Ге́нрык Мінке́віч (; 19 студзеня 1880, Сувалкі, Царства Польскае — 9 красавіка 1940, Катынь, РСФСР, СССР) — польскі ваенны дзеяч, удзельнік Першай сусветнай і польска-савецкай вайны, генерал дывізіі Войска Польскага, першы камандзір Корпуса аховы памежжа (1924—1929).
Біяграфія Генрык Мінкевіч нарадзіўся 19 студзеня 1880 года ў Сувалках. Належаў да шляхецкай сям’і гербу «Адрованж»: бацька — Казімер Мінкевіч — быў падатковым інспектарам, маці — Караліна Міхалоўская, брат — Рамуальд Мінкевіч — польскі біёлаг.
Пасля сканчэння гімназіі ў Марыямпалі Генрык Мінкевіч паступіў у 1898 г. у Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе вывучаў прыродазнаўчыя навукі, а таксама далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі. Праз чатыры гады пераехаў у Кракаў, дзе ў наступным годзе быў залічаны ў Ягелонскі ўніверсітэт на медычны факультэт, а пасля — на жывапіс у Кракаўскую акадэмію мастацтваў, якую так і не скончыў.
Пасля завяршэння адукацыі стаў займацца палітычнай дзейнасцю: быў сябрам Цэнтральнага камітэту рабочых Польскай сацыялістычнай партыі, дзе пасябраваў з Юзафам Пілсудскім, удзельнічаў у Баявой сацыялістычнай арганізацыі, Саюзе актыўнай барацьбы і стралковым звязе. У 1909 годзе разам з Казімерам Пужакам у Рыме выканаў смяротны прысуд, прызначаны палітычнаму правакатару Эдмунду Тарантовічу. Пасля канфлікту з Юзафам Пілсудскім, выкліканага рознымі поглядамі на дзейнасць стралковага аддзелу «Закапаны», быў выключаны з Саюза актыўнай барацьбы і стралковага звяза.
Падчас Першай сусветнай вайны Генрык Мінкевіч далучыўся да польскіх легіёнаў, атрымаў званне паручніка і камандаванне першай ротай трэцяга пяхотнага палка пад кіраўніцтвам капітана Юзафа Галера. У ходзе службы быў павышаны да падпалкоўніка і камандзіра брыгады таго ж палка. 6 ліпеня 1916 г. у бітве пад Касцюхноўкай быў паранены і ўзяты ў палон рускімі войскамі, адкуль у наступным годзе збег. У ліпені 1917 года Генрыка Мінкевіча прынялі на службу ў польскія ўзброеныя сілы і 13 жніўня таго ж года пяхотны генерал Ганс Гартвіг фон Безелер павысіў яго да палкоўніка, што дазволіла Мінкевічу стаць камандзірам першай пяхотнай брыгады і камендантам Варшаўскага гарнізону. Па сканчэнні вайны камандаваў раззбраеннем частак германскай імперскай арміі і заняццем важных аб’ектаў жаўнерамі Польскага сацыялістычнага звязу, потым быў прызначаны намеснікам камандзіра вайсковай акругі «Пшэмысль».
У 1918—1920 гадах служыў на ўсходнім фронце. Як камандзір аперацыйных злучэнняў браў удзел у польска-ўкраінскай вайне, а пазней, знаходзячыся на чале другой пяхотнай дывізіі легіёнаў, ваяваў з чырвонаармейцамі падчас польска-савецкай вайны. 1 мая 1920 года адбылося павышэнне ў званні колішняга палкоўніка да генерала падпаручніка ў звязку афіцэраў былых польскіх легіёнаў. Прыняў удзел у варшаўскай бітве, а ад 25 ліпеня быў намеснікам вайсковага губернатара Варшавы і камандзіра першай арміі генерала Францішака Лацініка. 8 ліпеня 1921 г. узяў камандаванне чацвёртай пяхотнай дывізяй ва Улацлаваку. 1 мая 1922 г. Генрык Мінкевіч быў узведзены на пасаду намесніка камандзіра Акругі корпуса №5 у Кракаве, а 30 жніўня наступнага года — на аналагічную пасаду ў першым варшаўскім корпусе, у сувязі з чым неўзабаве атрымаў званне брыгаднага генерала са старшынствам з 1 чэрвеня 1919 г. і 33 нумарам у адпаведным корусе.
