Тавары́ства белару́скага тэа́тра ў Ла́твіі (ТБТЛ) — культурна-асветная арганізацыя беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі, створаная для каардынацыі тэатральна-мастацкай дзейнасці ў 1920-я — пачатку 1930-х гадоў.

Гісторыя Стварэнне Ініцыятыва стварэння таварыства належала групе беларускіх актывістаў, якія 27 кастрычніка 1926 года звярнуліся да грамадскасці з заклікам аб’яднаць высілкі дзеля арганізацыі беларускага народнага тэатра ў Латвіі. У ініцыятыўную групу ўваходзілі Кастусь Езавітаў, Уладзімір Пігулеўскі, Парфіры Жэрдзі, Ян Шчорс, Мікалай Дзямідаў, Пятро Масальскі, Алесь Махноўскі і іншыя дзеячы. Яны лічылі, што афіцыйная рэгістрацыя арганізацыі дазволіць атрымліваць грашовую падтрымку з боку латвійскай дзяржавы.

Асновай для ўзнікнення ТБТЛ сталі ўжо існуючыя ініцыятывы: 1-я і 2-я беларускія драматычныя дружыны пад кіраўніцтвам Ігната Дварчаніна і Язэпа Камаржынскага, драматычныя гурткі пры Дзвінскай і Люцынскай дзяржаўных гімназіях, а таксама таварыствы «Рунь» і «Беларуская хата».

5 сакавіка 1927 года Міністэрства асветы Латвіі прызнала таварыства адзінай тэатральнай арганізацыяй беларускай меншасці, якая мела права атрымліваць датацыі ад Культурнага фонду. 25 сакавіка 1927 года Рыжскі акруговы суд афіцыйна зацвердзіў статут «Таварыства беларускага тэатра ў Латвіі» (). 31 сакавіка таго ж года ў Рызе адбыўся ўстаноўчы сход арганізацыі, які вырашыў стварыць стацыянарны Беларускі народны тэатр у сталіцы, вандроўны тэатр і адкрыць драматычныя курсы для настаўнікаў. У склад першай управы ўвайшлі: Вольга Бароўская-Пігулеўская (старшыня), К. Езавітаў (намеснік старшыні), Ніна Пінская (сакратар), Язэп Клагіш (скарбнік) і М. Дзямідаў. Абранне Бароўскай-Пігулеўскай старшынёй было невыпадковым, бо яна, як выпускніца Маскоўскай кансерваторыі, мела прафесійную тэатральную і музычную падрыхтоўку.

Дзейнасць 23 жніўня 1927 года кіраўніцтва ТБТЛ зацвердзіла план пастаяннай дзейнасці, які прадугледжваў стварэнне сталых драматычных труп у Рызе, Дзвінску і Люцыне, а таксама арганізацыю рэгулярных выступаў у вёсках Латгаліі. Восенню таго ж года былі адкрыты драматычныя студыі ў Рызе і Дзвінску. Дзякуючы актыўнай працы таварыства, у 1928 годзе пачалі выступаць рыжская і дзвінская тэатральныя трупы.

Асноўнай крыніцай утрымання арганізацыі з’яўляліся дзяржаўныя датацыі, а таксама членскія ўзносы і прыбыткі ад спектакляў. Фінансавую дапамогу ТБТЛ аказвалі Латвійскі культурны фонд і Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі. Так, у тэатральным сезоне 1931/1932 гадоў бюджэт таварыства складаў 6350 латаў, з якіх 4500 латаў выдзеліла міністэрства.

Рэпертуар складаўся пераважна з твораў беларускіх класікаў. Таварыства рэкамендавала і ставіла п’есы Каруся Каганца, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіслава Галубка, Міхася Чарота, Францішка Аляхновіча і Янкі Купалы. Спецыяльныя інсцэніроўкі для тэатраў рабілі Уладзімір Пігулеўскі і Язэп Камаржынскі.

У 1931 годзе таварыства паставіла 10 спектакляў, у тым ліку 3 прэм’еры. Для павышэння акцёрскага майстэрства 30 мая 1931 года пры ТБТЛ была створана драматычная студыя. ТБТЛ актыўна запрашала да супрацоўніцтва артыстаў і рэжысёраў з латышскіх і рускіх тэатраў, а ў кастрычніку 1932 года для эканоміі сродкаў дамовілася аб сумеснай арэндзе памяшкання з Яўрэйскім рабочым тэатрам.

Таварыства арганізоўвала драматычныя гурткі амаль ва ўсіх беларускіх навучальных установах, дзе рэгулярна праводзіліся вечарыны з дакладамі і спектаклямі. 12 снежня 1932 года сумесна з Таварыствам беларускай моладзі ў Латвіі было шырока адзначана 50-годдзе Янкі Купалы пастаноўкай яго п’есы «Раскіданае гняздо». 11 лютага 1933 года разам з вучнямі Рыжскай беларускай вячэрняй школы быў наладжаны спектакль «Паўлінка».

Ліквідацыя Пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года, здзейсненага Карлісам Улманісам, пачаўся ўціск нацыянальных меншасцей. Культурна-асветніцкая дзейнасць беларусаў пачала імкліва затухаць. Дзяржаўная фінансавая падтрымка была спынена.

Спрабуючы прыстасавацца да ўмоў аўтарытарнай дыктатуры, 26 кастрычніка 1935 года Вольга Бароўская-Пігулеўская склала з сябе абавязкі старшыні. Новым кіраўніком ТБТЛ быў абраны Мікалай Дзямідаў, які лічыўся найбольш лаяльным да новых латвійскіх ўлад. Нягледзячы на гэта, на хвалі дэлегалізацыі нелатышскіх грамадскіх арганізацый, 25 студзеня 1936 года Таварыства беларускага тэатра ў Латвіі было афіцыйна ліквідавана. Фармальнай прычынай закрыцця ўлады назвалі прысутнасць у яго шэрагах «нядобранадзейных асоб», да якіх паліцыя залічыла Уладзіміра Гусарэвіча і Мечыслава Слосмана.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Латвіі Катэгорыя:Арганізацыі Рыгі Катэгорыя:З’явіліся ў 1927 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1936 годзе