Уэса́н (; ) — востраў у Кельцкім моры на захад ад Брэтонскага паўвострава. Уваходзіць у склад Брэтані (Францыя). Плошча — 15,58 км². Насельніцтва (2016 г.) — 842 чалавекі.

Геаграфія Уэсан месціцца ў 15,37 км на захад ад Брэтонскага паўвострава, у 250 км на паўночны захад ад Рэна, адміністрацыйнага цэнтра Брэтані. Ад суседняга архіпелага Мален адлучаны пралівам Фрамвер з хуткай прахалоднай плыняй.

Абрысы вострава нагадваюць крабавую клюшню. На паўднёвым захадзе дзве часткі клюшні ствараюць бухту Ламполь, на беразе якой знаходзяцца аднайменныя порт і горад, найбуйнейшае паселішча на востраве. Даўжыня з паўднёвага захаду на паўночны ўсход — 7,53 км. Найбольшая шырыня — 3,46 км. Берагі высокія, месцамі скалістыя. Чатыры пляжы агаляюцца толькі ў перыяд адліваў. Суша сфарміравана гранітным гранулітам і слюдзянымі гнейсамі. Вядомыя карысныя выкапні: графіт і гранаты. Найбольшая вышыня — 64 м над узроўнем акіяна.

Клімат вільготны, вызначаны сталымі цёплымі паўднёвымі вятрамі і блізкасцю прахалоднай плыні. У жніўні сярэдняя тэмпература трымаецца каля +16,8 °C, а ў студзені — каля +8,4 °C. Штогадовая колькасць ападкаў — 819 мм.

Прырода Флора Уэсана прыстасавана да сталых вятроў і тонкіх пластоў засоленай глебы. Сустракаюцца толькі асобныя дрэвы, пасаджаныя чалавекам. Большая частка сушы пакрыта лугамі і зараснікамі хмызнякоў. Распаўсюджаныя расліны: жаўтазель, верас, смалёўка, катран, ажына. На берагах гняздуе мноства марскіх птушак. Дзякуючы ізаляванасці на востраве захаваліся рэдкія чорныя пчолы і карлікавая парода авечак з кароткім хвастом. У мінулым таксама існавала ўэсанская парода поні. У водах каля вострава сустракаюцца афаліны і даўгамордыя цюлені.

Спасылкі Mairie Ouessant: Accueil Office de Tourisme de l'île d'Ouessant Ouessant: Histoire, Patrimoine, Noblesse Carte géologique simplifiée de l’île d’Ouessant

Катэгорыя:Астравы Францыі Катэгорыя:Астравы Атлантычнага акіяна Катэгорыя:Астравы Брэтані