Ігар Пятровіч Барысаў ( , ) — беларускі палітык, рэдактар і журналіст. Магістр палітычных навук. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Біяграфія Нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і рабочых. У 2004 годзе скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (Магілёў), у 2009 г. — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс). Мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага. Магістр палітычных навук. Жанаты, выхоўвае дзве дачкі. Валодае беларускай, рускай, англійскай і французскай мовамі.
У 2004—2006 гадах працаваў на заводзе «Магілёўліфтмаш», у 2009 — у арганізацыі «Служба камплектацыі трубаправодаў — завод палімерных труб». У абодвух выпадках звольнены за палітычную дзейнасць. У 2010—2022 гадах працаваў у прыватных камерцыйных арганізацыях.
У 2020 годзе ўдзельнічаў у амерыканскай праграме International Visitor Leadership Program (IVLP) у ЗША.
З 2022 годзе знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.
Палітычная дзейнасць Палітычную дзейнасць пачаў у маладзёжнай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі «Маладая Грамада», куды далучыўся ў 2001 г. Пазней увайшоў у склад Прэзідыума арганізацыі, дзе быў намеснікам старшыні адказным за працу з рэгіёнамі.
У Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) уступіў у 2001 годзе. З 3 жніўня 2008 — сябар ЦК БСДП, з 2009 — адказны за партыйную працу ў Магілёўскай вобласці, сябар Прэзідыума БСДП. З 10 кастрычніка 2010 — намеснік старшыні БСДП. З 13 сакавіка 2016 — першы намеснік старшыні БСДП. З 11 сакавіка 2018 — старшыня БСДП.
Быў актывістам незалежнага прафсаюза РЭП і членам БАЖ (арганізацыі ліквідаваныя ўладамі ў 2021—2022 гадах).
У 2017 годзе пасля вяртання з міжнароднай сустрэчы ў Берліне быў затрыманы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск-2». Сілавікі спрабавалі не дапусціць правядзенне мітынгу ў Магілёве супраць дармаедскага Дэкрэта, адным з арганізатараў якога быў Ігар Барысаў. Аганізаваў збор 10 тысяч подпісаў супраць дармаедскага дэкрэта.
У 2019 годзе ўваходзіў у склад грамадскай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі па падрыхтоўцы змен у закон «Аб палітычных партыях».
Ініцыятар і адзін з асноўных арганізатараў правядзення святкавання Дня Волі ў Кіеўскім скверы ў 2019 годзе.
Падчас выбарчай кампаніі 2020 годзе быў каардынатарам штаба «Праймерыз» па вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычнай апазіцыі.
У верасні 2020 г. выступіў з ініцыятывай правядзення круглага стала з удзелам палітычных партый, на якім сабралася 10 з 15 зарэгістраваных партый. Па выніках круглага стала была прынята рэзалюцыя аб спыненні гвалту, вызваленні ўсіх затрыманых і правядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў. Пасля гэтага Міністэрства юстыцыі распачало праверку дзейнасці палітычных партый, што ў выніку прывяло да ліквідацыі 12 з 15 партый у 2023 г.
У снежні 2020 г. запрошаны на VI Усебеларускі народны сход як госць, аднак пасля кансультацый з аднапартыйцамі ўстрымаўся ад удзелу ў ім.
За сваю палітычную дзейнасць неаднаразова затрымліваўся і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў. 21 сакавіка 2021 г. напярэдадні Дня Волі (25 сакавіка) быў затрыманы невядомымі ў масках, дастаўлены ў Партызанскі РУУС г. Мінска, а пасля асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. З асуджэннем затрымання палітыка выступілі МЗС Швецыі і Іспаніі. Пасля вызвалення заявіў пра ўжыванне адміністрацыяй Акрэсціна супраць палітычна затрыманых хлору.
У 2018 г. вылучаўся ад БСДП у Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў. У 2019 г. — у Палату прадстаўнікоў па 106-й Коласаўскай выбарчай акрузе ў Мінску, дзе было арганізавана незалежнае назіранне на ўсіх выбарчых участках акругі. Назіральнікі зафіксавалі шматлікія парушэнні і завышаную яўку выбаршчыкаў.
7 траўня 2025 г. рашэннем МУС БСДП была прызнаная «Экстрэмісцкім фармаваннем». Ігар Барысаў увайшоў у спіс «экстрэмістаў». Знаходзіцца ў вышуку ў Расіі.
Удзельнічаў у міжнародным назіранні за выбарамі ў Грузіі, Літве, Нарвегіі, Швецыі і Украіне.
Журналісцкая і рэдактарская дзейнасць
Адзін з заснавальнікаў незалежнай рэгіянальнай газеты «НАШ Магілёў» (2006—2017). Выйшла 102 нумары. Галоўны рэдактар газеты «НАШ Магілёў» у 2010—2017 гадах.
У 2014—2016 гадах быў прэс-сакратаром міжпартыйнай кампаніі назірання за выбарамі «Права выбару».
Галоўны рэдактар партыйных часопісаў БСДП «Адлюстраванне» (2011—2016) і «Пазіцыя» (з 2018). Аўтар некалькіх партыйных брашур і буклетаў, ініцыятар распрацоўкі «Праграмы дзеянняў БСДП» (2017).
Рэгулярна выступаў са сваімі артыкуламі ў газеце «Народная Воля» і сайце naviny.by.
Крыніцы
Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі