганізацыя ў 1831—1834 гг.

Гісторыя Утворана 10 снежня 1831 г. у Парыжы. Напачатку ў яе ўваходзілі толькі ўраджэнцы Беларусі і Літвы на чале з Ц. Плятэрам, з сакавіка 1832 г. — і эмігранты з Украіны. Старшыня таварыства маркіз Ж. Лафает, намеснік з 2 снежня 1832 г. А. Міцкевіч, які 24 верасня 1832 г. выбраны начальнікам гістарычна-літаратурнай секцыі. Членамі таварыства былі І. Лялевель, I. Дамейка, С. Ворцэль, Ю. Б. Залескі, Я. Янушкевіч, А. Елавіцкі, М. Валовіч і інш. У лютым 1832 г. створаны Літоўскі вайсковы камітэт, які складаўся з камандзіраў атрадаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні 1830—1831 гг., займаўся наданнем вайсковых чыноў заслужаным паўстанцам-ліцвінам (ад гэтага залежала сума фінансавай падтрымкі французскага ўрада). Перастала існаваць у 1834 г. пасля смерці актыўных членаў таварыства М. Акелевіча, Ф. Бурбы і Ж. Лафаета.

Мэты і дзейнасць Паводле статута мэтамі арганізацыі былі: падтрымка землякоў-эмігрантаў і ўмацаванне «непарыўных сувязей гістарычнай Літвы з Каронай Польскай» («Не хочам Літвы без Польшчы, як Польшчы без Літвы»). Таварыства збірала матэрыялы «да біяграфіі ўсіх палякаў, якія на працягу барацьбы за незалежнасць, ад Барскай канфедэрацыі да канца апошняй рэвалюцыі, прынялі пакуту за нацыянальную справу», а таксама матэрыялы па гісторыі і статыстыцы паўстання на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. 1 лістапада 1832 А. Міцкевіч у «Адозве да землякоў» звярнуўся з заклікам пісаць успаміны. Таварыства падтрымлівала народы Беларусі, Літвы і Украіны і лічыла за неабходнае іх еднасць у барацьбе з царызмам. Адным з галоўных мерапрыемстваў таварыства было святкаванне гадавіны з дня паўстання 1830—1831 гг.

Літаратура

Швед, В. Таварыства літоўскіх і рускіх зямель / Вячаслаў Швед // — С. 492.

Катэгорыя:Паўстанне 1830—1831 гадоў Катэгорыя:З’явіліся ў 1831 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1834 годзе Катэгорыя:Парыж Катэгорыя:Палітычныя арганізацыі беларускай гісторыі