1 верасня 1924 г. быў звольнены з пасады намесніка камандзіра акругі корпуса і прадстаўлены ў распараджэнне Міністэрства ўнутраных справаў у якасці камандзіра новаўтворанага Корпуса аховы памежжа, што было афіцыйна зацверджана загадам прэзідэнта Станіслава Вайцяхоўскага ад 16 лютага 1925 годаDziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 14 z 18 lutego 1925 roku, s. 62.. У 1929 годзе быў звольнены па загадзе Юзафа Пілсудскага, нягледзячы на шматлікія арганізацыйныя і камандзірскія дасягненні Генрыка Мінкевіча, а таксама тое, што падчас службы ён атрымаў чарговае павышэнне да генерала дывізіі. Пасля звальнення Генрык Мінкевіч застаўся ў распараджэнні Міністэрства ўнутраных справаў, аднак больш не займаў кіраўнічых пастоў і ў 1934 г. падаў у адстаўку.
Па выхадзе ў адстаўку пражываў у ваеннай асадзе Ямна ў Брэсцкім павеце, дзе і быў арыштаваны савецкімі органамі ўнутраных справаў неўзабаве пасля пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і, нягледзячы на сталы ўзрост і статус адстаўнога афіцэра, быў пасаджаны ў лагер у Казельску, дзе быў афіцэрам найвышэйшага рангу сярод вязнікаў. У сувязі з пачаткам ліквідацыі лагера ў красавіку 1940 года і на падставе чутак пра далейшы лёс арыштаваных выдаў ліст да польскіх жаўнераў у знак пратэсту супраць меркаванай перадачы іх немцам і супраць вымушанага ўтрымлівання ў СССР.
Паводле некалькіх ацалелых дзённікаў вязняў Казельска вынікае, што генералы Герык Мінкевіч, Мечыслаў Смаравінскі і Браніслаў Багатырэвіч, а таксама каля 120 іншых афіцэраў былі вывезены з лагеру 7 красавіка 1940 года. Верагодна, што іх расстрэл адбыўся праз два дні, таму што генерал быў у адным лісце адпраўкі разам з Адамам Солскім, які вёў дзённік з апісаннем таго дня, калі іх вывезлі ў лес і даглядзелі. Цела Генрыка Мінкевіча не было апазнана сярод пахаваных на Польскім ваенным могільніку ў Катыні, у адрозенні ад парэшткаў генералаў Багатырэвіча і Смаравінскага.
Узнагароды Ордэн воінскай доблесці (нумар 3960) — атрымаў у 1921 годзе Ордэн адраджэння Польшчы — атрымаў 10 лістапада 1927 года «за надзвычай плённую дзейнасць на полі ўзмацнення дзяржаўнасці Польшчы на памежжы» Крыж незалежнасці Крыж Храбрых (чатырохкратна)
Памяць Ад 20 студзеня 1992 года падляшскі аддзел памежнай службы ў Беластоку называецца ў гонар «генерала дывізіі Генрыка Мінкевіча»Podlaski Oddział Straży Granicznej - Historia. Пастановай № 112-48-07 Прэзідэнта Польскай Рэспублікі Леха Качыньскага ад 5 кастрычніка 2007 года Генрыку Мінкевічу пасмяротна прысвоена званне генерала. Узнагароджанне прайшло 9 лістапада ў Варшаве падчас мерапрыемства «Памятаем Катынь — святкуем подзвігі герояў»Monitor Polski, nr 85 z 16 listopada 2007, poz. 885. 15 жніўня 2014 года, у гонар 94-годдзя варшаўскай бітвы на вайсковых могілках у Асаўцы была адчынена шыльда з пералічэннем камандзіраў польскіх аддзяленняў, якія ўдзельнічалі ў бітвах і былі забіты ў Катыні. На шыльдзе сярод іншых камандзіраў было змешчана імя Генрыка МінкевічаOdsłonięcie w Ossowie popiersi gen. Andrzeja Błasika i abp. Mirona Chodakowskiego.
Зноскі
Літаратура
Катэгорыя:Корпус аховы памежжа Катэгорыя:Генералы Польскай Рэспублікі (1918—1939)