Іакім Цехановіч (Цеханавецкі) (? — ) — грэка-каталіцкі царкоўны дзеяч, епіскап Пінскі і Тураўскі ў 1716—1719 гадах.

Біяграфія Пра ўніяцкага епіскапа Іакіма (Якіма) Цехановіча (часам сустракаецца — Цеханавецкага) вядома не шмат. Паводле гісторыка Дзяніса Лісейчыкава сапраўднае прозвішча Пінскага ўніяцкага ўладыкі — Цехановіч, бо ў такім варыянце ён запісаны ў памянніку. Бацька яго, пінскі падкаморы Станіслаў Цехановіч таксама карыстаўся такім жа варыянтам прозвішча, як і брат Антон. Цеханавецкі — гэта нейкая пазнейшая прыдумка або памылка. Ягонае свецкае імя пры нараджэнні — Ян Язафат Цехановіч, пра што сведчыць ліст яго маці Канстанцыі з роду Маскевіч, якая пісала пратэстацыю на імя протаархімандрыта базыльянаў, не жадаючы, каб яе сын уступаў у ордэн і стаў манахам.

Пасля складання вечных абетаў, у 1710—1711 гг. ён вывучаў логіку і фізіку ў Віленскім езуіцкім калегіуме. У 1716 г. быў прызначаны Пінска-Тураўскім епіскапам. Хіратонія на епіскапа Пінскага адбылася ў Супрасльскім манастыры 20 красавіка 1716 года, калі Яну Язафату Цехановічу было 30 гадоў. 15 верасня 1717 г. напісаў ліст літоўскаму канцлеру Каралю Станіславу Радзівілу з прапановай аб звальненні духавенства яго епархіі ад абавязку ваеннай кантрыбуцыі. Епіскапам быў тры гады. Памёр епіскап Іакім Цехановіч 4 красавіка 1719 г. у ПінскуWereda Dorota. Biskupi unickiej metropolii kijowskiej w XVIII wieku. Siedlce-Lublin, 2013. S. 43., 44.,63., 339, паводле іншай інфармацыі, якую падае гісторык Дзяніс Лісейчыкаў — 29 красавіка старога стылю (10 мая — паводле грыгарыянскага календара), бо менавіта гэтая дата пазначана ў базыльянскім памянніку. Згодна з сваёй воляй, як базыльянін, быў пахаваны ў агульнай пахавальні Успенскага сабора ў Жыровіцкім манастыры.

Ацэнкі Паводле Ігната Сцябельскага, Іакім Цехановіч (Цеханавецкі) «вызначаўся вялікай богабаязню і святасцю жыцця. Епіскапам быў толькі тры з паловай гады, аднак у вачах людзей і Бога стаў святым».

Быў вядомы

Ушанаванне памяці Парэшткі ўладыкі Іакіма былі перапахаваны ля галоўнага ўвахода ва Успенскі сабор у Жыровічах, знутры з правага боку, у каплічцы, пад харамі ў склепе. У манастыры жыве паданне, што гэта зрабілі праваслаўныя ў 1870-я, калі ачышчалі склепы пад царквой ад пахаваных там законнікаў-базыльянаў і свецкіх людзей, а цела ўладыкі Іакіма было знойдзена ў непарушным стане. Да пачатку 1990-х гг. грэка-каталіцкаму епіскапу праваслаўныя адпраўлялі паніхіду: штогод два разы — 4 красавіка (дзень смерці епіскапа) і 9 верасня (дзень імянін).

Літаратура Wereda Dorota. Biskupi unickiej metropolii kijowskiej w XVIII wieku . — Siedlce-Lublin 2013. — 375 S. — Лаўрэш Леанід. Пра трываласць беларускай рэлігійнай традыцыі (пра біскупа Цеханавецкага) // Слонімскі край. 2019. № 10(44). С. 14–15.; 2019. № 11(45). С. 12–14.

Катэгорыя:Базыльяне Катэгорыя:Пінскія і тураўскія ўніяцкія епіскапы